22 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольга Якабсон расказала журналістам, якія нацыянальныя святы сустракаюць беларусы замежжа, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У многіх краінах свету, дзе пражывае беларуская дыяспара, праводзяцца розныя мерапрыемствы, папулярызуючыя беларускую культуру. У першую чаргу гэта традыцыйныя абрадавыя святы. У далёкай Іарданіі сустракаюць і Каляды, і Купалле. Прычым на Каляды прывозяцца беларускія цукеркі, у асноўным "Камунарка" і "Спартак", каб падарыць калядоўшчыкам менавіта нашы ласункі. У бягучым годзе да нас звярнулася беларускае пасольства ў Венгрыі дапамагчы са сцэнарыем для Купалля", - сказала Вольга Якабсон.
Намеснік упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Сяргей Герасіменя падкрэсліў, што і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей, а таксама прадстаўнікі, якія пражываюць у Беларусі, сустракаюць тут свае святы. "Беларусь шматаблічная і багата разнастайнасцю нацыянальнасцей, якія насяляюць нашу краіну. Асаблівасць Беларусі - наша нацыянальная згода. Калі звярнуць увагу, то Беларусь з'яўляецца "белай варонай" сярод краін, якія знаходзяцца вакол. Тут адсутнічаюць канфлікты і правапарушэнні на расавай глебе і глебе міжнацыянальных канфліктаў. Усюды яны ёсць, у Беларувсі яны не фіксуюцца", - заўважыў Сяргей Герасіменя. На яго думку, менавіта з разнастайнасці нацыянальных дыяспар і складаецца беларуская культура.
Вольга Якабсон дадала, што падтрымка творчых калектываў розных нацыянальнасцей на тэрыторыі нашай краіны аказваецца ў рамках дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі". "Усе мерапрыемствы, якія праводзяцца з нацыянальна-культурнымі грамадскімі аб'яднаннямі, не абмяжоўваюць магчымасць удзелу прадстаўнікоў розных канфесій. Усе роўныя. Праводзяцца мерапрыемствы праваслаўных, католікаў, іўдзеяў, мусульман. Яны прыходзяць адзін да аднаго на агульныя мерапрыемствы і сустракаюць святы разам з усімі, нягледзячы на дачыненне да той ці іншай канфесіі. Штогод складаецца вялікі план, дзе кожная нацыянальнасць прыўносіць свае прапановы, якія затым рэалізуюцца на базе Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур або іншых канцэртных пляцоўках", - адзначыла Вольга Якабсон.
Паводле яе слоў, прадстаўнікі розных веравызнанняў, удзельнічаючы ў сумесных мерапрыемствах, узбагачаюць свой кругагляд, даведваючыся пра тонкасці і нюансы той ці іншай нацыянальнай культуры. "Культура аб'ядноўвае. Яна - народная дыпламатыя. І, самае галоўнае, што ўсе - вялікая адзіная сям'я. Усе нацыянальнасці розныя, але яны аб'яднаны вялікім пачуццём любові да нашай цудоўнай Беларусі", - рэзюмавала дырэктар цэнтра.