Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

30 Ліс 2021

Каляндар падзей у Беларусі: СНЕЖАНЬ 2021

Каляндар падзей у Беларусі: СНЕЖАНЬ 2021

Сябры! Жыццё вымушае ўносіць карэктывы і ў тыя падзеі, пра якія кожны месяц расказвае каляндар Belarus.by. Успышка каранавіруса ў Еўропе і свеце выклікала закрыццё граніц дзяржаў, абмежаванне міжнароднага перамяшчэння, перанос і адмену масавых мерапрыемстваў. І вядома, самі людзі цяпер гатовы пачакаць з паездкамі, паходамі і забавамі, каб засцерагчы ад небяспекі сябе і блізкіх.

Беларусь сёння прымае ўсе неабходныя меры, каб не дапусціць распаўсюджвання інфекцыі. Краіна не ўвяла жорсткія абмежаванні на перамяшчэнне, аднак заклікае КОЖНАГА ЧАЛАВЕКА праяўляць асаблівую асцярожнасць, выконваць рэкамендацыі СААЗ і ўрачоў, вельмі строга захоўваць правілы асабістай гігіены, а галоўнае – беражліва ставіцца адзін да аднаго. У выпадку прыезду з эпідэміялагічна нестабільных рэгіёнаў і краін, пры самым малым падазрэнні на пагаршэнне самаадчування неабходна звярнуцца да медыкаў і, вядома ж, як мага хутчэй самаізалявацца, каб не стаць разносчыкам любой інфекцыі (не толькі каранавіруса)!

У гэтай сітуацыі адбываюцца адмены і пераносы вялікіх мерапрыемстваў, таму просім загаддзя ўдакладняць інфармацыю. Як анансуюць арганізатары, білеты на ўсе перанесеныя падзеі будуць сапраўдныя. І помніце: галоўнае – быць здаровымі!

Выстава "Тадэвуш Касцюшка як мастак"

4 лютага споўнілася 275 гадоў з дня нараджэння нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы і ЗША Тадэвуша Касцюшкі. У гэты дзень на малой радзіме выдатнага ваеннага і палітычнага дзеяча – у мемарыяльным музеі-сядзібе ва ўрочышчы Мерачоўшчына горада Косава – разгарнулася ўнікальная выстава-праект, якая раскрывае знакамітага генерала ў творчай іпастасі. Наведвальнікі могуць убачыць 16 рэпрадукцый работ Касцюшкі, выкананых ім у розныя перыяды жыцця. Тут прадстаўлены і першыя палотны – пераважна копіі работ іншых мастакоў, зробленыя ў час вучобы ў Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры ў Францыі, і рэплікі карцін больш позняга перыяду. Нягледзячы на тое, што Тадэвуш Касцюшка звязаў жыццё з ваеннай справай, ён прадаўжаў займацца жывапісам і пасля паўстання 1794 года, а ў Амерыцы набыў славу партрэтыста.

Калі: 4 лютага – 31 снежня
Дзе: Мемарыяльны музей-сядзіба імя Тадэвуша Касцюшкі, Брэсцкая вобласць, Іванаўскі раён, Косава, вул. Т.Касцюшкі, 108
Даведацца падрабязней

Выстава "Мастак і горад" у Мінску

Праект "Мастак і горад" адкрыў 10-ы сезон, атрымаўшы прапіску на Камсамольскай вуліцы, аднак не страціў сваю місію – знаёміць мінчан і гасцей сталіцы з лепшымі прадстаўнікамі сучаснага беларускага мастацтва. На гэты раз у фокусе ўвагі open air выставы – творчасць знакамітага мастака-пейзажыста – Леаніда Шчамялёва. У студзені 2021-га народнага мастака не стала, але яго творы будуць жыць. Карціны захоўваюцца ў многіх музеях, у тым ліку Нацыянальным мастацкім і абласных краязнаўчых. Госці мінскай галерэі пад адкрытым небам азнаёмяцца з гісторыяй стварэння пейзажаў і палотнаў, прысвечаных малой радзіме аўтара, пры дапамозе аўдыягіда.

Калі: з 28 мая
Дзе: бульвар па вул. Камсамольскай, Мінск

"Сто мінут вакол свету" ў Белдзяржцырку

Прыгодніцкая праграма адкрые асенні сезон-2021 у Белдзяржцырку: гледачам прапануюць правесці "Сто мінут вакол свету". Не пакідаючы меж беларускай сталіцы, гледачы акунуцца ў атмасферу кругасветнага падарожжа, дзе на кожным кроку іх чакаюць новыя ўражанні, хвалюючыя сустрэчы і падзеі, каларытныя персанажы. Гасцей чакае знаёмства з амерыканскімі каўбоямі на конях, канадскімі пумамі, з велічнымі караблямі пустыні вярблюдамі і свавольнымі ламамі, гарэзлівымі поні, віртуознымі гімнастамі і акрабатамі.

Калі: 18 верасня - 5 снежня
Дзе: Беларускі дзяржаўны цырк, пр. Незалежнасці, 32, Мінск

II Рэспубліканскі гастрафэст "Краіны свету"

Утульную атмасферу і гастранамічнае задавальненне падораць сваім гасцям дзясяткі рэстаранаў і кафэ ў Мінску і ўсіх абласных цэнтрах краіны. Ужо любімы многімі фестываль смачнай ежы Gastrofest, як заўсёды, прапануе арыгінальныя сэты па фіксаванай цане. Тэматыка другога Рэспубліканскага гастрафэсту - "Краіны свету", бо, як адзначаюць арганізатары, у пандэмійны час людзі засумавалі па падарожжах. Лепшыя стравы з розных куткоў планеты, незвычайныя прадукты, аўтарская падача і іншыя сюрпрызы дапамогуць выдатна правесці час і памарыць пра будучыя паездкі. Зразумела, выкананне проціэпідэмічных правіл абавязкова.

Калі: 18 лістапада – 5 снежня
Дзе: Мінск і абласныя цэнтры Беларусі

Персанальная выстава Нікаса Сафронава "Змяняючы рэальнасць" у Віцебску

Адзін з самых вядомых жывапісцаў Расіі Нікас Сафронаў прадставіць у горадзе Марка Шагала персанальную выставу. "Змяняючы рэальнасць" - новая канцэпцыя, у якой спалучаюцца класічная падача твораў на палотнах і мультымедыйныя праекцыі. З дапамогай найноўшых тэхналогій экспазіцыя становіцца больш аб'ёмнай, рухомай і дае магчымасць перанесціся ў свет мастака. Згодна з задумай, гледачы акунаюцца ў бесперапынны вір карцін, думак і вобразаў Нікаса Сафронава, бачачы яго творы па-за прывычнымі карціннымі рамкамі. У экспазіцыі прадстаўлена каля 40 жывапісных і графічных работ з розных перыядаў творчасці – з канца 1990-х да 2019 года. Асаблівую ўвагу прыкоўваюць работы, выкананыя ў напрамку Dream Vision, які створаны Нікасам Сафронавым і прадугледжвае выкарыстанне ўяўлення, інтуіцыі, падсвядомасці і неўсвядомленых адчуванняў.

Калі: 30 кастрычніка – 19 снежня
Дзе: Віцебскі абласны краязнаўчы музей, вул. Леніна, 36, Віцебск
Даведацца падрабязней

Выстава рэпрадукцый Мікалая Рэрыха ў Бабруйску

Выдатны рускі мастак, сцэнограф, філосаф-містык, пісьменнік, падарожнік, археолаг, арыенталіст, грамадскі дзеяч Мікалай Рэрых увайшоў у гісторыю як чалавек дзіўных здольнасцей і талентаў, параўнальны з тытанамі эпохі Адраджэння. Яго творчая спадчына налічвае больш за 7 тысяч карцін, што рассеяны па свеце і адлюстроўваюць асаблівае бачанне майстра, які быў перакананы ў адзінстве чалавека і прыроды, рэальнасці вобразаў духоўнага свету. Творы Рэрыха напоўнены філасофскімі думкамі, сімвалічнымі вобразамі, а таксама гераізмам: яны часта даюць адсылкі да старадаўніх легенд, казак, народных паданняў... Праект "Святая Русь" прапануе азнаёміцца з рэпрадукцыямі (а іх у экспазіцыі каля 40), а таксама фота- і відэаматэрыяламі аб жыцці мастака, прадастаўленымі Музеем Рэрыха ў Новасібірску.

Калі: 1 лістапада – 15 снежня
Дзе: Бабруйскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей, вул. Селязнёва, 16, в. Сычкава, Бабруйскі раён
Даведацца падрабязней

Трыенале "Канцэпт" у Мінску

Амаль 200 сучасных беларускіх аўтараў збярэ першае трыенале "Канцэпт" у Мінску. Фестываль аб'яднае як прафесійных мастакоў, якія ўжо адбыліся, так і студэнтаў, усіх жадаючых, хто прайшоў экспертны адбор. Работы ўяўляюць сабой канцэпты, у якіх увасоблены эксперыменты з формай, пластыкай, колерам, святлом, гульня з сэнсамі і зместамі. У экспазіцыю ўвойдуць не толькі асобныя творы, але праекты ў розных жанрах і тэхніках выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Сярод іх – арт-праект Luminarium гродзенскага мастака Аляксандра Балдакова, прысвечаны аптычным якасцям святла і яго мастацкай трансфармацыі, "Залежнасць" віцябчанкі Валянціны Ляховіч прадэманструе жывапіс і канцэптуальныя аб'екты ў стылістыцы трэш-арт.

Акрамя асноўнай экспазіцыі ў сталічным Палацы мастацтва, таксама будуць прадстаўлены:

19 лістапада – выставачны праект Designatum у мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага;
25 лістапада – выстава Movement у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі;
1 снежня – "Аляксандр Салаўёў. Як ёсць" у мастацкай галерэі твораў Л.Д. Шчамялёва;
8 снежня – эксперыментальны тэкстыль Tex-experience ў арт-гасцёўні "Высокае мѣста".

Калі: 19 лістапада – 16 снежня
Дзе: Палац мастацтва, вул. Казлова, 3, Мінск
Даведацца падрабязней

Выстава "Тульскі самавар. Ад старажытнасці да сучаснасці" ў Гомелі

Дзясяткі самавараў – сапраўдных захавальнікаў дамашняга ачага – рознага ўзросту, форм і памераў можна ўбачыць на эксклюзіўнай выставе ў гомельскай карціннай галерэі Г.Х. Вашчанкі. Як устройства для кіпячэння вады самавары з'явіліся ў канцы 1730-х на Урале - у Туле, якую называюць "самаварнай сталіцай" Расіі. Усе экспанаты – са збору калекцыянера і вытворцы самавараў ураджэнца Бабруйска Андрэя Сайкова, які прысвяціў гэтай справе многія гады. Паводле яго слоў, усё пачалося з захаплення прыгажосцю самавараў, а потым ён захапіўся іх аднаўленнем і адкрыў уласную вытворчасць. Дарэчы, па самаварах можна вывучаць мастацкія стылі розных эпох, каноны ў мастацтве і асаблівасці творчага почырка майстроў.

Калі: 25 лістапада – 30 студзеня 2022 года
Дзе: карцінная галерэя Г.Х. Вашчанкі, вул. Карповіча, 4, Гомель
Даведацца падрабязней

Канцэрт-адкрыццё Міжнароднага конкурсу піяністаў "Мінск-2021"

Самага віртуознага выканаўцу выберуць на Міжнародным конкурсе піяністаў "Мінск-2021", які стартуе ў першы дзень зімы і збярэ лепшых сольных музыкантаў з розных краін ва ўзросце ад 16 да 30 гадоў. Конкурсныя праслухоўванні пройдуць у тры этапы, два з якіх - адборачныя, а ў заключным раўндзе ўдзельнікам трэба будзе выступіць у суправаджэнні сімфанічнага аркестра ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі. Адкрыецца музычнае спаборніцтва канцэртам Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Аляксандра Анісімава, саліраваць за фартэпіяна будзе народны артыст Беларусі Ігар Алоўнікаў. У праграме вечара прагучаць Сюіта №3, Варыяцыі і Паланэз П.Чайкоўскага, "Рапсодыя ў стылі блюз" Дж.Гершвіна і інш.

Калі: 1 снежня
Дзе: Беларуская дзяржаўная філармонія, пр. Незалежнасці, 50, Мінск

Дзмітрый Мятліцкі: DM-Orchestra & шоу-балет Feeria

Беларускі кампазітар, музыкант, заснавальнік DM-Orchestra Дзмітрый Мятліцкі вядомы цудоўнымі аранжыроўкамі, а яго 7-гадовы калектыў – віртуозным выкананнем мелодый розных эпох. Сёння ў іх творчай скарбонцы – альбомы Blizzard, Autumn, Whisper stars, Island, The fire of love, у якіх класіка гарманічна спалучаецца з інструментальнай музыкай у стылі New Age (неакласіцызм). "Я рад представить вам концерт, где звук волшебный вместе с танцем, как пламя – сказочный сюжет, подарит мир любви и страсти..." – запрашае Дзмітрый Мятліцкі на сумесны канцэрт аркестра з танцавальным шоу-балетам Feeria. Магутная энергія музыкі – а прагучаць хіты ад Вівальдзі да Metallica – злучыцца з маляўнічым тэмпераментным танцам у венскім стылі.

Калі: 1 снежня
Дзе: КЗ "Мінск", вул. Кастрычніцкая, 5, Мінск

ХХХІІ Віцебскі міжнародны фестываль імя І.І. Салярцінскага

Міжнародны музычны фестываль імя І.І. Салярцінскага з'яўляецца адным з нямногіх мерапрыемстваў, дзе нараўне з сусветнай класікай гучаць старадаўнія нацыянальныя мелодыі, творы беларускіх аўтараў XVI–XX стагоддзяў. Уверцюрай да фестывалю–2021 стане канцэрт выкладчыкаў і навучэнцаў Віцебскага музычнага каледжа імя І.І. Салярцінскага. Адкрыццё адбудзецца 5 снежня і абяцае запомніцца выступленнем пераможцы XV Міжнароднага конкурсу імя П.І. Чайкоўскага, лаўрэата міжнародных конкурсаў, расіяніна Дзяніса Маслеева (фартэпіяна). Прадоўжыць праграму 10 снежня Дзяржаўны камерны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам заслужанага артыста Расіі Яўгена Бушкова. Саліст вечара – беларускі піяніст Андрэй Іваноў. Фінальным акордам стане выступленне 17 снежня Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам маэстра Аляксандра Анісімава. Салісты – Юлія Стэфановіч (скрыпка) і Раман Фірстаў (габой).

Калі: 3–17 снежня
Дзе: Віцебская абласная філармонія, вул. Леніна, 69, Віцебск
Даведацца падрабязней

Вакальная група "Кватра" ў Мінску: "Руская зіма"

Прадчуванне любімых свят і атмасферу навагодніх цудаў абяцае стварыць для мінчан і гасцей горада вядомая расійская група "Кватра", у складзе якой чатыры салісты: Антон Баглеўскі (тэнар), Антон Сяргееў (тэнар), Леанід Аўруцкі (барытон) і Даніла Карзанаў (бас). "Залатыя галасы" Расіі не ўпершыню наведаюць Мінск, і на гэты раз прадставяць альбом "Руская зіма", у які ўвайшлі самыя вядомыя навагоднія і калядныя песні. Дэлюкс-версія, запісаная ў 2018-м, уключыла відэаверсіі самых яркіх кампазіцый і новыя песні: "Опять метель", "Синий иней", "А снег идет", "В лесу родилась ёлочка", "Зимняя любовь'', "Твои следы"…

Калі: 4 снежня
Дзе: Беларуская дзяржаўная філармонія, пр. Незалежнасці, 50, Мінск

Максім Фадзееў у Мінску

Доўгія гады ён прадзюсіраваў іншых выканаўцаў, а праз 25 гадоў, на піку сваёй кар'еры, кампазітар, аўтар і выканаўца Максім Фадзееў – зноў на сцэне. У 38 гадоў ён часткова страціў слых і доўга не мог вярнуцца да гледачоў. Але гэта стала магчымым дзякуючы спецыяльнаму апарату, з дапамогай якога ён можа выступаць з цалкам заблакіраваным гукавым праходам і адчуваць вібрацыі: патрэбны тэмп задаюць светлавыя індыкатары. Ужо другі раз (упершыню ён выйшаў на сталічную сцэну ў кастрычніку 2019 года) спявак выступіць у 15-тысячнай "Мінск-Арэне" і падорыць паклоннікам незабыўны вечар. Дарэчы, у Мінску Макс Фадзееў зняў кароткаметражны дакументальны фільм "Я вас не чую" пра закуліссе свайго творчаго жыцця, студыйную работу і доўгае вяртанне на сцэну як выканаўцы.

Калі: 4 снежня
Дзе: "Мінск-Арэна", пр. Пераможцаў, 111, Мінск

Сяргей Бязрукаў у спектаклі "Хуліган. Споведзь" у Мінску

Сапраўды народны артыст Сяргей Бязрукаў узляцеў на вяршыню акцёрскага Алімпа пасля здымак у серыяле "Брыгада". Потым былі не менш таленавітыя і разнапланавыя работы на экране – у тэлесерыялах "Участак", "Майстар і Маргарыта", "Ясенін", стужках "Кітайскі сервізъ", "Азазэль", "Пушкін. Апошняя дуэль", "Высоцкі. Дзякуй, што жывы". На беларускай сцэне Сяргей Бязрукаў выступаў не раз, у тым ліку і са сваімі калегамі па Губернскім тэатры, якім кіруе. На гэты раз ён паўстане ў амплуа Сяргея Ясеніна: спектакль-споведзь "Хуліган" прысвечаны  паэту-хулігану і чалавеку-загадцы, чый ранні адыход з жыцця пакінуў пачуццё недагаворанасці. Як прызнаецца сам артыст, "у Расіі наогул вельмі любяць людзей, якія ходзяць па краі", бо "гэта героі вельмі неадназначныя, тонкія, чулыя, а часам жорсткія, але галоўнае ў іх – іх сумленнасць перад сабой".

Калі: 4 снежня
Дзе: Палац Рэспублікі, пл. Кастрычніцкая, 1, Мінск

Канцэрт Эміра Кустурыцы і Горана Брэгавіча ў Мінску

Балканскі рок зноў прагучыць у Мінску: Эмір Кустурыца і Горан Брэгавіч выступяць у суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра пад кіраўніцтвам Віталя Кульбакова. Аднойчы гэты цудоўны дуэт пакарыў публіку "Славянскага базару ў Віцебску"–2018. Сербскі рэжысёр уладальнік дзвюх "Залатых пальмавых галін" Канскага кінафестывалю Эмір Кустурыца ў 2017-м здымаў у нашай краіне фільм "На млечным шляху", а таксама быў удзельнікам ММКФ "Лістапад"–2019. Яго музычная дзейнасць у складзе групы The No Smoking Orchestra налічвае 12 альбомаў. Кампазітар Горан Брэгавіч з'яўляецца сімвалам народных матываў Балкан у спалучэнні з цыганскай традыцыйнай і інструментальнай музыкай. Менавіта яму належыць аўтарства музыкі да фільмаў Кустурыцы "Час цыган", "Мары Арызоны" і "Андэрграўнд".

Калі: 9 снежня
Дзе: Палац Рэспублікі, пл. Кастрычніцкая, 1, Мінск

BELARUS TATTOO FEST 2021

Першыя згадванні пра тату адносяцца да ХVIII стагоддзя, калі англійскі падарожнік Джэймс Кук вызначыў яго як спосаб упрыгожвання і ідэнтыфікацыі чалавечага цела. З першабытнай тэхнікі нанясення малюнка на цела перманентнай фарбай тату ператварылася ў асобны від мастацтва. Фестываль тату, які прадоўжыцца два месяцы, збярэ ў Мінску майстроў, прадстаўнікоў тату-салонаў і студый, мадэлей, а таксама спонсараў і мецэнатаў. У праграме – выставы графікі, скульптуры, жывапісу і фатаграфіі, знаёмства з беларускімі зоркамі тату-індустрыі і майстар-класы ад знакамітых майстроў, а таксама art fusion, бодзі-арт і выстава-продаж абсталявання і расходных матэрыялаў, арыгінальнага адзення і аксесуараў.

Калі: 10 снежня – 14 лютага
Дзе: Палац мастацтва, вул. Казлова, 3, Мінск

Мінскі міжнародны Калядны оперны форум–2021

Напярэдадні каталіцкага Раства ў Вялікім тэатры пануе святочная атмасфера: штогод на галоўнай опернай сцэне краіны выступаюць лепшыя артысты з розных краін свету. Адкрые форум 14 і 15 снежня прэм'ера оперы Каміля Сен-Санса "Самсон і Даліла" ў пастаноўцы Аксаны Волкавай. Партыю Самсона ў спектаклі выканае саліст "Гелікон-оперы", запрошаны артыст Марыінскага, Міхайлаўскага і Вялікага тэатраў Расіі, тэнар Іван Гынгазаў. Прадоўжыцца форум 17 снежня сольным канцэртам прымы Марыінскага тэатра ўраджэнкі Мінска Кацярыны Семянчук. 18 снежня ў оперы Шарля Гуно "Фаўст" ролю Валянціна выканае беларус вядомы барытон Уладзіслаў Сулімскі з Марыінскага тэатра. У гала-канцэрце – 22 снежня – прымуць удзел Кацярына Семянчук, Магерам Гусейнаў, Уладзіслаў Сулімскі, а таксама артысты маскоўскага Вялікага тэатра Венера Гімадзіева (сапрана) і Гадэрдзі Джанелідзэ (бас).

Калі: 14–22 снежня
Дзе: Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, пл. Парыжскай Камуны, 1, Мінск
Даведацца падрабязней

Ані Лорак у Мінску: THE BEST

Папулярная спявачка, уладальніца серабра "Еўрабачання"–2008, народная артыстка Украіны Ані Лорак вяртаецца ў Мінск з новай праграмай THE BEST. Сёння яе візітнай карткай з'яўляецца не толькі моцны голас 4,5 актавы. Караліна (гэта сапраўднае імя спявачкі) – адна з самых тытулаваных поп-выканаўцаў у СНД і ўваходзіць у топ-100 самых сексуальных жанчын свету па версіі часопіса "For Him Magazine". У 2020-м выканаўца выпусціла два кліпы на песні з новага альбома "За мечтой", а таксама прэзентавала сінглы "Твоей любимой" і "Страдаем и любим". Навінкай 2021-га стала кампазіцыя "Раздетая". У мінскім шоу прагучаць як новыя, так і любімыя хіты - "Забирай рай", "Медленно", "Зажигай сердце", "Новый бывший"…

Калі: 16 снежня
Дзе: Палац Рэспублікі, пл. Кастрычніцкая, 1, Мінск

Прэм'ера ў Вялікім тэатры: "Дзікае паляванне караля Стаха"

Прэм'ера опернага спектакля паводле рамана выдатнага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча адкрые 89-ы сезон у Вялікім тэатры. Упершыню нацыянальная класіка прагучала на галоўнай сцэне ў 1989 годзе, калі над пастаноўкай працавалі Уладзімір Солтан і музычны кіраўнік Яраслаў Вашчак. У 1990-м творчы тандэм і выканаўцы галоўных роляў - Наталля Кастэнка, Віктар Скорабагатаў і Уладзімір Экнадыёсаў - былі ўдастоены Дзяржаўнай прэміі БССР. У новым прачытанні спектакль прэзентавала рэжысёр Ганна Маторная. Старадаўнія замкі, гадзіннікі як ідэя адыходзячага часу, шахматы як лейтматыў вечнай гульні, колеры і вобразы слуцкіх паясоў, дэкарацыі, якія адсылаюць да абразоў XV-XVI стагоддзяў - усё гэта стала сімваламі, напоўненымі асаблівым сэнсам, важным для разумення задумы пастаноўкі.

Калі: 21 снежня
Дзе: Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, пл. Парыжскай Камуны, 1, Мінск
Даведацца падрабязней

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі