У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Прэс-цэнтр
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

19 Жнв 2014

"Ганненскі кірмаш" пройдзе ў Зэльве 22-23 жніўня

19 жніўня, Гродна /Таццяна Вішнеўская - БЕЛТА/. У Зэльве (Гродзенская вобласць) 22-23 жніўня пройдзе традыцыйны "Ганненскі кірмаш", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Зэльвенскім райвыканкаме.

У праграме маштабнага раённага свята, якое з кожным годам набывае ўсё большы размах, - шматлікія конкурсы, выстаўкі, канцэрты, шоу. Так, 22 жніўня адбудзецца гісторыка-краязнаўчая навуковая канферэнцыя "Роля Сапегаў у гісторыі Зэльвенскага краю". Яна традыцыйна прысвечана гісторыі магнацкага роду Сапегаў, гісторыка-культурнай спадчыне, звязанай з іх імем, гісторыі "Ганненскага кірмашу", турыстычнаму і эканамічнаму аспектам свята.

Праграма "Ганненскага кірмашу" разнастайная, традыцыйна арганізатары стараюцца надаць кірмашу гістарычны каларыт гандлёва-забаўляльнага мерапрыемства XVIII стагоддзя. Як некалі ў мінулым у цэнтры кірмашу былі конскія таргі, так і ў гэтым годзе на стадыёне "Колас" пройдуць конна-спартыўныя мерапрыемствы. Для ўсіх жадаючых будуць арганізаваны прагулкі на павозках і брычках.

Асноўныя мерапрыемствы кірмашу пройдуць на вадасховішчы Зяльвянка 22 жніўня. Адбудзецца ўрачыстае адкрыццё свята, конкурс аматараў рыбнай лоўлі, вадалазаў, выступленне сталічнага спартыўнага клуба, эстрадны канцэрт з удзелам Сашы Нэма, спартыўна-забаўляльная і танцавальная праграмы, феерверк. А 23 жніўня кірмаш перамесціцца на цэнтральную плошчу райцэнтра, дзе апоўдні адбудзецца тэатралізаваны паказ, выступяць танцавальныя калектывы, пройдуць спаборніцтвы па сілавым экстрыме з удзелам рэкардсмена Кнігі рэкордаў Гінеса гіравіка Вячаслава Харанекі. У гэты дзень будуць падведзены вынікі на лепшы святочны каравай, стылізаваны касцюм, падворак, конную павозку, работу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, фота- і відэасюжэт пра "Ганненскі кірмаш". На іншых пляцоўках райцэнтра будзе працаваць горад майстроў, адбудуцца майстар-класы па танцах і рамёствах, кірмашы, прэзентацыі аграсядзіб, будуць арганізаваны забаўляльныя пляцоўкі з атракцыёнамі для дзяцей і дарослых. Вечарам на цэнтральнай плошчы горада адбудзецца канцэрт з удзелам Гюнеш, музычнага тэатра "Рада", слонімскага тэатра моды "Этуаль", вогненным шоу. Ноччу кірмаш прадоўжыцца пенна-лазерным шоу на танцавальнай пляцоўцы раённага дома культуры.

"Ганненскі кірмаш" названы ў гонар святой Ганны, у ХVIII стагоддзі ён быў адным з самых буйных і знакамітых кірмашоў Еўропы. На яго ў Зэльву прыязджалі да пяці тысяч купцоў з усёй Еўропы, доўжыўся кірмаш амаль месяц. Гандляры прывозілі коней, тытунь, спецыі, адзенне, абутак, мастацкія вырабы і іншыя тавары з розных краін, у тым ліку Грэцыі, Турцыі і Персіі. Зэльва станавілася не толькі пляцоўкай для вялікага рынку, але і культурным цэнтрам, у дні кірмашу тут выступалі цыганскія трупы і нават артысты Парыжскага тэатра.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс
Еўрапейскія гульні-2019 у Мінску