Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

25 Врс 2015

Краўцоў: Залессе можа стаць адным з самых прывабных турыстычных брэндаў Беларусі

25 верасня, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Залессе мае ўсе шанцы стаць адным з самых прывабных турыстычных брэндаў Беларусі. Такое меркаванне 25 верасня, прымаючы ўдзел у юбілейных урачыстасцях з нагоды 250-годдзя з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага ў сядзібе Залессе Смаргонскага раёна, выказаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, паведамляе БЕЛТА.

Сядзіба Агінскага заўсёды была цэнтрам прыцягнення творчых людзей. У Залессе, дзе Агінскі стварыў шэраг сваіх цудоўных твораў, прыязджае нямала турыстаў, сказаў губернатар. "Год таму мы аднавілі сядзібу, яна пачала жыць новым жыццём. Тут праходзяць канцэрты класічнай музыкі, фестывалі, артыстычныя сустрэчы. Невыпадкова менавіта тут сёння знаходзіцца цэнтр юбілейных мерапрыемстваў да 250-годдзя вядомага дзеяча, дыпламата і кампазітара", - растлумачыў ён.

Уладзімір Краўцоў падкрэсліў, што ў вобласці адроджаны многія храмы, рэстаўрыруюцца будынкі, старадаўнія паркі, якія захоўваюць памяць аб гістарычных фігурах. Штогод тысячы цікаўных людзей з розных куткоў Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі і іншых краін прыязджаюць на Гродзеншчыну, імкнучыся пабываць у мясцінах, звязаных з імёнамі вялікіх людзей, якімі багаты рэгіён. "Асоба Міхала Клеафаса Агінскага стала, сапраўды, агульным здабыткам трох народаў, яго духоўную спадчыну раздзяліць немагчыма. Несумненна адно - Міхал Клеафас Агінскі пусціў карані ў гэту зямлю, ён наш зямляк, і гэтым мы заўсёды будзем ганарыцца", - заўважыў губернатар.

Да ўдзелу ва ўрачыстасцях да 250-годдзя з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага ў музеі-сядзібе ў Залессі запрошаны амаль 50 прадстаўнічых гасцей. У тым ліку ў Смаргонскі раён прыехалі нашчадкі Агінскага па лініі дачкі Амеліі з Познані (Польшча).

Святочныя мерапрыемствы ў сядзібе знакамітага кампазітара і грамадскага дзеяча прадугледжаны на пяць дзён. 23 і 24 верасня тут адбылася міжнародная канферэнцыя "Спадчына М.К.Агінскага ў культуры трох народаў". Гасцям сядзібы 23 верасня прадставілі спектакль Мінскага абласнога драматычнага тэатра "Паланэзы на вяртанне".

У сядзібным парку адкрыліся тры творчыя тэатралізаваныя пляцоўкі. Спецыяльна да юбілею кампазітара прымеркавана адкрыццё музейнай экспазіцыі, якую наведвальнікі ўбачылі ўпершыню пасля рэканструкцыі сядзібы. У ёй некалькі раздзелаў, яе вызначае імкненне дасканала перадаць атмасферу і каларыт эпохі кампазітара. Тут можна не толькі ўбачыць антыкварныя экспанаты: мэблю, музычныя інструменты, посуд, аксесуары, карціны, копіі дакументаў і артэфактаў роду Агінскіх, высокамастацкія муляжы грамат, пячаткі Агінскага, але таксама адчуць прысутнасць кампазітара - у экспазіцыі выкарыстаны галаграфічны сюжэт ад'езду Міхала з сядзібы ў Фларэцыю. Госці сядзібы ўбачаць мемуары Міхала Клеафаса Агінскага на французскай і беларускай мовах. Запланавана канцэртная праграма з удзелам Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.

26 верасня ў сядзібе Агінскага адбудзецца касцюміраваны баль. Яго - згодна з усімі традыцыямі і канонамі арыстакратычнага мерапрыемства - правядуць вопытныя рэканструктары баляў. Як чакаецца, танцаваць на балі будуць каля 60 гасцей. Завершыцца святкаванне юбілею кампазітара 27 верасня канцэртам ансамбля камернай музыкі "Класік - авангард" Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

У сядзібе Залессе вядомы грамадскі дзеяч, дыпламат і кампазітар Міхал Клеафас Агінскі жыў амаль 20 гадоў (з 1802 па 1822 год). Тут ён стварыў свой самы вядомы твор - паланэз "Развітанне з Радзімай".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі