Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

7 Лют 2020

Кніга БЕЛТА "Традыцыі суверэннай Беларусі" прэзентавана на выстаўцы ў Мінску

Кніга БЕЛТА

7 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кніга БЕЛТА "Традыцыі суверэннай Беларусі" прэзентавана на XXVII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Ірына Акуловіч

"Мы сёння прэзентуем кнігу "Традыцыі суверэннай Беларусі", - адзначыла генеральны дырэктар БЕЛТА Ірына Акуловіч. - Сапраўды гэтак жа, як моцная сям'я моцная сваімі традыцыямі, якія ўмацоўваюць і аб'ядноўваюць яе яшчэ больш, гэтак жа моцная сваімі традыцыямі і краіна: Беларусь здолела не толькі захаваць старыя, але і стварыць новыя, самабытныя. Зусім нядаўна мы адзначалі 25-годдзе Канстытуцыі і інстытута прэзідэнцтва. У гонар гэтай знакавай даты ў кнігу ўключана менавіта 25 традыцый, без якіх мы не ўяўляем нашу краіну і па якіх нас ведае свет. А гэту выстаўку таксама ўжо можна назваць нашай добрай традыцыяй, і мы будзем прадаўжаць яе і падтрымліваць".

Кніга выдадзена пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі і змяшчае 400 фатаграфій. У ёй сабраны найбольш значныя і знакавыя падзеі беларускага народнага календара, а таксама ініцыятывы Прэзідэнта, якія сталі традыцыямі. Святкаванне Дня Незалежнасці і Дня Перамогі, Калядны турнір аматараў хакея і "Залатая шайба", "Александрыя збірае сяброў" - гэта толькі нямногія з традыцый, якія яднаюць нацыю, сімвалізуюць сілу народнага адзінства і выклікаюць пачуццё гонару за родную зямлю.

"Чаму 25 традыцый суверэннай Беларусі? 25 гадоў Канстытуцыі. 25 гадоў інстытута прэзідэнцтва. 25 традыцый, якія 100 працэнтаў будуць неадназначна абмяркоўвацца самымі рознымі аўдыторыямі. Людзі, якія будуць аналізаваць і гартаць старонкі кнігі, яшчэ, упэўнены, выкажуць меркаванне аб тым, што тут выклалі аўтары, - падкрэсліў намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі. - І паверце, гэта кніга будзе ўспамінацца яшчэ і праз 100 гадоў".

Фотаальбом БЕЛТА ў час работы кніжнай выстаўкі экспануецца на Нацыянальным стэндзе Беларусі. "Тое, што вы зрабілі ў гэты год, - рэзюмуючыя рэчы гісторыі Беларусі. Сёння на выстаўцы такіх праектаў не так шмат, але яны пачалі з'яўляцца. Я дазволю сабе ўспомніць аўтарскі дзень, які быў учора. Хочацца назваць Ігара Марзалюка, Івана Антановіча, Вячаслава Бандарэнку, тых людзей, якія ўжо сёння выклікаюць пэўны рэзананс у пытаннях, звязаных з аналізам гістарычных падзей і фактараў. Гэта кніга, паверце, крыху па-іншаму, візуалізавана падае гісторыю, якую, магчыма, іншыя хацелі б падаць інакш", - прадоўжыў Ігар Бузоўскі.

"Кніга БЕЛТА - гэта знакавы праект, вынік нашай сумеснай работы. Міністэрства інфармацыі актыўна прымала ўдзел і ў аналізе, і ў разглядзе матэрыялаў, якія падаваліся для абагульнення. Вельмі рады, што тыя калектывы, якія былі аб'яднаны для стварэння гэтага праекта, заняліся пошукам гэтых традыцый, і вельмі рады, што менавіта гэтыя традыцыі сёння мы прадстаўляем", - падкрэсліў ён.

Дарэчы, у час прэзентацыі ўсе жадаючыя разам з артыстамі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту "Строчыцы" змаглі прыняць удзел у старажытным беларускім абрадзе "Гуканне вясны". Традыцыйна ў час абраду з цеста пякліся невялікія птушкі, у некаторых рэгіёнах іх называюць "буські". Пакаштаваць іх змаглі ўсе ўдзельнікі і госці прэзентацыі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі