Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

31 Mar 2021

Юбілейная выстава беларускага мэтра акварэлі Фелікса Гумена адкрылася ў Віцебску

Юбілейная выстава беларускага мэтра акварэлі Фелікса Гумена адкрылася ў Віцебску

31 сакавіка, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. У Мастацкім музеі Віцебска 30 сакавіка адкрылася выстава Фелікса Гумена "Мой родны кут", прысвечаная 80-годдзю майстра, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Фелікс Гумен прызнаны ў Беларусі акварэліст. За свае гады мастак прыцягнуў да сябе ўвагу людзей розных узростаў, ён не толькі далучае да мастацтва, але і вучыць стаўленню да яго. Разнастайнасць тэм, тэхнічных прыёмаў, маштабнасць мыслення, смелае акварэльнае пісьмо - усё гэта ўласціва творчасці мэтра.

У экспазіцыю "Мой родны кут" адабраны работы Фелікса Гумена розных гадоў і жанраў. Акварэлі напісаны з дзіўным пачуццём і майстэрствам: выразнасць контураў, ліній, эмацыянальныя пераходы колеру, буйныя формы. Мастак стварае свае творы ў яркім парыве душы, на адным дыханні, адлюстроўваючы ў іх сваю энергетыку і неардынарнасць. Работы майстра знаходзяцца ў многіх музеях і прыватных калекцыях свету, у фондзе абласнога краязнаўчага музея іх ажно 1170.

Павіншаваць юбіляра прыйшлі яго калегі, вучні, выхаванцы школ мастацтваў горада, прадстаўнікі ўлады, адданыя прыхільнікі таленту мастака, супрацоўнікі музеяў і тэатра. Адзін з гасцей - вядомы віцебскі мастак і вучань мэтра Аляксандр Малей. Ён расказаў, што Фелікс Фёдаравіч - лідар сярод акварэлістаў. За 10 гадоў сваёй педагагічнай дзейнасці на мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржуніверсітэта ён навучыў гэтай разнавіднасці выяўленчага мастацтва многіх. "Яго выпускнікі сфарміравалі ў нашай краіне віцебскую школу акварэлі. Фелікс Гумен з'яўляецца заснавальнікам пасляваеннай беларускай акварэлі, гэты моцны імпульс выйшаў з яго рук", - адзначыў Аляксандр Малей.

Юбіляру ўручылі ганаровую грамату Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, а таксама нагрудны знак Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава. Фелікс Гумен стаў першым уладальнікам вузаўскай ўзнагароды.

Пасля шматлікіх віншаванняў Фелікс Фёдаравіч падзякаваў усім за цёплыя словы, пажадаў усім гледачам любові і здароўя.

Выстава "Мой родны кут" будзе працаваць па 31 мая.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі