Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

23 Чэр 2026

Марш-парад духавых аркестраў і "Ода міру". Як адкрыўся ХІІІ "Славянскі базар"

Марш-парад духавых аркестраў і

23 чэрвеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Да ХХХV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" засталося 23 дні. БЕЛТА прапануе акунуцца ў рэтраспектыву: штодзённа ў архіўных матэрыялах расказваем пра самыя яркія моманты мерапрыемства па гадах. Сёння - пра фестываль 2004 года.

ХІІІ Фестываль мастацтваў "Славянскі базар", які праходзіў з 14 па 22 чэрвеня, сустрэў гасцей з 27 краін свету, і першы раз з Даніі. Для іх расчыніў свае дзверы новы гасцінічны комплекс "Лучоса".

Сучасны выгляд атрымаў Летні амфітэатр. Паводле задумы сцэнографа Зіновія Марголіна, на сцэне былі задзейнічаны тэлеэкраны агульнай плошчай каля 80 кв.м.

У 2004 годзе фестываль быў прымеркаваны да знамянальнай даты - 60-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і значная частка праграмы была прысвечана ваенна-патрыятычнай тэматыцы. Упершыню па цэнтральных вуліцах Віцебска прайшоў Міжнародны марш-парад духавых аркестраў. Гала-канцэрт урачыстага адкрыцця фестывалю атрымаў назву "Ода міру".

Па традыцыі ўдзельнікаў і гасцей прывітаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, які падкрэсліў, што тэма міру блізкая і зразумелая людзям усёй планеты, усюды гучаць музыка і песні ваенных гадоў, і галоўнае, што іх любіць і спявае моладзь. Кіраўнік дзяржавы адзначыў нязменную каштоўнасць фестывалю, які з'яўляецца сімвалам мірнай супольнасці славянскіх краін. Аляксандр Лукашэнка ўручыў прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва народнай артыстцы СССР, кампазітару Аляксандры Пахмутавай і народнаму мастаку СССР Валянціну Сідараву.

Другі год запар у час фестывалю праходзіў Дзень Саюзнай дзяржавы. Кіраўніцтва Пастаяннага камітэта СД сустрэлася з удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны.

У рамках Дня культуры Расіі на фестывалі адбылося падпісанне дагавора аб правядзенні ў нашай краіне Года культуры Расіі. Гэта была акцыя ў адказ. У 2004 годзе ў Расіі праходзіў Год культуры Беларусі, прымеркаваны да 60-годдзя вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Гала-канцэрт майстроў мастацтваў Беларусі быў прысвечаны 30-годдзю вядомага беларускага ансамбля "Сябры", у якім прынялі ўдзел Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Г.І.Цітовіча і інш. А ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа прайшоў вечар-прэзентацыя "Творчая спадчына народнага артыста СССР Уладзіміра Мулявіна", дзе гледачы азнаёміліся з нотным альбомам "У. Мулявін. Беларусь - мая песня", куды ўвайшлі вядомыя песні заснавальніка і нязменнага лідара "Песняроў", кнігай "Нота лёсу", складзенай з успамінаў і інтэрв'ю розных гадоў, убачылі дакументальны фільм "Гучанне жыцця".

Канцэрт "Віцебск - мой горад родны" быў прысвечаны народнаму артысту СССР, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі СССР, кампазітару Марку Фрадкіну, які нарадзіўся ў Віцебску. У 2004 годзе яму споўнілася б 90 гадоў. Ён часта бываў у родным горадзе, выступаў з канцэртамі, у 1988 годзе ў час адкрыцця Летняга амфітэатра будаўнікі ўручылі яму сімвалічны ключ ад галоўнай сцэнічнай пляцоўкі фестывалю.

У ХІІІ Міжнародным конкурсе маладых выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2004" прынялі ўдзел 22 маладыя спевакі з 19 краін. Міжнароднае журы ўзначаліў генеральны сакратар Міжнароднай федэрацыі фестывальных арганізацый (ФІДОФ) Марыа Марэна. Таксама выканаўцаў ацэньвалі трое ўладальнікаў Гран-пры конкурсаў мінулых гадоў: Філіп Жмахер, Рафаэль і Таісія Павалій. Галоўную ўзнагароду і прэмію "Залатая ліра" заваяваў беларускі спявак Пётр Ялфімаў. У сувязі з бліскучай перамогай Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў яму віншавальную тэлеграму: "За цябе балела ўся Беларусь. Дзякуй табе за гэты творчы ўзлёт. Мы ганарымся табой і верым, што гэта перамога стане прыступкай да новых дасягненняў".

Удзельнікамі ІІ Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу сталі 18 юных артыстаў з 16 краін. Гран-пры журы аддала 11-гадоваму Раману Грачушнікаву з Расіі, які а капэла выканаў песню "Конь".

У 2004 годзе на фестывалі сваё 1030-годдзе адзначыў Віцебск. Гледачы назвалі лепшым канцэрт-феерыю "Закаханыя над горадам", прысвечаны гораду.

У Летнім амфітэатры адбыліся шэсць сольных канцэртаў зорак расійскай эстрады. На вялікім экране, устаноўленым на плошчы Свабоды, ішла прамая трансляцыя.

Да "Славянскага базару - 2004" Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі выпусціла спецыяльны памятны штэмпель з фіксаванай датай. На ім - ліра і васілёк - сімвалы фестывалю.

Дэбютаваў у фестывальныя дні Міжнародны маладзёжны форум, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі арганізацый з Арменіі, Беларусі, Латвіі, Малдовы, Узбекістана, Украіны, Расіі. Да сустрэчы ў Віцебску яны наведалі Гродна, Гомель, Брэст.

На плошчы 1000-годдзя Віцебска адбыўся другі рэспубліканскі конкурс званароў. У фінале прызнаныя майстры перазвону арганізавалі паказальныя выступленні.

У 2004 годзе госці "Славянскага базару" змаглі набыць не толькі вырабы рамеснікаў у "Горадзе майстроў", але і прадукцыю 50 прадпрыемстваў Расіі і Беларусі на V Міжнароднай выставе-кірмашы "Славянскі калейдаскоп". На вуліцы Маякоўскага побач з дырэкцыяй фестывалю прайшло тэатралізаванае адкрыццё сквера з лаўкамі, клумбамі, падсветкамі і фантанам, стылізаваным пад даўніну.

Гала-канцэрт урачыстага закрыцця фестывалю прайшоў пры поўным аншлагу. Яго завяршыў святочны салют, які ўпрыгожваў неба над Віцебскам больш за 20 мінут.

У 2004 годзе "Славянскі базар" пашырыў свае межы. "Прывітанне, фестываль" - так называлася канцэртная праграма ўдзельнікаў форуму, якая прайшла ў Мінску ў Палацы Рэспублікі. Таксама выступленні былі арганізаваны ў Гродне, Брэсце, Гомелі з праграмай "Фестывальная мазаіка".

Асноўныя мерапрыемствы ХХХV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдуць з 16 па 19 ліпеня, а  першыя канцэрты адбудуцца 14 ліпеня.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі