Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

30 Врс 2020

Коласаўскі тэатр адкрые новы сезон прэм'ерай і бенефісам двух акцёраў

Коласаўскі тэатр адкрые новы сезон прэм'ерай і бенефісам двух акцёраў

30 верасня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Сёння на вялікай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа адбудзецца прэм'ера спектакля "Шлюб па-італьянску" паводле п'есы італьянскага драматурга Эдуарда дэ Філіпа "Філумена Мартурана". Першы дзень 95-га тэатральнага сезона таксама аб'яднае ў сабе бенефіс заслужаных артыстаў Беларусі Галіны Букацінай і Георгія Лойкі, паведамілі БЕЛТА ў тэатры.

Трагікамедыя "Шлюб па-італьянску" расказвае пра багатага неапалітанскага прадпрымальніка дона Даменіка Сарыяна. Ён ужо чвэрць стагоддзя жыве пад адным дахам з Філуменай Мартурана, але так і не заключае з ёй шлюб. Здавалася б, у гэтым ужо няма сэнсу, пакуль лавелас Даменіка не вырашае афіцыйна ажаніцца з маладзенькай Дзіянай. "Гэта ідэя становіцца выклікам для Філумены, гатовай змагацца за свой статус і правы. Тым больш у яе на руках моцны козыр: Даменіка - бацька аднаго з трох сыноў Філумены. Вось толькі якога?" - трымаюць інтрыгу ў тэатры.

Рэжысёр заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі Юрый Пахомаў ставіць на сцэне тэатра гісторыю пра тое, як часта блізкія людзі, доўгі час жывучы побач, нічога адзін пра аднаго не ведаюць. Трэба цаніць тое, што маеш, упэўнены рэжысёр. Мастак-пастаноўшчык прэм'ернага спектакля - Валянціна Праўдзіна. Пераклаў п'есу на беларускую мову паэт Алесь Разанаў.

Галоўныя ролі ў пастаноўцы Коласаўскага тэатра выканаюць Георгій Лойка і Галіна Букаціна. Прэм'ерны спектакль будзе для іх бенефісам - сёлета вядучыя артысты адзначылі свае юбілеі. Таксама ў спектаклі заняты заслужаная артыстка Беларусі Тамара Скварцова, артысты Юрась Цвірка, Арцём Блахін, Уладзіслаў Жураўлёў, Цімур Жусупаў, Дар'я Французава, Яўген Бераснеў, Вікторыя Шамардзіна, Вадзім Асвяцінскі, Паліна Крашэўская і Алёна Чыстабаева.

Эдуарда дэ Філіпа напісаў камедыю "Філумена Мартурана" ў 1946 годзе. Пастаноўка мела такі поспех, што акцёры былі запрошаны Папам Рымскім Піем XII на прыватную аўдыенцыю. П'еса і цяпер ставіцца ва ўсім свеце і некалькі разоў была экранізавана.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі