Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

10 Стд 2019

Калектывы з 10 краін прымуць удзел у тэатральным форуме "М@rt. кантакт" у Магілёве

Калектывы з 10 краін прымуць удзел у тэатральным форуме
Фота з архіва

10 студзеня, Магілёў /Сяргей Кулягін - БЕЛТА/. ХIV Міжнародны маладзёжны тэатральны форум "М@rt. кантакт" пройдзе ў Магілёве 21-27 сакавіка. На ім будзе прадстаўлена 23 спектаклі тэатральных калектываў з 10 краін, паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі намеснік старшыні аблвыканкама, старшыня аргкамітэта форуму Андрэй Кунцэвіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Гледача чакае насычаная, яркая і разнажанравая праграма. Таму мы разлічваем на вялікую глядацкую цікавасць і плануем ужо з 15 студзеня пачаць рэалізацыю білетаў на спектаклі, - сказаў старшыня аргкамітэта форуму. - Мы таксама спадзяёмся, што гэты фестываль будзе садзейнічаць развіццю міжнародных кантактаў і стане сур'ёзным стымулам для новых ініцыятыў і творчага росту маладых таленавітых рэжысёраў і акцёраў".

На тэатральнае свята запрошаны калектывы, якія ўжо ярка праявілі сябе на форуме папярэднія гады, а таксама новыя тэатры і творчыя групы з Расіі, Літвы, Латвіі, Украіны, Польшчы, Ізраіля і іншых краін. "Спектаклі форуму традыцыйна пра моладзь, для моладзі і з удзелам моладзі. Тэмы - актуальныя і вечныя: узаемаадносіны паміж людзьмі і канфлікт пакаленняў, станаўленне асобы і пошук сябе, масавая культура, інтэрнэт і іншыя. Інакш кажучы, палітра праграмы вельмі яркая і актуальная, у якой чакаецца нямала творчых эксперыментаў. Таму цяперашняе мерапрыемства абяцае стаць адным з самых прыкметных і цікавых культурных падзей бягучага года ў жыцці вобласці".

Як адзначыў дырэктар Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Андрэй Новікаў, своеасаблівым дэвізам тэатральнага форуму стане "класіка і сучаснасць". "Інакш кажучы ў афішы шмат пастановак паводле класічных твораў, у тым ліку паводле Альбера Камю, Вальтэра. Але таксама нямала знакавых сучасных тэкстаў, напрыклад, пастаноўка "Чалавек з Падольска" (Театр.doc, г. Масква, Расія) або незвычайны праект "ЦэШо" - сацыяльны рэйв-бэнд кіеўскага Цэнтра сучаснага мастацтва "ДАХ" і незалежнай групы артыстаў "Тэатр-Пральня" (Украіна).

Магілёўскі абласны драмтэатр прадставіць спектакль "Жоўты пясочак" у пастаноўцы маладога рэжысёра Камілі Хусаінавай паводле апавядання Васіля Быкава, а Магілёўскі абласны тэатр лялек пакажа прэм'еру "Кандыд, або Аптымізм" (паводле Вальтэра) у пастаноўцы галоўнага рэжысёра тэатра Ігара Казакова.

У час спецыяльнай праграмы форуму адбудуцца традыцыйныя майстар-класы для маладых акцёраў, а на працягу фестывальнага тыдня будзе працаваць майстэрня маладой рэжысуры. Тэатральныя крытыкі вызначаць "Падзею форуму", па выніках глядацкага і інтэрнэт-галасавання выберуць лепшы спектакль.

Праект стартаваў у 2006 годзе. За гэты час форум стаў адным з самых значных і чаканых  культурных падзей не толькі ў Магілёве, але і ва ўсёй тэатральнай прасторы Беларусі. Геаграфія форуму шырокая. За ўсе гады правядзення фестывалю на ім было паказана больш за 200 спектакляў з 21 краіны. Іх паглядзелі больш за 40 тыс. гледачоў.

Заснавальнікамі форуму з'яўляюцца Міністэрства культуры, Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, Магілёўскі абласны драматычны тэатр.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі