Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

31 Jul 2020

Каляндар падзей у Беларусі: ЖНІВЕНЬ 2020

Каляндар падзей у Беларусі: ЖНІВЕНЬ 2020

Сябры! Жыццё вымушае ўносіць карэктывы і ў тыя падзеі, пра якія кожны месяц расказвае каляндар Belarus.by. Успышка каранавіруса ў Еўропе і свеце выклікала закрыццё граніц дзяржаў, абмежаванне міжнароднага перамяшчэння, перанос і адмену масавых мерапрыемстваў. І вядома, самі людзі цяпер гатовы пачакаць з паездкамі, паходамі і забавамі, каб засцерагчы ад небяспекі сябе і блізкіх.

Беларусь сёння прымае ўсе неабходныя меры, каб не дапусціць распаўсюджвання інфекцыі. Краіна не закрыла граніцы і не ўвяла жорсткія абмежаванні на перамяшчэнне, аднак заклікае КОЖНАГА ЧАЛАВЕКА праяўляць асаблівую асцярожнасць, выконваць рэкамендацыі СААЗ і ўрачоў, вельмі строга захоўваць правілы асабістай гігіены, а галоўнае – беражліва ставіцца адзін да аднаго. У выпадку прыезду з эпідэміялагічна нестабільных рэгіёнаў і краін, пры самым малым падазрэнні на пагаршэнне самаадчування неабходна звярнуцца да медыкаў і, вядома ж, як мага хутчэй самаізалявацца, каб не стаць разносчыкам любой інфекцыі (не толькі каранавіруса)!

У гэтай сітуацыі адбываюцца адмены і пераносы вялікіх мерапрыемстваў, таму просім загаддзя ўдакладняць інфармацыю. Як анансуюць арганізатары, білеты на ўсе перанесеныя падзеі будуць сапраўдныя. І помніце: галоўнае – быць здаровымі!

Чэмпіянат Беларусі па футболе-2020

У сакавіку 2020 г. 30-ы чэмпіянат Беларусі па футболе стаў адзіным у Еўропе і адным з нямногіх у свеце, які стартаваў па плану і не спынены ў сувязі з каранавірусам. Першыя туры прыцягнулі ўвагу аматараў народнай гульні з розных краін: матчы ішлі ў прамым эфіры шэрага спартыўных каналаў і анлайн. Рашэнне не адмяняць пачатак першынства кіраўніцтва АБФФ прыняло па выніках кансультацый з удзелам УЕФА. У вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі выступаюць 16 каманд, турнір праходзіць у два кругі (30 тураў). Каманды, якія занялі 15-е і 16-е месцы ў вышэйшай лізе, выбываюць у першую лігу, а клубы, якія заваявалі 1 і 2 месцы ў першай лізе, атрымліваюць права на выхад у вышэйшую лігу. У ліку прэтэндэнтаў на тытул чэмпіёна Беларусі і Суперкубак называюць лідараў мінулага года – брэсцкае "Дынама", БАТЭ, "Шахцёр", мінскае "Дынама", "Іслач" і "Тарпеда-БелАЗ".

Дзе: стадыёны 12 гарадоў Беларусі
Калі: 19 сакавіка – снежань 2020 года
20 тур: 31 ліпеня – 2 жніўня
21 тур: 6–8 жніўня
22 тур: 21–23 жніўня

Праект "Рарытэты Нацыянальнага гістарычнага музея" ў Мінску

Нацыянальны гістарычны музей запрашае мінчан і гасцей сталіцы ўбачыць рарытэты са сваіх фондаў... на адкрытым паветры. Незвычайная выстава, якая расказвае аб унікальнасці беларускай нацыі і яе гістарычнай спадчыне, з пачатку чэрвеня будзе прадстаўлена на агароджы Парка культуры і адпачынку імя Чалюскінцаў (праспект Незалежнасці). 70 фотабанераў пакажуць наведвальнікам каштоўнасці з розных эпох – манеты, зброю, нацыянальны касцюм, прадметы рэлігійнага культу, творы выяўленчага мастацтва, народныя промыслы і рамёствы, кнігі, каштоўныя металы, узнагароды, музычныя інструменты і многае іншае. Свой уклад у гэту экспазіцыю ўнеслі ўсе 5 філіялаў Нацыянальнага гістарычнага – Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці, Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі, Дом-музей I з'езда РСДРП, Музей гісторыі беларускага кіно, Музей прыроды і экалогіі.

Калі: 2 чэрвеня 2020 – 1 чэрвеня 2021
Дзе: агароджа Парка культуры і адпачынку імя Чалюскінцаў, пр. Незалежнасці, Мінск
Даведацца больш

Анлайн-забег Stop COVID-19

Брэсцкі паўмарафон у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй у краіне перанесены з 5 ліпеня на восень. Аднак арганізатары заклікалі ўсіх заставацца актыўнымі і падтрымліваць здаровы лад жыцця, прапанаваўшы жадаючым прыняць удзел у анлайн-забегу Stop COVID-19. Для таго, каб далучыцца да ініцыятывы, трэба прайсці рэгістрацыю на сайце брестполумарафон.бел. Прабегчы можна любую дыстанцыю - ад 1 км да 21 км. Потым неабходна адправіць скрыншот або фота з фіксацыяй свайго маршруту (трэкера).

Калі: 9 мая – 1 верасня 

"Мастак і горад": #100UNOVIS

У бягучым годзе любімы сярод мінчан і гасцей сталіцы выставачны праект "Мастак і горад", які праходзіць ужо 9-ы раз, упершыню адкрыты анлайн. Жадаючым наведаць экспазіцыю дастаткова зайсці на сайт і адправіцца ў віртуальны тур па плошчы Якуба Коласа. Тэма 2020-га – 100-годдзе знакамітага аб'яднання УНОВІС. Усе мастакі, прадстаўленыя на выставе, з'яўляюцца паслядоўнікамі ідэй і асноўных прынцыпаў супрэматызму Казіміра Малевіча. У экспазіцыі – 32 работы, частка з якіх напісана жывапісцамі творчага аб'яднання "Квадрат", якое па праву можна назваць спадчыннікам сцвярджальнікаў новага мастацтва. Сярод аўтараў – Аляксандр Малей, Мікалай Дундзін, Віктар Шылко, Аляксандр Дасужаў, Аляксандр Слепаў, Валерый Чукін. Выставачны праект запусцяць і ў афлайн-фармаце, як толькі гэтаму будзе садзейнічаць эпідэміялагічная сітуацыя. Таксама ў планах пераезд экспазіцыі з Мінска ў Віцебск – горад, дзе зарадзілася творчае аб'яднанне УНОВІС.

Калі: 14 мая 7 лістапада
Дзе: наведаць анлайн

"Трыенале сучаснага мастацтва" ў Мінску

Лепшыя работы прадстаўнікоў сучаснага беларускага мастацтва змогуць убачыць мінчане і госці горада ў час "Трыенале сучаснага мастацтва". Выстава арганізавана па выніках конкурсу "Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва" ў 2019-2020 гадах. Усяго ў экспазіцыі – 92 работы, якія былі вызначаны адборачнай камісіяй з 358 заявак па 10 намінацыях. У час выставы прафесійнае журы вызначыць лаўрэатаў конкурсу. А госці – атрымаюць асалоду ад мастацтва!

Калі: з 22 ліпеня
Дзе: Палац мастацтва, вул. Казлова, 3, Мінск

"Спадчына Беларусі" ў Нацыянальным гістарычным музеі

Выстава, якая прадстаўляе вынікі праекта "Спадчына Беларусі", раскрывае маштабы работы яго суаўтараў – Аляксандра Аляксеева і Алега Лукашэвіча, якія з 2001 года аб'ехалі ўсю краіну і адлюстравалі сапраўды бясцэнную спадчыну. У цэнтры ўвагі – аднайменная кніга-альбом – а гэта 320 старонак і больш за 4000 фатаграфій, – якая перавыдавалася 18 разоў. Сёння друкаваная "Спадчына" ёсць у гендырэктара Дзяржаўнага Эрмітажа, Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі, Папы Рымскага, брытанскай каралевы... Дапоўніў праект 31 дакументальны фільм, дзе аўтарам удалося аднавіць партрэты выдатных людзей беларускай зямлі – Ефрасінні Полацкай, Марка Шагала, Ігната Дамейкі, Тадэвуша Касцюшкі, Адама Міцкевіча.

Калі: з 23 ліпеня
Дзе: Нацыянальны гістарычны музей Беларусі, вул. Карла Маркса, 12, Мінск

"Паўлінка" ў замку, "Тата-fest" і рыцарскі турнір – Ліда 1 жніўня адзначыць Дзень горада

Ліда, культурная сталіца Беларусі, 1 жніўня адзначыць Дзень горада. Яго жыхароў і гасцей чакае насычаная культурная, спартыўная і забаўляльная праграма.

Свята фактычна пачнецца 31 ліпеня. Добрым падарункам да яго стане легендарны спектакль. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы пакажа знакамітую "Паўлінку" ў Лідскім замку. Спектакль, уключаны ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, завершыць 100-ы сезон тэатра. Дарэчы, паглядзець пастаноўку можна бясплатна. Пачатак у 18.00.

Асноўнымі лакацыямі для святкавання 1 жніўня стануць Лідскі замак і яго наваколле. Госці змогуць наведаць інтэрактыўныя пляцоўкі рознай тэматыкі: гарады майстроў і мастакоў, літаратурны і хлебасольны гарады, а таксама гарады юнацтва і дзіцячых талентаў. Запланаваны сямейны фестываль "Тата-Fest", у час якога энергічныя і актыўныя бацькі змогуць прадэманстраваць свой спрыт, эрудыцыю, творчыя здольнасці. Пройдзе і марафонскі заплыў на адкрытай вадзе па возеры. На працягу дня ў замку будуць працаваць экспазіцыі – у вежах, баявых галерэях, выставачнай зале. Тут жа пройдзе і традыцыйны рыцарскі турнір. Гасцям прапануюць старадаўнія гульні і забавы.

Адразу на некалькіх сцэнах разгорнуцца канцэртныя праграмы. Чакаюць гасцей свята выступленні аркестраў, а таксама зорак беларускай эстрады. На адной з пляцовак жадаючым прапануюць паўдзельнічаць у майстар-класах па гульні на музычных інструментах і вакале. Завершыцца дзень святочнай дыскатэкай.

Свята сярэдневяковай культуры "Мсціслаўскі фэст"-2020

Старажытны Мсціслаў, які называюць "беларускім Суздалем", славіцца гістарычным каларытам, а захаванае да нашага часу гарадзішча і сёння прыцягвае вучоных і аматараў даўніны. Па традыцыі ў першы ўік-энд жніўня на Замкавай гары разгорнецца фестываль сярэдневяковай культуры. Госці ўбачаць масавыя бітвы, тактычныя бугурты, турніры лучнікаў, манеўры, конныя спаборніцтвы, паказальныя выступленні рыцараў і нават тэатралізаваны штурм замка! Таксама ў праграме фэсту – горад майстроў, майстар-класы ад народных умельцаў, а эфектным завяршэннем дня стануць канцэртная праграма і вогненнае шоу. 

Калі: 1 жніўня, 10.00
Дзе: Замкавая гара, Мсціслаў, Магілёўская вобласць

BISON RACE-2020 у Лагойску

Першыя ў Беларусі экстрэмальныя спаборніцтвы па гонках з перашкодамі Bison Race, якія праводзяцца ў Лагойску з 2015 года, прадаўжаюцца і ў самы гарачы сезон. Удзельнікаў жнівеньскага забегу чакаюць новыя перашкоды – халодная вада, высокія бар'еры, разнастайныя рукаходы, і гэта далёка не ўсё! Дзякуючы разнастайным бар'ерам (а кожны раз яны мяняюцца) удзельнікі гонкі за кароткі прамежак часу трапляюць у іншае вымярэнне, дзе хуткасць, вынослівасць і ўменне адразу ж знаходзіць рашэнне спатрэбяцца як ніколі!

Калі: 7–9 жніўня
Дзе: ГСАК "Лагойск", Мінскі раён

Музычны фестываль Gold Night у Барысаве

Практычна на суткі Барысаў стане цэнтрам прыцягнення самых папулярных артыстаў нашага часу. Адкрыецца Gold Night гучнымі хітамі 90-х: на галоўнай сцэне музычнага фестывалю выступяць Віктар Салтыкоў, Lian Ross, Аляксандр Айвазаў, група "Камісар". Падхопяць эстафету зоркі нашага часу, якія "ўзрываюць" эфіры радыёстанцый і музычныя чарты. Хэдлайнерамі фестывалю Gold Night 2020 стануць #2МАШЫ, Вольга Серабкіна, Ганна Бароніна, Клава Кока…

Калі: 14 жніўня (15.00) – 15 жніўня (5.00)
Дзе: вул. Гагарына, прыпыначны пункт Чэхава, Барысаў

Авіяцыйнае свята AVIADRIVE ў Шчучыне

Авіяфэст у Шчучыне з кожным годам набірае абароты! Госці сёмага Aviadrive ўбачаць палёты розных лятальных апаратаў, у тым ліку паветраных шароў, змогуць адчуць яркія эмоцыі ад крутых віражоў у небе і паназіраць за паказальнымі выступленнямі байцоў падраздзяленняў ССА, прагуляцца па кірмашы, прыняць удзел у розыгрышы ад кампаній-партнёраў, падсілкавацца на фуд-корце. Прыемным дапаўненнем стане вячэрняя праграма – вялікі канцэрт ад лепшых артыстаў айчыннай і замежнай эстрады, дыджэяў, а таксама лазернае шоу і феерверк. Хэдлайнерамі фэсту-2020 стануць Cover Band "Мінскае мора", J MOPC, Barbara & Eduardo (CUBA), DJ – Dflex, MC Youjeen, Kazanowski music, DJ Roma Rai.

Калі: 22–23 жніўня
Дзе: гарадскі аэрадром, Шчучын, Гродзенская вобласць

VULITSA EZHA ў Мінску

Гарадскі пікнік Vulitsa Ezha разгорнецца на плошчах сталічнага Батанічнага саду і запрашае правесці летнія выхадныя ў добрай кампаніі на свежым паветры. Арганізатары мерапрыемства абяцаюць стварыць расслабленую атмасферу згодна са сваёй формулай ідэальнага ўік-энду, якую забяспечаць: фуд-корт са 100 арыгінальных страў, музыка, летнія актыўнасці, зона для дзяцей, танцпляцоўкі, арт-пляцоўкі і, вядома, вялікая тэрыторыя для прагулак. Акрамя таго, для гасцей адкрыюцца Local Food Market, кулінарная школа, маркет з дызайнерскімі рэчамі, чылаўт-зоны з барамі, дзіцячая зона ад "Мамзлёт"...

Калі: 22–23 жніўня
Дзе: Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі, вул. Сурганава, 2в, Мінск

"Забег адважных" у Мінску

"Забег адважных", прысвечаны 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, збярэ прафесіяналаў і аматараў бегу ў сталічным Парку Перамогі. У бягучым годзе старты пройдуць у шасці ўзроставых катэгорыях: удзельнікам ад 15 гадоў і старэйшым трэба будзе пераадолець дыстанцыю 2100 м (кросавы бег) з перашкодамі (бар'ер-сцяна, водная перашкода і іншыя). Пры гэтым, згодна з новымі правіламі, удзельнічаць у адным забегу могуць не больш за 50 чалавек, а ў дзіцячых забегах (для ўдзельнікаў 4–14 гадоў) абавязкова на месцы старту павінны прысутнічаць бацькі.

Калі: 23 жніўня
Дзе: парк Перамогі, праспект Пераможцаў, 45, Мінск

Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый "Кліч Палесся"-2020

"Кліч Палесся"-2020 запрашае пабываць у "калысцы" Прыпяцкага Палесся, жыхары якога захавалі культуру, аўтэнтычныя традыцыі, народныя абрады і рамёствы сваіх продкаў. Удзельнікамі фэсту стануць фальклорныя калектывы і народныя ўмельцы з Беларусі, Украіны, Малдовы, Расіі, Польшчы, краін Балтыі, Індыі і Кітая. Госці этнафестывалю змогуць наведаць канцэрт самабытных выканаўцаў і калектываў, прагуляцца па кірмашы народных умельцаў, авалодаць азамі старажытных рамёстваў і народных танцаў, паглядзець батлейку, прадэгуставаць стравы мясцовай кухні, пакатацца на лодках і паўдзельнічаць у гонках на чаўнах.

Калі: 29 жніўня
Дзе: аграгарадок Ляскавічы, Петрыкаўскі раён, Гомельская вобласць

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі