Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

9 Apr 2017

"Касмічныя" работы скульптара Івана Міско прадставіць рэтраспектыўная выстаўка ў Мінску

9 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. "Касмічныя" работы народнага мастака Беларусі Івана Міско прадставіць рэтраспектыўная выстаўка ў Мінску да 85-гадовага юбілею скульптара, паведамілі БЕЛТА ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага.

Выстаўка адкрыецца 12 красавіка ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага. У экспазіцыі выстаўкі "Космас Івана Міско", прысвечанай 85-гадоваму юбілею народнага мастака Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР, лаўрэата прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва Івана Міско, прадстаўлены прадметы з калекцыі Музея гісторыі горада Мінска, Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, фондаў Беларускага саюза мастакоў.

Адкрыццё выстаўкі адбудзецца ў Дзень касманаўтыкі не выпадкова, бо Івана Міско называюць "касмічным" скульптарам, а касманаўтыка - адна з цэнтральных тэм яго творчасці. Ён аўтар цэлай галерэі скульптурных партрэтаў выдатных прадстаўнікоў гэтай прафесіі. Сярод іх ледзь не ўсе касманаўты былога Савецкага Саюза, а таксама касманаўты - ураджэнцы Беларусі Уладзімір Кавалёнак, Пётр Клімук і Алег Навіцкі. Івану Міско пазіравалі многія ўдзельнікі інтэрнацыянальных экіпажаў - прадстаўнікі Польшчы, Кубы, Румыніі, Манголіі, Францыі, Германіі, Балгарыі, Сірыі, Вялікабрытаніі, В'етнама, Аўстрыі, Японіі, Афганістана, Індыі.

Выстаўка ўяўляе сабой рэтраспектыву творчасці Івана Міско. Наведвальнікі азнаёмяцца з галерэяй вобразаў, створаных скульптарам з 1970-х гадоў да нашых дзён. Прадстаўлены партрэты дырыжора Рыгора Шырмы, пісьменніка Янкі Маўра, кампазітара Яўгена Цікоцкага, кампазітара Ігара Лучанка, народнага артыста СССР Мікалая Яроменкі, народнага артыста СССР Генадзя Аўсяннікава, вынаходніка прататыпа многаступеньчатай ракеты Казіміра Семяновіча і цэлая серыя партрэтаў касманаўтаў. Экспануюцца розныя рэльефныя кампазіцыі на тэму космасу, памятныя медалі, праекты.

Манументальная скульптура Івана Міско прадстаўлена ў фотаздымках. Створаныя аўтарам помнікі ўпрыгожваюць не толькі гарады Беларусі, але і многіх краін свету. Вядомасць скульптару прынеслі манументы маці-патрыётцы ў Жодзіне (1975) і Максіму Горкаму ў Цэнтральным дзіцячым парку ў Мінску (1981), абодва ў суаўтарстве са скульптарамі Мікалаем Рыжанковым, Андрэем Заспіцкім і архітэктарам Алегам Трафімчуком. У нямецкім Патсдаме ўстаноўлена кампазіцыя Івана Міско "Разам на зямлі і ў космасе", барэльефы ў гонар Сяргея Каралёва і Юрыя Гагарына - у Зорным гарадку, помнік рускаму пісьменніку Сяргею Аксакову - у сядзібе Надзеждзіна ў Башкартастане, кампазіцыя "Космас" - у горадзе Алія ў Ліване.

Фотахроніка дэманструе працэс з'яўлення скульптуры ў майстэрні мастака ў Мінску на вул. Інтэрнацыянальнай, 11а, дзе ўжо больш за 40 гадоў працуе Іван Якімавіч. Усе свае работы скульптар перадаў гораду Мінску. Майстэрня Івана Міско набыла новы статус - уключана ў структуру Музея гісторыі горада Мінска.

Асобны раздзел экспазіцыі прадстаўляюць фатаграфіі, зробленыя з борта МКС з аўтографамі касманаўта Алега Навіцкага, - горад Мінск з вышыні 450 км, выхад у адкрыты космас, узыход сонца, неабсяжная планета Зямля.

Экспануюцца ўнікальныя літаграфіі савецкага касманаўта Аляксея Лявонава і мастака-фантаста Андрэя Сакалова 1970-х гадоў з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Гэта віды першага ў свеце савецкага спадарожніка, першага выхаду чалавека ў адкрыты космас, паверхня Месяца, касмічны апарат на Марсе.

Выстаўка "Космас Івана Міско" знаёміць з лепшымі творамі аўтара, усё жыццё якога прысвечана служэнню бязмежнаму і вечнаму як космас мастацтву.

Выстаўка працуе да 14 мая.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі