Еўрапейскія гульні-2019 у Мінску
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Свята Купалле
Прэс-цэнтр
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

11 Жнв 2018

Лукашэнка на палях пад Александрыяй выпрабаваў беларускі суперкамбайн

11 жніўня, Шклоўскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на палях ААТ "Александрыйскае" выпрабаваў беларускі збожжаўборачны камбайн "Палессе GS2124", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аб намеры паназіраць за работай гэтай тэхнікі ў палявых умовах кіраўнік дзяржавы заявіў напярэдадні, наведваючы "Гомсельмаш", дзе яму і быў прадэманстраваны камбайн.

"Гэта камбайны для тых гаспадарак, якія навучыліся рыхтаваць глебу. Калі крыху няроўнасць - усё, ён плыве, ловіць гэтыя няроўнасці, таму што жняярка аўтаматычна рэгулюецца. Таму патрэбны самыя высокія тэхналогіі па рабоце з глебай. Але трэба дапрацаваць, гэта сапраўды камбайн будучага", - вынес свой вердыкт Прэзідэнт. Асаблівую ўвагу ён звярнуў на неабходнасць большай лакалізацыі пры вытворчасці тэхнікі і навучанне механізатараў.

Аляксандр Лукашэнка таксама азнаёміўся з работай іншых навінак "Гомсельмаша" - камбайнаў GS3219 і GS19R.

Прэзідэнт падкрэсліў, што прадпрыемствы павінны беражліва выкарыстоўваць набытую тэхніку. Для гэтага камбайнераў і механізатараў трэба адпраўляць на прадпрыемствы, каб яны ведалі, як ствараюцца гэтыя машыны. "Яны ўжо, закрыўшы вочы, будуць уяўляць, што за гэтай абшыўкай знаходзіцца. Гэта вельмі важная рэч, - падкрэсліў ён. - Таму трэба хаця б вялікія гаспадаркі, якія робяць пагоду ў краіне, за зіму "прапусціць праз канвеер". Гэта невялікія затраты. Гэтак жа на МТЗ трэба, на МАЗе".

Кіраўніку дзяржавы прапанавалі развіваць пераемнасць сярод камбайнераў. Раней, напрыклад, існавала практыка, калі яны бралі сваіх дзяцей на збожжаўборачныя работы, аднак пасля некалькіх трагічных выпадкаў ад такога фармату работы адмовіліся. Аляксандр Лукашэнка даручыў прапрацаваць гэтыя пытанні, каб актыўней развівалася пераемнасць сярод работнікаў сельскагаспадарчага комплексу і ў той жа час дакладна выконваліся правілы бяспекі. "Уносьце прапановы, каб мы з 1 студзеня запусцілі гэты працэс", - даручыў ён.

Прэзідэнт таксама пацікавіўся работай ААТ "Александрыйскае", яго гаспадарчай дзейнасцю, вытворчымі і фінансавымі паказчыкамі.

Як далажылі Аляксандру Лукашэнку, работу прадпрыемства ў цэлым можна ахарактарызаваць станоўча, аднак на яе сур'ёзна ўплывае вялікая крэдытная нагрузка. "Трэба на яго прыкладзе выпрацаваць нейкую схему, нейкі парадак пагашэння крэдытаў для такіх гаспадарак, каб яны маглі спакойна жыць, працаваць, развівацца і пагашаць крэдыты", - даручыў кіраўнік дзяржавы.

Яго таксама праінфармавалі аб ходзе ўборачных работ у іншых сельскагаспадарчых арганізацыях Шклоўскага раёна і ўсёй Магілёўскай вобласці. Асобная ўвага была ўдзелена адстаючым прадпрыемствам, удасканаленню іх дзейнасці.

Акрамя таго, Прэзідэнт абмеркаваў са спецыялістамі асаблівасці работы аграхолдынга "Купалаўскае", магчымыя варыянты рэарганізацыі вытворчасці.

Збожжаўборачны камбайн GS2124 створаны на базе мадэлі КЗС-1624 і атрымаў шэраг высокатэхналагічных навацый, напрыклад, магчымасць кіравання па спадарожніку або па сігнале ад станцыі навядзення на Зямлі. Акрамя таго, камбайн абсталяваны сістэмай дакладнага земляробства, якая вызначае колькасць ураджаю, сабранага з пэўнага сегмента, а затым фарміруе карту ўраджайнасці поля. Сістэма дыстанцыйнага маніторынгу дае магчымасць, у прыватнасці, адпраўляць аварыйнае паведамленне ў цэнтр сэрвіснага абслугоўвання. Дзякуючы сістэме відэаагляду значна лепш можна кантраляваць зону выгрузкі збожжа. Устаноўленая сістэма соламасепаратора дае магчымасць працаваць на павышаных скорасцях - да 6-8 км/гадз. (пры стандартных 3-3,5 км/гадз.).

Беларускі камбайн не ўступае свайму замежнаму аналагу ў самай дарагой камплектацыі Lexion 770.

Цяпер тры доследныя ўзоры GS2124 праходзяць выпрабаванне на палях Беларусі, у тым ліку ў ААТ "Александрыйскае".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс