Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

30 Ліс 2020

Каляндар падзей у Беларусі: СНЕЖАНЬ 2020

Каляндар падзей у Беларусі: СНЕЖАНЬ 2020

Сябры! Жыццё вымушае ўносіць карэктывы і ў тыя падзеі, пра якія кожны месяц расказвае каляндар Belarus.by. Успышка каранавіруса ў Еўропе і свеце выклікала закрыццё граніц дзяржаў, абмежаванне міжнароднага перамяшчэння, перанос і адмену масавых мерапрыемстваў. І вядома, самі людзі цяпер гатовы пачакаць з паездкамі, паходамі і забавамі, каб засцерагчы ад небяспекі сябе і блізкіх.

Беларусь сёння прымае ўсе неабходныя меры, каб не дапусціць распаўсюджвання інфекцыі. Краіна не ўвяла жорсткія абмежаванні на перамяшчэнне, аднак заклікае КОЖНАГА ЧАЛАВЕКА праяўляць асаблівую асцярожнасць, выконваць рэкамендацыі СААЗ і ўрачоў, вельмі строга захоўваць правілы асабістай гігіены, а галоўнае – беражліва ставіцца адзін да аднаго. У выпадку прыезду з эпідэміялагічна нестабільных рэгіёнаў і краін, пры самым малым падазрэнні на пагаршэнне самаадчування неабходна звярнуцца да медыкаў і, вядома ж, як мага хутчэй самаізалявацца, каб не стаць разносчыкам любой інфекцыі (не толькі каранавіруса)!

У гэтай сітуацыі адбываюцца адмены і пераносы вялікіх мерапрыемстваў, таму просім загаддзя ўдакладняць інфармацыю. Як анансуюць арганізатары, білеты на ўсе перанесеныя падзеі будуць сапраўдныя. І помніце: галоўнае – быць здаровымі!

Чэмпіянат Беларусі па футболе-2020

У сакавіку 2020 г. 30-ы чэмпіянат Беларусі па футболе стаў адзіным у Еўропе і адным з нямногіх у свеце, які стартаваў па плану і не спынены ў сувязі з каранавірусам. Першыя туры прыцягнулі ўвагу аматараў народнай гульні з розных краін: матчы ішлі ў прамым эфіры шэрага спартыўных каналаў і анлайн. Рашэнне не адмяняць пачатак першынства кіраўніцтва АБФФ прыняло па выніках кансультацый з удзелам УЕФА. У вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі выступаюць 16 каманд, турнір праходзіць у два кругі (30 тураў). Каманды, якія занялі 15-е і 16-е месцы ў вышэйшай лізе, выбываюць у першую лігу, а клубы, якія заваявалі 1 і 2 месцы ў першай лізе, атрымліваюць права на выхад у вышэйшую лігу. У ліку прэтэндэнтаў на тытул чэмпіёна Беларусі і Суперкубак называюць лідараў мінулага года – брэсцкае "Дынама", БАТЭ, "Шахцёр", мінскае "Дынама", "Іслач" і "Тарпеда-БелАЗ".

Дзе: стадыёны 12 гарадоў Беларусі
Калі: 19 сакавіка – снежань 2020 года

Выстаўка "Скарбонка памяці" ў Лошыцкай сядзібе

"Скарбонку памяці" адкрые для наведвальнікаў унікальны выставачны праект у залах сталічнага музея "Лошыцкая сядзіба". Тут прадстаўлена звыш 500 прадметаў народнага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва - разьбы па дрэве, ганчарнай і кавальскай справы, ткацтва, роспісу, пляцення з прыродных матэрыялаў і г.д. Артэфакты сабраны вядомым беларускім этнографам Яўгенам Сахутам у час экспедыцый па краіне. Саламяныя коні, чаплі і буслы, декарыраваны драўляны і керамічны посуд, калекцыя тэкстыльных і фарфоравых лялек, самабытная выцінанка, вышытыя і тканыя вырабы са старадаўнімі геаметрычнымі ўзорамі – усе прадметы ўражваюць гасцей сваёй першабытнай суровасцю, прастатой і сілай формы.

Калі: 23 мая – 31 снежня
Дзе: музей "Лошыцкая сядзіба", Мінск, пр. Чыжэўскіх, 8

Праект "Рарытэты Нацыянальнага гістарычнага музея" ў Мінску

Нацыянальны гістарычны музей запрашае мінчан і гасцей сталіцы ўбачыць рарытэты са сваіх фондаў... на адкрытым паветры. Незвычайная выстава, якая расказвае аб унікальнасці беларускай нацыі і яе гістарычнай спадчыне, з пачатку чэрвеня будзе прадстаўлена на агароджы Парка культуры і адпачынку імя Чалюскінцаў (праспект Незалежнасці). 70 фотабанераў пакажуць наведвальнікам каштоўнасці з розных эпох – манеты, зброю, нацыянальны касцюм, прадметы рэлігійнага культу, творы выяўленчага мастацтва, народныя промыслы і рамёствы, кнігі, каштоўныя металы, узнагароды, музычныя інструменты і многае іншае. Свой уклад у гэту экспазіцыю ўнеслі ўсе 5 філіялаў Нацыянальнага гістарычнага – Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці, Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі, Дом-музей I з'езда РСДРП, Музей гісторыі беларускага кіно, Музей прыроды і экалогіі.

Калі: 2 чэрвеня 2020 – 1 чэрвеня 2021
Дзе: агароджа Парка культуры і адпачынку імя Чалюскінцаў, пр. Незалежнасці, Мінск
Даведацца больш

"Спадчына Беларусі" ў Нацыянальным гістарычным музеі

Выстава, якая прадстаўляе вынікі праекта "Спадчына Беларусі", раскрывае маштабы работы яго суаўтараў – Аляксандра Аляксеева і Алега Лукашэвіча, якія з 2001 года аб'ехалі ўсю краіну і адлюстравалі сапраўды бясцэнную спадчыну. У цэнтры ўвагі – аднайменная кніга-альбом – а гэта 320 старонак і больш за 4000 фатаграфій, – якая перавыдавалася 18 разоў. Сёння друкаваная "Спадчына" ёсць у гендырэктара Дзяржаўнага Эрмітажа, Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі, Папы Рымскага, брытанскай каралевы... Дапоўніў праект 31 дакументальны фільм, дзе аўтарам удалося аднавіць партрэты выдатных людзей беларускай зямлі – Ефрасінні Полацкай, Марка Шагала, Ігната Дамейкі, Тадэвуша Касцюшкі, Адама Міцкевіча.

Калі: з 23 ліпеня
Дзе: Нацыянальны гістарычны музей Беларусі, вул. Карла Маркса, 12, Мінск

Выстава лялек "Анёлы душы маёй" у Мінску

Вінілавыя лялькі ручной работы з калекцыі Ларысы Мяжэвіч "Zawieruszynski Dolls" упершыню ўбачаць мінчане і госці горада на выставе "Анёлы душы маёй". На працягу больш як 25 гадоў жонка і муж Соф'я і Генры Заверушынскі ствараюць лялькі з шоўку, бавоўны або шэрсці, вобразы якіх прадуманы да дробязей – стыльныя прычоскі, сукенкі з натуральных тканін, упрыгожаныя вышыўкай, аксесуары з паўкаштоўных камянёў і металаў. Пры гэтым у кожнай з іх не толькі свой ідэнтыфікацыйны нумар і сертыфікат сапраўднасці, але і ўнікальны лёс. Так, у 2018 годзе лялькі Габрысія, Папялушка і Ліберці Грэйс атрымалі ўзнагароду Dolls Awards of Excellence – "Выбар індустрыі" на International Dolls and Teddy Show у Арланда.

Калі: 21 жніўня – 6 снежня
Дзе: Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, пр. Незалежнасці, 47, Мінск

"Цыркавы калейдаскоп" у Мінску

"Цыркавы калейдаскоп" адкрывае сезон у Белдзяржцырку: з 10 кастрычніка пасля вялікага перапынку на старэйшай арэне краіны зноў чакаюць гасцей. Шоу пазнаёміць гледачоў з дзіўным светам старажытных паданняў, легенд і міфаў Беларусі. Сваім майстэрствам і захапляльнымі трукамі будуць здзіўляць наезнікі на конях, бясстрашныя паветраныя акрабаты і гімнасты, атлеты-асілкі і вясёлыя клоўны. Не абыдзецца і без чатырохногіх "напарнікаў": у паказе задзейнічаны мядзведзі на гіраскутары, адзіная ў свеце малпачка-жанглёр на осліку, лахматыя сабакі-акрабаты, беласнежныя тыгры.

Калі: з 10 кастрычніка
Дзе: Беларускі дзяржаўны цырк, пр. Незалежнасці, 32, Мінск

Выстава "Сальвадор Далі. Тайнапіс" у Мінску

Тайнапіс Сальвадора Далі прапануюць расшыфраваць арганізатары аднайменнага сумеснага праекта Музея гісторыі горада Мінска і сталічнай галерэі LIBRA. Жыццё, як і творчасць майстра, ахутана мноствам легенд, а сапраўдны твар мастака схаваны пад прывычнай маскай эксцэнтрыка. Наведвальнікам прапануюць адказаць на пытанні, з чаго нараджаецца загадкавы вобраз генія, з чаго складваецца тайнае пасланне яго творчасці. Разгадка – самі палотны майстра: 61 графічны твор у колеры з прыватных збораў і галерэй Еўропы і Амерыкі. Сярод іх – работы з серый "Кармэн", "Прыгоды Алісы ў Краіне цудаў", "Далініянскія коні", а таксама 20 ілюстрацый да аповесці Пэдра дэ Аларкона "Трохвуголка", выкананыя ў тэхніцы ксілаграфіі ў 1958 годзе. Вянчае ўнікальны збор трыпціх "Трылогія любові".

Калі: 10 кастрычніка – 20 снежня
Дзе: Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, Мінск, пл. Свабоды, 15

Выстава "Архітэктура Беларусі. Жывапіс. Графіка"

Упершыню спадчына вядомага даследчыка беларускай драўлянай архітэктуры, члена Саюза архітэктараў СССР Юрыя Якімовіча прадстаўлена ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі. Ён прысвяціў сваё жыццё даследаванню архітэктуры дарэвалюцыйнага перыяду, а таксама з захапленнем вывучаў школы палескага драўлянага дойлідства ў XVII-XIX стагоддзях. У экспазіцыі прадстаўлены 52 жывапісныя і графічныя работы з выявамі помнікаў Віцебска, у цэлым паўночнай вобласці і іншых рэгіёнаў Беларусі. Акрамя артэфактаў, прывезеных са шматлікіх экспедыцый, дэманструецца кніга Юрыя Якімовіча "Сілуэты старога Віцебска", асабістыя рэчы, фатаграфіі і публікацыі даследчыка.

Калі: з 22 кастрычніка
Дзе: Віцебскі абласны краязнаўчы музей, Віцебск, вул. Леніна, 36

Фотапраект "Планета без віз" у Мінску

Віртуальнае падарожжа вакол свету прапануе зрабіць аўтар фотапраекта "Планета без віз" – гродзенскі майстар Станіслаў Янчарскі. У той час як з-за пандэміі свет пазбавіўся магчымасці перамяшчацца без абмежаванняў, наведвальнікі мінскай выстаўкі могуць ажыццявіць узыходжанне на высокія горныя пункты, перасекчы самыя працяглыя пустыні, адправіцца да ўражальных вадаспадаў або зазірнуць у кратары небяспечных вулканаў... Усяго ў экспазіцыі прадстаўлена каля 170 фатаграфій, зробленых у 25 краінах свету – Беларусі, Аргенціне, Бразіліі, Грэцыі, Італіі, В'етнаме, Ісландыі, Камбоджы, Нарвегіі, Чылі…

Калі: 4 лістапада – 6 снежня
Дзе: Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, пл. Свабоды, 15, Мінск

"Музей ёлачных цацак" у Мінску

Напярэдадні навагодніх свят адна з буйнейшых калекцый ёлачных цацак запрашае вярнуцца ў дзяцінства і атрымаць асалоду ад чароўнай атмасферы надыходзячага свята. Тут можна ўбачыць рарытэтныя экзэмпляры з Еўропы, Азіі, Аўстраліі, Амерыкі і Афрыкі, даведацца пра гісторыю вытворчасці шкляных цацак з сярэдзіны XIX стагоддзя да нашых дзён, азнаёміцца з традыцыямі навагодніх свят розных краін свету – Конга, Перу, Інданезіі, Новай Зеландыі... Наведвальнікі музея змогуць даведацца пра сакрэты вытворчасці ўпрыгажэнняў на адзінай у Беларусі фабрыцы ёлачных цацак, а таксама наведаць майстар-класы мастакоў прадпрыемства і пад іх кіраўніцтвам стварыць сваімі рукамі сувеніры для сяброў і блізкіх.

Калі: 7 лістапада 2020 – 24 студзеня 2021
Дзе: Нацыянальны гістарычны музей, Мінск, вул. К. Маркса, 12
Даведацца больш

"Cinemascope. Анталогія" ў Музеі-майстэрні Азгура

Сусветна прызнаныя шэдэўры кінематографа пакажуць на камерных вечарах у сталічным музеі-майстэрні З.І. Азгура. У лістападзе сінефілам прапануюць прыняць удзел у расследаванні разам з дэтэктывам Джэйкам Гітэсам у карціне Рамана Паланскі "Кітайскі квартал", даведацца пра хітраспляценні лёсу і тайны аднаго з багацейшых людзей планеты ў фільме "Грамадзянін Кейн" Орсана Уэлса, а таксама паназіраць за дзіўным жыццём магільшчыка Хасэ-Луіса ў стужцы "Кат" Луіса Гарсіа Берлангі. Снежаньскі каляндар кінапаказаў адкрые "Лісабонская гісторыя" Віма Вендэрса, далей у праграме – "Інтымны дзённік" Пітэра Грынуэя, а завершыцца марафон "Cinemascope. Анталогія"-2020 "Тузом у рукаве" Білі Уайлдэра.

Калі: 12 лістапада – 17 снежня
Дзе: Мемарыяльны музей-майстэрня З.І. Азгура, вул. Азгура, 8, Мінск

Выстава "Эпоха, людзі, жыццё. Прастора мастацтва ХХ стагоддзя" ў Мінску

Эскізы тканін, геаметрычныя арнаменты, тэатральныя касцюмы, прадметы ў тэхніцы разьбы і роспісу па дрэве, мастацкае шкло – усе гэтыя атрыбуты "прасторы мастацтва ХХ стагоддзя" цяпер можна ўбачыць у сталічным Музеі беларускага кіно. Выстаўка ў філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея адкрылася ў рамках праграмы "Спадчына Садружнасці. Традыцыі для будучыні". Тут прадстаўлены работы ўжо вядомых публіцы мастакоў і творчых калектываў. Экспанаты адлюстроўваюць сувязь традыцый, часу, пакаленняў у прасторы мастацтва XX стагоддзя – ад авангардных плыней пачатку стагоддзя да радыкальных змяненняў у дызайне і матэрыялах, якія прыпалі на яго канец.

Калі: 17 лістапада – 10 снежня
Дзе: Музей гісторыі беларускага кіно, вул. Свярдлова, 4, Мінск

Фестываль "Арт-Мінск-2020" у Палацы мастацтва

Звыш 400 беларускіх і замежных мастакоў і 8 сталічных пляцовак з праектамі ў галіне выяўленчага мастацтва, фатаграфіі, дызайну – усё гэта арт-фестываль "Арт-Мінск-2020". На працягу месяца знатакоў мастацтва чакаюць смелыя творчыя праекты і калейдаскоп выстаў па ўсім горадзе: "Сібірская гарачка" ад славенскіх мастакоў разгорнецца ў галерэі "Арт-Беларусь", "Размовы" Сяргея Давідовіча чакаюць субяседнікаў у галерэі DK, выстава графікі Сяргея Цімохава "Краіна Святла" атрымае прапіску ў галерэі "Мастацтва", экспазіцыя пейзажнага жывапісу "Сузіранне цішыні" асталюецца ў галерэі "Беларт", творы станковай скульптуры і графікі А. Арцімовіча можна будзе ўбачыць у выставачнай зале А. Бембеля. Адным з акцэнтаў фестывалю стане I трыенале жывапісу, графікі і скульптуры Беларускага саюза мастакоў "VIVAT VITA" ў карціннай галерэі Л.Д. Шчамялёва.

Калі: 20 лістапада – 16 снежня
Дзе: Мінск, Рэспубліканская мастацкая галерэя, галерэя "Арт-Беларусь", галерэя DK, галерэя "Мастацтва", галерэя "Беларт", Нацыянальная бібліятэка Беларусі, гарадская карцінная галерэя твораў Л.Д. Шчамялёва, выставачная зала А. Бембеля
Даведацца больш

Выстава да 150-годдзя Фердынанда Рушчыца ў НММ

2020-ы год праходзіць пад імем беларускага пейзажыста Фердынанда Рушчыца: рашэннем 40-й сесіі вышэйшага органа ААН па пытаннях адукацыі, навукі і культуры 150-годдзе выдатнага беларуса было ўключана ў каляндар памятных дат ЮНЕСКА. У гонар юбілейнай даты ў галоўнай скарбніцы краіны адбудзецца адкрыццё выставы знакамітага пейзажыста, графіка, тэатральнага дэкаратара і педагога. У экспазіцыю ўвайшлі як работы самога Рушчыца, так і творы яго настаўнікаў Івана Шышкіна і Архіпа Куінджы, аднакурснікаў Мікалая Рэрыха, Канстанціна Багаеўскага, Вільгельма Пурвіціса, Аркадзя Рылова, а таксама творы вучняў – Пятра Сергіевіча і Міхаіла Сеўрука. Усяго ж у зборы НММ на гэты момант знаходзіцца чатыры карціны майстра.

Калі: 27 лістапада 2020 – 13 студзеня 2021
Дзе: Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, вул. Леніна, 20, Мінск
Даведацца падрабязней

Група "Кватра" ў Мінску

Салістаў вядомай групы "КВАТРА" за элегантны стыль і майстэрства называюць "залатымі галасамі" Расіі. Іх тэмбры, якія атрымалі параўнанне з чатырма порамі года, утвараюць поўную музычную гаму, дазваляючы выконваць кампазіцыі любой складанасці. Яны выступалі на адной сцэне з Пласіда Дамінга, Алесандра Сафіна, Майклам Болтанам, Дзмітрыем Хварастоўскім, Іосіфам Кабзонам... На гэты раз артысты прадставяць у Мінску ў суправаджэнні Эстрадна-сімфанічнага аркестра імя Ю.А. Васілеўскага вядомыя калядныя і навагоднія кампазіцыі – "Звенит январская вьюга", "Три белых коня", "Синий иней", "Снег кружится", "Кабы не было зимы"...

Калі: 1 снежня
Дзе: КЗ "Мінск", вул. Кастрычніцкая, 5, Мінск

Музычная праграма "Размываючы межы" ў Мінску

Унікальнае спалучэнне такіх музычных інструментаў, як саксафон і арган, спараджае здзіўленне ў аматараў класічнай музыкі. Смелы эксперымент прадставяць удзельнікі музычнай праграмы "Размываючы межы", якая трэці раз пройдзе ў Мінску ў рамках міжнароднага праекта "SAX STORIES". Саліст – саксафаніст Рыгор Харанека, акампаніраваць яму будуць Ганна Горбач (арган), Кацярына Жынгероўская (вакал), Мілена Харанека (фартэпіяна), а таксама струнны ансамбль – Кузьма Папакуль, Ганна Папраўка, Вікторыя Салтанава, Аксана Казлоўская (скрыпка), Тамаш Сідаровіч, Аляксей Карчэўскі (альт), Паліна Чаркас, Лізавета Лапо (віяланчэль), Міхаіл Нікалайчык (кантрабас).

