У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Прэс-цэнтр
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

6 Врс 2019

Лукашэнка падарыў жыхарам Брэста ўнікальны экзэмпляр Бібліі

Лукашэнка падарыў жыхарам Брэста ўнікальны экзэмпляр Бібліі

6 верасня, Брэст /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным святкаванню 1000-годдзя Брэста, падарыў жыхарам горада ўнікальны экзэмпляр Брэсцкай, або так званай Радзівілаўскай Бібліі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У Год малой радзімы гэта вечна жывая кніга вяртаецца дадому. Нашы продкі лічылі, што горад, у якім выдавалася Біблія, знаходзіцца пад асобай аховай нябёс. Яго ніколі не змогуць знішчыць ні час, ні людзі. Падносячы вам гэты дар, я помню, што гэта стала магчымым дзякуючы вашым прадпрымальнікам, якія за ўласныя грошы набылі і прывезлі на радзіму гэты вялікі падарунак", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Падарунак ад імя ўсіх брастаўчан прынялі дырэктар музея гісторыі Брэста Святлана Тамчук і ганаровы грамадзянін горада Мікалай Кузьміч.

Такая Біблія з'яўляецца найбольш каштоўным выданнем, надрукаваным у 1563 годзе ў Брэсце ў першай друкарні на тэрыторыі сучаснай Беларусі па ініцыятыве і на сродкі Мікалая Радзівіла Чорнага, старасты брэсцкага. Яна лічыцца самым вялікім па аб'ёме друкаваным выданнем ХVI-ХVIII стагоддзяў Вялікага Княства Літоўскага, паліграфічным шэдэўрам эпохі Рэнесансу. Па сваёй інфармацыйнай і ідэалагічнай значнасці яе можна паставіць у адзін рад з такімі ўнікальнымі і знакавымі для Беларусі выданнямі ХVI стагоддзя, як Біблія Францыска Скарыны і Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года. Гэта складанае і манументальнае выданне - вынік шматгадовай работы групы перакладчыкаў і вопытных друкароў і гравёраў.

Спецыялісты мяркуюць, што тыраж гэтай унікальнай кнігі не перасягаў 500 экзэмпляраў. Пасля смерці Мікалая Радзівіла Чорнага яго сын, Юрый (Ежы) Радзівіл, заўзяты католік, загадаў сабраць пратэстанцкія брэсцкія выданні бацькі і спаліць іх. У гэтым полымі загінула і вялікая частка тыражу Брэсцкай Бібліі. Тыя ж выданні, якія былі прададзены ўжо і знаходзіліся ў прыватных руках, зведалі своеасаблівую экзекуцыю. Улічваючы, што кошт такога выдання складаў неймаверную суму, яго ўладальнікі не адважваліся аддаваць кнігу агню і проста вырывалі з яе лісты, якія дазвалялі вызначыць і датаваць кнігу.

Унікальнасць падоранага экзэмпляра ў тым, што ў ім захаваліся два гравіраваныя тытульныя лісты для Старога і Новага запаветаў, што з'яўляецца вельмі рэдкай з'явай. Асаблівую гістарычную і мастацкую каштоўнасць кнізе таксама надае тое, што яна ўпрыгожана шматлікімі гравюрамі, вялікімі літарамі - ініцыяламі, застаўкамі, канцоўкамі, віньеткамі.

Ад жыхароў Брэста Аляксандру Лукашэнку ўручылі памятны падарунак - мастацкую кампазіцыю ў выглядзе хрустальнай вазы з валошкамі. Вобраз твора ўзыходзіць да кветкавых арнаментальных матываў Слуцкіх паясоў і паэтычнага матыву Максіма Багдановіча, які называе валошку "Кветкай Радзімы". Хрустальная ваза выканана ў ручной тэхніцы з гравіроўкай.

 

 

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс
Еўрапейскія гульні-2019 у Мінску