17 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку на сустрэчы з ідэалагічным актывам, гістарычнай і экспертнай супольнасцю, прысвечанай Дню народнага адзінства, прапанавалі стварыць у краіне музей і мемарыял польскай палітыкі этнацыду, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У час мерапрыемства адзін з яго ўдзельнікаў звярнуўся да кіраўніка дзяржавы з дзвюма ініцыятывамі, якія датычыліся этнацыду беларускага народа. Старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар Марзалюк прапанаваў стварыць на месцы канцлагера "Бяроза-Картузская" музей нацыянальнага маштабу аб польскай акупацыі і аб нацыянальна-вызваленчым руху. Ён таксама выказаў ідэю аб стварэнні мемарыяла аналагічнага "Хатыні" на месцы адной з вёсак, знішчаных на захадзе Беларусі пад выглядам умацавання "польскасці". На думку дэпутата, гэта стала б бачным сведчаннем таго, якія ахвяры прынеслі беларусы дзеля нацыянальнага адзінства. "Вось гэта якраз выклікае эмпатыю на ўзроўні дзіцяці, дарослага. Тым больш што такіх сямейных гісторый у заходніх беларусаў, якія абаранялі БССР, сваю краіну, вельмі шмат", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што рашэнне па абедзвюх прапановах павінна быць узважаным, вывераным і своечасовым. Прэзідэнт, паводле яго слоў, разважаў аб гэтым апошнім часам, глядзеў тэматычныя сюжэты па тэлеканалах і дапускае, што ў "Бярозе-Картузскай" можа з'явіцца музей, але толькі пры ўмове, што ёсць абсалютная ўпэўненасць, наспелая неабходнасць у яго стварэнні. "Каб мы абстаноўку не распалілі гэтым. Гэта вельмі важна", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
У сувязі з гэтым у дыялог уступіў старшыня праўлення РДГА "Беларускае таварыства "Веды" Вадзім Гігін. Ён згадаў пра вельмі праніклівы мітынг, які нядаўна прайшоў на месцы канцлагера "Бяроза-Картузская", і сказаў, што, на яго думку, грамадскі запыт на стварэнне там музея сфарміраваўся.
"Вадзім, можа, на гэтым пакуль і спыніцца (на правядзенні такіх памятных мерапрыемстваў, як мітынг. - Заўвага БЕЛТА). Я не хачу нават даць нейкую прычыну (заходнім суседзям для абвастрэння сітуацыі. - Заўвага БЕЛТА), - сказаў Прэзідэнт. - Калі мы цяпер, як яны, пачнём нагнятаць абстаноўку, мы толькі працэс падштурхнём".
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што абедзве ініцыятывы патрабуюць дадатковага асэнсавання і наяўнасці вычарпальных дакументальных матэрыялаў. "Трэба падумаць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Тым больш, што гісторыя пытання польскага этнацыду яшчэ не вельмі вывучана і, магчыма, устаноўлены яшчэ не ўсе факты. Як, напрыклад, у выпадку з Хатынню, калі з часам высветлілася, што спаленых вёсак было значна больш, чым увекавечана ў самім мемарыяльным комплексе.