Калі: 1 снежня
Дзе: КЗ "Верхні горад", Мінск, пл. Свабоды, 23а

TheatreHD: трансляцыі лепшых сусветных спектакляў у Мінску

Трансляцыі лепшых пастановак са сцэн свету прадоўжацца ў сталічным кінатэатры "Цэнтральны" да канца снежня. У праграме – драма, опера, балет, дакументалістыка і рускі тэатр. 5 снежня – трыа Ганны Нятрэбка (Леаноры), Дзмітрыя Хварастоўскага (графа дзі Луны) і Ёнхана Лі (трубадура Манрыкі) у гісторыі "Трубадура" на сцэне Метраполітэн Опера. 6 снежня – лонданская прэм'ера "Трылогіі Братоў Леман", прысвечаная росквіту і краху фінансавага гіганта "Леман Бразерс". 8 снежня – Іэн МакКелен і Патрык Сцюарт у пастаноўцы камічнага шэдэўра Гаральда Пінтэра "Нічыя зямля". 13 снежня – "Доктар Фаўст" паводле п'есы Крыстафера Марлы з Полам Хілтанам і Артурам Дарвілам. 15 снежня – Джэймс Макэвай у ролі легендарнага Сірано дэ Бержэрака ў аднайменным спектаклі брытанца Джэймі Лойда. 19 снежня – тэатр "Донмар" прадставіць пастаноўку Лоўрэнса Аліўе паводле п'есы Шэкспіра "Карыялан" з Томам Хідлстанам у галоўнай ролі. 13, 16, 20 снежня – "Загадка Рафаэля" і больш за 120 шэдэўраў аднаго з геніяў італьянскага Рэнесансу. 22 снежня – у рамках калекцыі расійскай прэміі "Залатая маска" Малы драматычны тэатр – Тэатр Еўропы пакажа гісторыю "Гамлета" з Данілам Казлоўскім у галоўнай ролі. 23 і 27 снежня – "Чароўная флейта" на сцэне Метраполітэн Опера з Джулі Тэймар. 27 і 30 снежня – час навагодняй казкі: эпахальны "Шчаўкунок" у харэаграфіі Юрыя Грыгаровіча ажыве на сцэне расійскага Вялікага тэатра. 29 снежня – монаспектакль "Дрэнь" Вікі Джонс з Фібі Уолер-Брыдж.

Прэм'ера оперы "Фаўст" у Вялікім тэатры Беларусі

Прэм'ера оперы "Фаўст" Шарля Гуно адбылася 21–22 лістапада ў Вялікім тэатры Беларусі. Гэта ўжо чацвёртая пастаноўка ў яго гісторыі: папярэдняя – пад кіраўніцтвам рэжысёра Сямёна Штэйна – убачыла свет у 1972-м і не сыходзіла з падмосткаў аж да 90-х гадоў ХХ стагоддзя. Аўтар новай рэдакцыі – рэжысёр-пастаноўшчык Ганна Маторная – ставіць перад гледачом філасофскія пытанні і акунае ў атмасферу фаўстаўскага эксперымента, дзе ён балансуе на мяжы рэальнасці і ірэальнасці, ілюзіі і данасці, усвядомленага ўяўлення і адчування. Паводле яе слоў, "гісторыя прымушае разважаць аб тым, хто мы, навошта мы тут і што трэба зрабіць для таго, каб тыя, хто прыйдуць пасля нас, можа, жылі лепш або хаця б задумаліся аб тым, што не варта страчваць".

Калі: 8 снежня
Дзе: Вялікі тэатр Беларусі, пл. Парыжскай Камуны, 1, Мінск
Даведацца падрабязней

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі