Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

26 Лют 2021

Каляндар падзей у Беларусі: САКАВIК 2021

Каляндар падзей у Беларусі: САКАВIК 2021

Сябры! Жыццё вымушае ўносіць карэктывы і ў тыя падзеі, пра якія кожны месяц расказвае каляндар Belarus.by. Успышка каранавіруса ў Еўропе і свеце выклікала закрыццё граніц дзяржаў, абмежаванне міжнароднага перамяшчэння, перанос і адмену масавых мерапрыемстваў. І вядома, самі людзі цяпер гатовы пачакаць з паездкамі, паходамі і забавамі, каб засцерагчы ад небяспекі сябе і блізкіх.

Беларусь сёння прымае ўсе неабходныя меры, каб не дапусціць распаўсюджвання інфекцыі. Краіна не ўвяла жорсткія абмежаванні на перамяшчэнне, аднак заклікае КОЖНАГА ЧАЛАВЕКА праяўляць асаблівую асцярожнасць, выконваць рэкамендацыі СААЗ і ўрачоў, вельмі строга захоўваць правілы асабістай гігіены, а галоўнае – беражліва ставіцца адзін да аднаго. У выпадку прыезду з эпідэміялагічна нестабільных рэгіёнаў і краін, пры самым малым падазрэнні на пагаршэнне самаадчування неабходна звярнуцца да медыкаў і, вядома ж, як мага хутчэй самаізалявацца, каб не стаць разносчыкам любой інфекцыі (не толькі каранавіруса)!

У гэтай сітуацыі адбываюцца адмены і пераносы вялікіх мерапрыемстваў, таму просім загаддзя ўдакладняць інфармацыю. Як анансуюць арганізатары, білеты на ўсе перанесеныя падзеі будуць сапраўдныя. І помніце: галоўнае – быць здаровымі!

Праект "Рарытэты Нацыянальнага гістарычнага музея" ў Мінску

Нацыянальны гістарычны музей запрашае мінчан і гасцей сталіцы ўбачыць рарытэты са сваіх фондаў... на адкрытым паветры. Незвычайная выстава, якая расказвае аб унікальнасці беларускай нацыі і яе гістарычнай спадчыне, з пачатку чэрвеня будзе прадстаўлена на агароджы Парка культуры і адпачынку імя Чалюскінцаў (праспект Незалежнасці). 70 фотабанераў пакажуць наведвальнікам каштоўнасці з розных эпох – манеты, зброю, нацыянальны касцюм, прадметы рэлігійнага культу, творы выяўленчага мастацтва, народныя промыслы і рамёствы, кнігі, каштоўныя металы, узнагароды, музычныя інструменты і многае іншае. Свой уклад у гэту экспазіцыю ўнеслі ўсе 5 філіялаў Нацыянальнага гістарычнага – Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці, Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі, Дом-музей I з'езда РСДРП, Музей гісторыі беларускага кіно, Музей прыроды і экалогіі.

Калі: 2 чэрвеня 2020 – 1 чэрвеня 2021
Дзе: агароджа Парка культуры і адпачынку імя Чалюскінцаў, пр. Незалежнасці, Мінск
Даведацца больш

Выстава "Тадэвуш Касцюшка як мастак"

4 лютага споўнілася 275 гадоў з дня нараджэння нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы і ЗША Тадэвуша Касцюшкі. У гэты дзень на малой радзіме выдатнага ваеннага і палітычнага дзеяча – у мемарыяльным музеі-сядзібе ва ўрочышчы Мерачоўшчына горада Косава – разгарнулася ўнікальная выстава-праект, якая раскрывае знакамітага генерала ў творчай іпастасі. Наведвальнікі могуць убачыць 16 рэпрадукцый работ Касцюшкі, выкананых ім у розныя перыяды жыцця. Тут прадстаўлены і першыя палотны – пераважна копіі работ іншых мастакоў, зробленыя ў час вучобы ў Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры ў Францыі, і рэплікі карцін больш позняга перыяду. Нягледзячы на тое, што Тадэвуш Касцюшка звязаў жыццё з ваеннай справай, ён прадаўжаў займацца жывапісам і пасля паўстання 1794 года, а ў Амерыцы набыў славу партрэтыста.

Калі: 4 лютага – 31 снежня
Дзе: Мемарыяльны музей-сядзіба імя Тадэвуша Касцюшкі, Брэсцкая вобласць, Іванаўскі раён, Косава, вул. Т.Касцюшкі, 108
Даведацца падрабязней

Выстава да 125-годдзя мастака Міхаіла Філіповіча ў НММ

Самабытны беларускі мастак Міхаіл Філіповіч, асноўны перыяд творчасці якога прыпаў на 1920-30-я гады мінулага стагоддзя, застаў пераходную, багатую на розныя мастацкія новаўвядзенні эпоху канца XIX – першай трэці XX стагоддзяў. Менавіта таму ў яго работах то сплаўляліся, то гучалі сольна мадэрн, постымпрэсіянізм, футурызм, супрэматызм, фавізм, экспрэсіянізм, неарэалізм, імпрэсіянізм... "На Купалле", "Казачны сюжэт", "Карагод", "Стары беларус з люлькай", "Бітва на Нямізе", "Жанчына ў намітцы", "Стары пастух з трубой", "Народнае гулянне" – усе гэтыя палотны ўвайшлі ў залаты фонд мастацтва Беларусі. У экспазіцыі да 125-годдзя выдатнага жывапісца прадстаўлена каля 150 твораў жывапісу, графікі, скульптуры з мінскіх музеяў і прыватных збораў, фатаграфіі і выданні.

Калі: 4 лютага – 4 красавіка
Дзе: Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, вул. Леніна, 20, Мінск
Даведацца падрабязней

Выставачны праект "Давід Якерсон. Скульптура. Графіка" ў Мінску

Юбілей – 125-годдзе знакамітага скульптара і графіка Давіда Якерсона – стаў значнай падставай для прэзентацыі ў Мінску выставачнага праекта, створанага сумесна з Віцебскім абласным краязнаўчым музеем. Давід Якерсон вучыўся ў Віцебскай мастацкай школе Юдаля Пэна, праз якую прайшлі многія вядомыя мастакі, уключаючы Марка Шагала і Лазара Хідэкеля. Ён з'яўляецца амаль не адзіным прадстаўніком скульптурнага супрэматызму, членам вядомага авангарднага аб'яднання "УНОВІС". У экспазіцыі прадстаўлены больш за 100 графічных работ і скульптур, архіўныя фатаграфіі, арнаментальныя кампазіцыі ў стылістыцы ар-нуво, эксперыменты ў духу кубізму і экспрэсіянізму, пленэрныя замалёўкі Віцебска, наватарскія супрэматычныя творы 1920-х, фігурная скульптура 1930-х гадоў.

Калі: 10 лютага – 4 красавіка
Дзе: Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, вул. Леніна, 20, Мінск
Даведацца падрабязней

"Востраў жаданняў" у Белдзяржцырку

Новую праграму да вясны прадставіць Белдзяржцырк: цяпер гледачы змогуць адправіцца ў займальнае падарожжа на "Востраў жаданняў". Стваральнікі прэм'еры ўпэўнены, што цыркавы манеж таксама з'яўляецца казачным востравам, дзе самыя запаветныя мары становяцца рэальнасцю. У праграме выступяць паветраныя гімнасты, эквілібрысты, акрабаты, клоўны, жанглёр, а таксама дрэсіраваныя поні і коні, забаўныя тхары і вясёлыя сабачкі. Акрамя таго, у фае цырка разгорнуцца экспазіцыя "Цыркавое рандэву" і займальная фотазона, дзе кожны жадаючы зможа паспрабаваць сябе ў ролі цыркавога гімнаста, клоўна і нават ільва.

Калі: 20 лютага – 4 красавіка
Дзе: Беларускі дзяржаўны цырк, пр. Незалежнасці, 32, Мінск

TheatreHD: трансляцыі лепшых сусветных спектакляў у Мінску

З надыходам вясны трансляцыі лепшых пастановак са сцэн свету прадоўжацца ў сталічным кінатэатры "Цэнтральны". У праграме – драма, опера, балет, а таксама дакументальнае кіно пра мастацтва і выдатных жывапісцаў – #АртЛекторийВкино.

Калі: сакавік
Дзе: Мінск, кінатэатр "Цэнтральны", VOKA CINEMA by Silver Screen

Гала-канцэрт зорак Вялікага тэатра Беларусі

Грандыёзны канцэрт ад узыходзячых зорак Вялікага тэатра Беларусі адбудзецца на рэгіянальнай пляцоўцы да Міжнароднага жаночага дня. У праграму вечара ўвойдуць вядомыя арыі з твораў сусветных класікаў, сярод якіх Імрэ Кальман і Іаган Штраус. Арыю Містэра Х з аперэты "Прынцэса цырка" выканае лаўрэат міжнародных конкурсаў Дзяніс Янцэвіч, у ролі Сільвы з аднайменнай аперэты выступіць лаўрэат міжнародных конкурсаў Марына Ліхашэрст, дуэт Генрыха і Разалінды з аперэты "Лятучая мыш" увасобяць Дзмітрый Шабеця і Дзіяна Трыфанава.

Калі: 3 сакавіка
Дзе: Палац культуры, вул. Казлова, 41, Салігорск

250-годдзе Бетховена: Канцэрт аркестра "Метамарфоза" ў Мінску

Заснаваны ў 2015-м беларускі струнны аркестр "Метамарфоза" пад кіраўніцтвам вядомага дырыжора Паўла Любамудрава выступіць у камернай зале Нацыянальнай школы прыгажосці з праграмай, прысвечанай 250-годдзю з дня нараджэння Людвіга ван Бетховена – чалавека, які не шкадаваў часу і намаганняў, каб дабіцца дасканаласці! 2 красавіка 1800 года ў Імператарскім прыдворным тэатры ў Вене прагучала Сімфонія №1 до мажор, прысвечаная барону Готфрыду Ван Світэну. Праз тры гады публіка пачула другі твор Людвіга Ван Бетховена ў жанры сімфонія, створаны кампазітарам ужо ў той час, калі яго пачалі мучыць першыя моцныя прыступы глухаты.

Калі: 5 сакавіка
Дзе: Нацыянальная школа прыгажосці, вул. Мельнікайтэ, 4, Мінск

Дзіяна Арбеніна і "Начныя снайперы" ў Мінску

Новы1 0-ы студыйны альбом "Невыносная лёгкасць быцця" прадставіць у Мінску вядомая група "Начныя снайперы" на чале з нязменным лідарам – паэтам і кампазітарам, ураджэнкай Беларусі Дзіянай Арбенінай. У 2019-м калектыў адзначыў 25-гадовы юбілей сусветным турам. За час пандэміі Дзіяна паспела прэзентаваць кнігу навейшай прозы "Снежны барс", а ўжо зусім хутка адбудзецца прэм'ера новай праграмы "Кісларод". Беларусам арганізатары абяцаюць трыумф рок-н-рола, нестандартны перформанс і, вядома, толькі любімыя трэкі, сярод якіх "Боні і Клайд", "Рынгтон", "Разбудзі мяне", "31-я вясна", "Ляці, мая душа", "Катастрафічна", "Сумныя людзі"…

Калі: 5 сакавіка
Дзе: Палац спорту, пр. Пераможцаў, 4, Мінск

"Джазавыя вечары ў філармоніі": квінтэт Дзмітрыя Наскова (Расія - ЗША)

"Я буду спяваць табе, як Фрэнк" – гаворыць вакаліст, кампазітар, аўтар саўндтрэкаў да фільмаў, намінант прэміі "Залаты арол-2019" за лепшую музыку да фільма і заснавальнік уласнага квінтэта Дзмітрый Наскоў, запрашаючы адправіцца ў музычнае падарожжа па Амерыцы 1950-60-х гадоў. Менавіта ў гэты час многія меламаны захапляліся джазам і збіраліся ў клубах і канцэртных пляцоўках, каб пачуць голас Фрэнка Сінатры. У праграму камернага мінскага вечара ўвайшлі каля 20 хітоў легенды ў выкананні ўдзельнікаў квінтэта, сярод якіх Стас Далжкоў (саксафон), Радзівон Гобараў (раяль), Алег Бутман (барабаны), Арк Аўруцкі (кантрабас).

Калі: 8 сакавіка
Дзе: Беларуская дзяржаўная філармонія, пр. Незалежнасці, 50, Мінск

Масленіца ў Беларусі

У 2021-м вясёлы Масленічны тыдзень, які праводзіць зіму і клікае прыгажуню-вясну, пачнецца 8 сакавіка і прадоўжыцца да Даравальнай нядзелі 14 сакавіка. У хрысціянстве гэта традыцыя, якая нарадзілася яшчэ ў язычніцкія часы, з'яўляецца важным этапам падрыхтоўкі да Вялікага посту: за час Масленіцы вернікі павінны наблізіцца да даравання ўсіх крыўд, пакаяння і прымірэння з бліжнімі. І вядома, ад усёй душы павесяліцца! У гарадах, этнаграфічных музеях і агратурыстычных комплексах у гэтыя дні разгорнуцца гулянні. Старадаўнія забавы, сімвалічныя абрады, палаючыя вогнішчы, колы і – абавязкова! – пудзіла, смачныя румяныя бліны, якія сімвалізуюць сонца – свята абяцае шмат цікавага.

Калі: Масленічны тыдзень у гэтым годзе доўжыцца з 8 па 14 сакавіка, але святкаваць пачынаюць нават раней. Даўней перад Масленіцай (Сырнай сядміцай) адзначалі яшчэ і Стракаты, або Мясапусны тыдзень.

Дзе: гарадскія пляцоўкі, этнаграфічныя музеі і комплексы
Масленіца ў Музеі народнай архітэктуры і побыту – 13-14 сакавіка
Масленіца ў "Дудутках" – 13 сакавіка
Масленіца ў парку гісторыі "Вялікае княства Сула" – 13, 14, 20, 21 сакавіка
Масленіца ў Цэнтры экатурызму "Станькава" – 13 сакавіка
Масленіца ў музейным комплексе "Дукорскі маёнтак" – 14 сакавіка
Праграма "Э-ге-гей! Масленіца!" у Бярэзінскім біясферным запаведніку – з 6 па 14 сакавіка 
Масленічныя гулянні ў музеі народнай творчасці "Бездзежскі фартушок" – да 14 сакавіка

Сяргей Макавецкі і Марына Аляксандрава: спектакль "Тата" ў Мінску

Кранальную гісторыю пра ўзаемаадносіны бацькі і дачкі раскажуць беларускаму гледачу вядомыя расійскія акцёры Сяргей Макавецкі і Марына Аляксандрава. Аўтар п'есы "Тата" Фларыян Зелер у 2014-м быў удастоены за свой твор Прэміі Мальера – галоўнай тэатральнай узнагароды ў Францыі. Потым яе сцэнічнае ўвасабленне ўбачылі гледачы ў Парыжы, Лондане, Нью-Ёрку, Сіднеі, Ганконгу... З першых сцэн госці акунаюцца ў эмацыянальна напружаную атмасферу, дзе галоўны герой – 80-гадовы Андрэ – ніяк не можа зразумець, ці быў ён танцоўшчыкам або інжынерам, ці жыве ён з дачкой Аннай і яе мужам, і як жа яго завуць – Антуан або П'ер? Так пачынаецца сямейная гісторыя, у якой чалавек пачынае імкліва страчваць кантроль над сваім розумам…

Калі: 10, 11 сакавіка
Дзе: Цэнтральны Дом афіцэраў, вул. Чырвонаармейская, 3, Мінск

Фестываль ліхтароў "Каралеўства чароўных агнёў" у Батанічным садзе

Гэтай вясной галоўная зялёная скарбніца Мінска запрашае на фестываль "Каралеўства чароўных агнёў". 25 маштабных кампазіцый, якія аб'ядноўваюць больш за 200 светлавых арт-аб'ектаў, упрыгожаць маляўнічы ландшафт тэрыторыі саду і падораць гасцям казку наяве. Тут замак, куды ў залатой карэце спяшаецца Папялушка, суседнічае з землямі Нятландыі, дзе пасялілася фея Дзінь-Дзінь. Уваход у дзівосны парк ахоўваюць доблесныя рыцары, а лясны гушчар кішэе загадкавымі жыхарамі. Ведьмы вараць чарадзейнае зелле, павукі плятуць сеткі для прахожых, якія зазяваліся, злосны огр чакае за вуглом. Памеры самай вялікай светлавой фігуры – больш за 6 метраў у вышыню і каля 10 метраў у даўжыню! Дзякуючы святломузычным спецэфектам госці змогуць поўнасцю акунуцца ў казачную атмасферу. Для дэкарацый выкарыстаны тысячы дыёдных лямпачак, некалькі кіламетраў святлодыёднай стужкі, сотні метраў атласнай тканіны. У выхадныя госці фестывалю змогуць атрымаць асалоду ад захапляючага фаер-шоу тэатра агнёў. Паказ будуць дэманстраваць у пачатку кожнай гадзіны – 20.00, 21.00 і 22.00. А на адкрыцці 12 сакавіка ў 19.00 усіх чакае асаблівы сюрпрыз – паказ з удзелам трохметровага агнядышнага дракона. Ажываюць гіганцкія ліхтары толькі з прыходам цемнаты, таму ўбачыць іх можна будзе вечарам з 19.00 да 23.00. Для наведвальнікаў прадугледжаны зона фуд-корта, Горад майстроў з сувенірамі ручной работы.

Калі: 12 сакавіка – 25 красавіка, аўторак – нядзеля з 19.00 да 23.00, панядзелак – выхадны.
Дзе: Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі, вул. Сурганава, 2В, Мінск

Канцэрт "Маймуна і сімфанічны аркестр"

Віртуозная скрыпачка Маймуна вядомая публіцы па дуэце са спеваком Юзары на конкурсе "Еўрабачанне-2015". Пра майстэрства дзяўчыны сведчыць і факт, што ёй удалося сыграць "Палёт чмяля" за 54 секунды, пабіўшы сусветны рэкорд немца Дэвіда Гарэта. У мінулым першая скрыпка Прэзідэнцкага аркестра, сёння яна займаецца сольнай творчасцю і выступае з аркестрам Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра. У новай праграме прагучаць класічныя кампазіцыі Брамса, Сен-Санса, Хачатурана, Монці ў сучаснай аранжыроўцы, саўндтрэкі з кінастужак "Гульня прастолаў", "Піраты Карыбскага мора", "Шакалад", "Анастасія". Таксама адбудзецца прэм'ера аўтарскага твора беларускага кампазітара Дзмітрыя Фрыгі.

Калі: 13 сакавіка
Дзе: Беларускі дзяржаўны музычны тэатр, вул. Мяснікова, 44, Мінск

Тэатральны тыдзень форуму "M@rt.кантакт" у Магілёве

Традыцыйны форум "М@rt.кантакт" у 2021-м пройдзе ў новым фармаце, прадыктаваным абмежаваннямі пандэміі: у рамках фестывалю ў горад на Дняпры прыедуць на гастролі творчыя калектывы вядучых тэатраў краіны. На працягу тыдня на магілёўскай сцэне адбудуцца паказы 8 спектакляў. Адкрыюць тэатральны марафон артысты Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча з пастаноўкай "Кропкі на часавай восі". Падхопяць эстафету іх калегі з Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, якія 22 сакавіка пакажуць спектакль "Шлюб з ветрам". Усе пастаноўкі пройдуць на малой і асноўнай сцэнах Магілёўскага абласнога драмтэатра, а вось жадаючых убачыць знакаміты спектакль "Сіняя-сіняя", які ў 2017-м стаў лепшым монаспектаклем на міжнародным фестывалі "Белая Вежа", чакаюць у Магілёўскім абласным тэатры лялек.

Калі: 21–27 сакавіка
Дзе:
Магілёўскі абласны драматычны тэатр, вул. Першамайская, 7, Магілёў;
Магілёўскі абласны тэатр лялек, вул. Першамайская, 73, Магілёў
Даведацца падрабязней

Прэм’ера ў Вялікім тэатры: опера "Пінокіа"

Адной з самых чаканых прэм’ер беларускага Вялікага ў гэтым сезоне стала опера "Пінокіа". З моманту першага паказу ў 2008 годзе шэдэўр Глорыі Бруні ўжо прагучаў у Неапалі, Парме, Лондане і іншых гарадах Еўропы. Мінск далучыўся да "марафону", прэзентаваўшы спектакль да зімовых канікулаў. Сцэнічным увасабленнем знакамітай гісторыі займалася згуртаваная каманда – дырыжор Уладзімір Авадок, рэжысёр Наталля Бараноўская і мастак Любоў Сідзельнікава. Для пастаноўшчыка гэта рэжысёрскі дэбют. Паводле слоў Наталлі Бараноўскай, "гісторыя аб драўлянай ляльцы, якая стала чалавекам, па-ранейшаму актуальна, бо мы ўсе робім памылкі, але, выпраўляючы іх, расцём…"

Калі: 21 сакавіка, 11.00 
Дзе: Вялікі тэатр Беларусі, пл. Парыжскай Камуны, 1, Мінск

Канцэрт "Ганна Герман – 85. Рэха кахання" ў Мінску

"Ганна Герман – 85. Рэха кахання..." – канцэртная праграма Прэзідэнцкага аркестра Беларусі, прысвечаная 85-годдзю з дня нараджэння вядомай выканаўцы Ганны Герман. Пачатак яе творчай кар'еры прыпаў на 1960-я, а потым пасля аўтакатастрофы і доўгага аднаўлення яна набыла аглушальны поспех. У праграме юбілейнага вечара прагучаць лепшыя кампазіцыі з рэпертуару легендарнай спявачкі, у тым ліку "Надзея", "Гары, гары, мая зорка", "Калі цвілі сады", "Рэха кахання", якія на доўгія гады сталі яе візітнай карткай. Удзельнікі канцэрта – таленавітыя беларускія выканаўцы, у жыцці якіх творчасць Ганны Герман займае асаблівае месца.

Калі: 26 сакавіка
Дзе: Палац Рэспублікі, пл. Кастрычніцкая, 1, Мінск

Прэм'ера ў Беларускім музычным тэатры: балет-казка "Пеця і воўк"

Музычная казка Сяргея Пракоф'ева "Пеця і воўк" знаёмая не аднаму пакаленню дзяцей па ўсім свеце. У розны час з гэтым творам, напісаным кампазітарам ХХ стагоддзя, працавалі прызнаныя майстры – дырыжоры Яўген Святланаў, Генадзь Раждзественскі, Леанард Бернстайн, Карл Бём, Сяргей Кусявіцкі і Герберт фон Караян, а тэкст чыталі Мікалай Літвінаў, Жэрар Філіп, Ромі Шнайдэр і Элеанора Рузвельт. Гісторыя шэдэўра для юных гледачоў дзіўная і пачалася ў 1936 годзе, калі Наталля Сац, стваральнік Цэнтральнага дзіцячага тэатра ў Маскве, прапанавала Сяргею Пракоф'еву, які нядаўна вярнуўся ў СССР, напісаць музычную гісторыю для самых маленькіх. Праз чатыры дні маэстра прынёс клавір "Пеці і ваўка", а балет публіка ўбачыла ў 1959-м.

Калі: 28 сакавіка
Дзе: Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр, вул. Мяснікова, 44, Мінск
Даведацца падрабязней

Дзімаш Кудайберген у Мінску

У Мінску з вялікім шоу выступіць бліскучы вакаліст, "казахстанскі цуда-голас", "касмічны хлопчык" Дзімаш Кудайберген, якога ўжо цяпер называюць лепшым голасам планеты. Факты гавораць самі за сябе: у яго голасе ўмяшчаецца барытон, тэнар, альціна, мужчынская версія сапрана, а вакальны дыяпазон складае шэсць актаў. У Кітаі ён прызнаны самым папулярным спеваком Азіі па версіі Top Chinese Music Awards. У яго 114 фан-клубаў у 46 краінах, колькасць яго паклоннікаў перасягнула 10 мільёнаў. Атрымаць асалоду ад гучання чароўнага голасу Дзімаша, яго віртуознага выканання папулярных класічных і сучасных кампазіцый змогуць і беларускія паклоннікі ў сценах самай вялікай канцэртнай пляцоўкі.

Калі: 28 сакавіка
Дзе: Мінск-Арэна, праспект Пераможцаў, 111, Мінск

Вялікі Stand Up Паўла Волі ў Мінску

Адзін з самых дзёрзкіх рэзідэнтаў гумарыстычнага праекта Comedy Club, паспяховы шоўмен, тэлевядучы, дыджэй, акцёр, музыкант Павел Воля за 12 гадоў паспеў заваяваць шматмільённую аўдыторыю тэлегледачоў. Яго візіткай сталі смелыя маналогі на злабадзённыя тэмы, прыпраўленыя іроніяй і дасціпнымі жартамі. За гэтым і прыходзяць гледачы з розных краін на Stand Up шоу Паўла Волі. Вялікі стэнд-ап канцэрт – гэта яркі калейдаскоп, які спалучае імправізацыі, жарты, сапраўдныя гісторыі з жыцця.
 
Калі: 29 сакавіка
Дзе: Палац Рэспублікі, пл. Кастрычніцкая, 1, Мінск

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі