Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

7 Ліп 2021

Гасцей Александрыі чакаюць купальскія падворкі, экскурсіі, цыркавыя выступленні і шмат музыкі

Гасцей Александрыі чакаюць купальскія падворкі, экскурсіі, цыркавыя выступленні і шмат музыкі
Фота з архiва

7 ліпеня, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Зацверджана праграма мерапрыемстваў рэспубліканскага свята "Купалле", якое пройдзе 10-11 ліпеня ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказалі ў галоўным упраўленні ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама.

Асноўныя гулянні стартуюць у суботу. З 11.00 пачне работу экскурсійны маршрут па тэматычных пляцоўках свята. Будзе арганізавана выстаўка прадукцыі Мінскага трактарнага завода "Зроблена ў Беларусі", а таксама работа экспазіцыйна-тэматычных купальскіх падворкаў "Ручнік народнага адзінства", "Александрыйская гасцiна", "Гандлёвая суполка" і "Свята кнiгi". Тут жа адкрыецца маладзёжная пляцоўка "Талака" з творчым праектам "Час выбраў нас", пройдзе фінал рэспубліканскага сельскагаспадарчага праекта "Уладар сяла" і спаборніцтвы па паўэрліфтынгу.

З 15.00 пачне работу забаўляльна-гульнявая пляцоўка для дзяцей "У гасцях у казкі" з паказам спектакля Магілёўскага абласнога тэатра лялек. У праграму для самых маленькіх уключаны выступленні артыстаў цырка-шапіто і эстрадна-цыркавыя паказы. Каб шоу ўбачылі як мага больш маленькіх гледачоў, яно паўторыцца ў 13.00, 16.00 і 18.30. Тут жа будуць арганізаваны фотазона і кірмаш-продаж сувенірнай і кандытарскай прадукцыі.

З 11.00 да 21.00 у Александрыйскай сярэдняй школе будзе працаваць экспазіцыя "Малая радзіма" з наведваннем класа, у якім вучыўся Прэзідэнт Беларусі. Ва ўстанове адукацыі таксама адкрыецца выстава "Тканае неба Александрыі". Абласная тэматычная пляцоўка "Дзень адчыненых дарог", прысвечаная 85-годдзю з дня ўтварэння Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі, будзе працаваць з 16.00 да 18.00.

Творчыя праграмы на малой канцэртнай пляцоўцы пройдуць з 11.00 да 20.30. Адкрыюць чараду выступленняў юныя таленты Магілёўшчыны - выхаванцы прадзюсарскіх цэнтраў "Ступені" і "Анёлы дабра", заслужанага аматарскага калектыву тэатра-студыі "Вясёлка", а таксама салісты Магілёўскай абласной філармоніі. На гэтай жа сцэне ў 13.20 гледачы ўбачаць мюзікл "Вянок на вадзе" на аснове народных абрадавых стылізаваных песень і мелодый, а таксама аўтарскіх твораў. У аснове пастаноўкі - чароўная гісторыя пра каханне, сяброўства і цуды купальскай ночы.

Сярод выканаўцаў, якія парадуюць гасцей сваёй творчасцю, калектывы Палаца культуры Мінскага трактарнага завода, магілёўскія гурты Jazz City Band і "Весялуха NEW&band", салістка абласной філармоніі Вольга Гарнічар, заслужаная артыстка Беларусі Вікторыя Алешка і група "ГаласыЗМеста".

Цырымонія адкрыцця рэспубліканскага свята "Купалле" запланавана з 17.00 да 17.30. Афіцыйную частку прадоўжыць паказ новых ільняных калекцый адзення беларускіх вытворцаў. У 19.30 стартуе канцэрт-караоке "Песні, якія нас яднаюць...", прысвечаны Году народнага адзінства. У праграму ўвойдуць хіты савецкай эстрады з рэпертуару ВІА "Песняры", "Верасы", "Сябры" і інш.

Насычаны дзень завершыцца на галоўнай канцэртнай пляцоўцы. У 21.30 там пачнецца "Галоўны канцэрт" - народнае шоу "Песні маёй краіны", а ў 23.25 неба над Александрыяй расквеціць святочны феерверк. Затым адбудзецца танцавальная шоу-праграма "Дыскатэка 80-90-х. Па-новаму!" з удзелам артыстаў Магілёўскай вобласці і лепшых беларускіх дыджэяў, завершыцца яна ў ноч на 11 ліпеня.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі