11 ліпеня, Шклоўскі раён /Кар. БЕЛТА/. Калі размова ідзе пра сапраўдную дружбу, 4 тыс. км - не адлегласць. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на рэспубліканскім свяце "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў"), гаворачы пра ўдзел дэлегацый з Расіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што цяперашняе свята "Купалле" ў Александрыі праходзіць ужо 17-ы раз. У гэтым ёсць і сумная нотка - прайшоў яшчэ адзін год. Мінулы раз за два дні ў Александрыі пабывала 115 тыс. чалавек. Прэзідэнт уэўнены, што ў гэтым годзе "Купалле" ў Александрыі наведае яшчэ больш людзей. Тым больш надвор'е спрыяе ўдзельнікам і гасцям свята, нягледзячы на дажджы, якія прайшлі ў шэрагу рэгіёнаў Беларусі.
"Гасподзь падарыў нам у прамежку паміж дажджамі цудоўнае надвор'е. Таму тэрмін "калі надвор'е не падвядзе" нам не падыходзіць ужо. Надвор'е будзе нармальнае", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
У гэтым годзе паўдзельнічаць у свяце на беразе Дняпра ўпершыню прыехалі дэлегацыі з Чувашыі, Курганскай, Растоўскай і Кемераўскай абласцей. "Як бачыце, 4 тыс. км і нават больш - гэта не адлегласць, калі размова ідзе пра сапраўдную дружбу", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.


"Я хачу, паважаныя расіяне, павітаць вас тут, на гэтым нашым свяце. Дзякуй, што прыехалі", - дадаў беларускі лідар.
Прэзідэнт адзначыў, што тут ёсць і ўкраінцы, няхай і няшмат. "Мы, шчыра скажу, хацелі б, каб іх было больш. І я перакананы, я ўпэўнены, што, калі мы не забудзем аб гэтым свяце, хутка тут будзе вялікая колькасць нашых украінцаў, якія з вялікім задавальненнем наведалі б гэта свята", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Разам з тым прымаць такую колькасць гасцей, заняць іх і накарміць - няпростая справа, на што і звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. "Але самае галоўнае ў свяце - падарыць гэтым людзям пачуццё дома. Упэўнены, кожны павязе з Александрыі цудоўныя ўражанні. Я вельмі ўдзячны вам за ўвагу і гасціннасць. Цёплы прыём, які беларусы аказваюць тут нашым гасцям, падахвочвае людзей вяртацца сюды зноў і зноў. У нас у Александрыі рады ўсім: і дарослым, і моладзі, і дзецям", - запэўніў ён.