30 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Фільм "Ліст чакання" рэжысёра Аляксандра Яфрэмава прызнаны лепшым ігравым фільмам па выніках IX Рэспубліканскага фестывалю беларускіх фільмаў, які праходзіў у Брэсце з 25 па 29 верасня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве культуры.
Праграма фестывалю ўключала пяць асобных конкурсных праграм: ігравыя, неігравыя, тэлевізійныя, анімацыйныя і студэнцкія фільмы. Упершыню работы ацэньваліся не адзіным складам журы, а асобнымі экспертнымі групамі для кожнага напрамку. У журы ўвайшлі не толькі беларускія спецыялісты, але і вядомыя кінематаграфісты іншых дзяржаў.
У конкурсе ігравых фільмаў, акрамя прыза за лепшы ігравы фільм, былі ўручаны і іншыя ўзнагароды. Прыз глядацкіх сімпатый атрымаў фільм "Класная" рэжысёра Кірыла Халецкага, прыз "За лепшы сцэнарый" - Валянцін Залужны ("Ліст чакання"), "За лепшую рэжысуру" - Аляксандр Яфрэмаў ("Ліст чакання"), "За лепшую аператарскую работу імя Юрыя Марухіна" - Канстанцін Эсадзэ ("Чорны замак").
Прыза "За лепшы дэбют у кінарэжысуры імя Віктара Турава" ўдастоены Кірыл Халецкі ("Кіношнікі"). Лепшую жаночую ролю, паводле версіі журы, сыграла Ірына Мароз ("Класная"), лепшую мужчынскую - Яўген Стычкін ("Чорны замак").
Лепшым неігравым прызнаны фільм "Надзя, наперад" Настассі Муляровай. А лепшым анімацыйным - кінадылогія "Мемарыяльныя комплексы Беларусі", "Мемарыяльныя комплексы Беларусі - 2" (рэжысёры Канстанцін Андрушачкін, Аляксандр Ленкін, Таццяна Кубліцкая, Наталля Касцючэнка, Ірына Тарасава, Юлія Пінцак).
Прыз за лепшы тэлевізійны фільм (тэлесерыял) атрымала работа "Рэспубліка з зорачкай: Час перамагаць" (рэжысёр Вікторыя Альшэўская), за лепшую студэнцкую работу - фільм "Aranarium. Павукарыум" рэжысёра Васіля Піменава.
У час цырымоніі закрыцця фестывалю, якая прайшла ў кінатэатры "Беларусь" Брэста, міністр культуры Руслан Чарнецкі звярнуў увагу, што пасля доўгай паўзы, праз 13 гадоў фестываль нацыянальных фільмаў вярнуўся. Гэта стала святам для ўсёй краіны, для ўсіх кінематаграфістаў Беларусі.
Міністр таксама заўважыў, што другое стагоддзе беларускага кіно пачалося з яскравых прэм'ер. Беларускія кінематаграфісты ў бягучым годзе радуюць па ўсіх напрамках: і ў анімацыі, і ў дакументальным кіно, і ў ігравым.