Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

3 Кст 2017

"Лістапад-2017" адкрые карціна "Арытмія" Барыса Хлебнікава

"Лістапад-2017" адкрые карціна "Арытмія" Барыса Хлебнікава3 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Конкурсную праграму XXIV Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад" адкрые адна з самых адметных карцін года - "Арытмія" Барыса Хлебнікава, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе кінафестывалю.

Прэм'ерны паказ фільма адбудзецца на цырымоніі адкрыцця 3 лістапада ў кінатэатры "Масква".

"Арытмія" - гэта вытворчая драма аб работніках хуткай дапамогі, сямейная меладрама і захапляючы экскурс у паўсядзённасць, дзе хапае месца сарказму, гумару і пяшчоце. Алег - таленавіты ўрач, працуе на хуткай дапамозе, якая імчыцца ад пацыента да пацыента. Алег ведае, што яго прыезд можа змяніць усё. Кожны яго поспех робіць свет лепшым. Самае важнае там, дзе ён спрабуе зрабіць немагчымае. А астатняе можа пачакаць: сям'я, кар'ера, сваё жыццё. Што з ім здарылася? Пакуль Алег ратаваў іншых, жонка ў адчаі вырашыла падаць на развод, а ў бальніцы з'явіўся новы начальнік, які дбае толькі пра статыстыку і правілы. А Алег усё спяшаецца з выкліку на выклік, імчыцца, каб усё змяніць. І хто ведае, якая задача больш лёгкая: ратаваць іншых ці выратаваць сябе?

Фільм фармальна і змястоўна блізкі да моднай "румынскай хвалі". Пры гэтым карціна падобная да "сумных камедый" савецкай эпохі, у якіх пачуцці пратэсту замяняла спачувальная і ўсёдаравальная ўсмешка.

Над сцэнарыем "Арытміі" Хлебнікаў працаваў разам з вучаніцай Марыны Разбежкінай Наталляй Мешчанінавай, якая прыйшла ў ігравое кіно з дакументалістыкі. Як і "Камбінат "Надзея" - ігравы дэбют Мешчанінавай - "Арытмія" праўдзіва адлюстроўвае жыццё, у якім няма адназначна дрэнных і добрых персанажаў. Галоўную ролю ў карціне выканаў пастаянны акцёр Хлебнікава Аляксандр Яцэнка. Пасля чатырох месяцаў кастынгу рэжысёр спыніў свой выбар на ім, зразумеўшы, што "ніхто іншы гэта проста не зможа сыграць". Рашэнне аказалася правільным: акцёра адзначылі ўзнагародамі і на "Кінатаўры", і ў Карлавых Варах. Карціна атрымала водгук не толькі ў журы: у Сочы, дзе "Арытмія" заваявала Гран-пры, яна таксама атрымала прыз глядацкіх сімпатый, набраўшы рэкордныя 9,1 бала ў галасаванні.

Барыс Хлебнікаў - адзін з лідараў рэжысёрскага пакалення "новых ціхіх", намінант і лаўрэат прэстыжных расійскіх кінапрэмій "Белы слон" і "Ніка". Яго рэжысёрскі дэбют "Кактэбель" (у суаўтарстве з Аляксеем Папагрэбскім) удастоіўся спецыяльнага прыза журы і прыза FIPRESCI на Маскоўскім МКФ у 2003 годзе і быў прадстаўлены ў конкурсе Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад". У 2006 годзе за фільм "Свабоднае плаванне" Барыс Хлебнікаў атрымаў прыз за лепшую рэжысуру на Адкрытым фестывалі расійскага кіно "Кінатаўр". У 2012-м яго "Доўгае шчаслівае жыццё" трапіла ў асноўны конкурс Берлінскага МКФ.

XXIV Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" пройдзе з 3 па 10 лістапада пад слоганам "Ісціна, любоў і прыгажосць". Па традыцыі пляцоўкай цырымоній адкрыцця і закрыцця фестывалю стане кінатэатр "Масква". Заснавальнікі "Лістапада" - Міністэрства культуры Беларусі, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт пры ўдзеле Белтэлерадыёкампаніі, Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", Беларускага саюза кінематаграфістаў. Арганізатарам выступае Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў "АРТ Карпарэйшн".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі