Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

7 Врс 2023

Галоўным дырыжорам Вялікага тэатра Беларусі стаў народны артыст Башкортастана Арцём Макараў

Галоўным дырыжорам Вялікага тэатра Беларусі стаў народны артыст Башкортастана Арцём Макараў
Фота Вялікага тэатра Беларусі

7 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Галоўным дырыжорам Вялікага тэатра Беларусі стаў народны артыст Рэспублікі Башкортастан Арцём Макараў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Для мяне вялікі гонар знаходзіцца ў гэтым легендарным тэатры. Вельмі прыемна было прыязджаць сюды ў мінулым сезоне. Я меў магчымасць пазнаёміцца амаль з усёй трупай тэатра за выключэннем артыстаў балета. Мне ўдалося зразумець, што трупа ў добрым стане і што ў гэтым тэатры магчымы, на мой погляд, любыя спектаклі, нават самыя складаныя і экстрэмальныя. Спадзяюся, калі-небудзь мне ўдасца ўвасобіць тут і свае мары", - расказаў Арцём Макараў.

"Я 12 гадоў працаваў галоўным дырыжорам Башкірскага тэатра оперы і балета, дзе атрымаў вялікі вопыт. А зусім нядаўна, у чэрвені, стаў яшчэ і галоўным дырыжорам Маскоўскага тэатра Наталлі Сац (Маскоўскі дзяржаўны акадэмічны дзіцячы музычны тэатр імя Н.І. Сац. - Заўвага БЕЛТА). Гэта было спантаннае рашэнне, якое я абмяркоўваў і з кіраўніцтвам у Мінску, і з кіраўніцтвам у Маскве. Маскоўскі тэатр дастаткова спецыфічны, і я лічу, што якраз з гэтым тэатрам можна спалучаць работу тут", - дадаў Арцём Макараў.

Першыя спектаклі ў статусе галоўнага дырыжора Вялікага тэатра Беларусі Арцём Макараў правядзе 10, 15, 16 і 26 верасня. Сярод іх - балет "Жызэль", а таксама оперы " Кармэн" і "Аіда".

Галоўным мастаком Вялікага тэатра Беларусі стала Любоў Сідзельнікава. "Калі гаварыць пра бліжэйшыя планы, то мы спадзяёмся, што ў нас атрымаецца спектакль "Іаланта". Вялікі тэатр Беларусі праводзіць вялікую колькасць разнастайных мерапрыемстваў: выставы, балі, канцэрты. Я працую ў тэатры ўжо чацвёрты год, і новая пасада - гэта прадаўжэнне маёй складанай работы, якая ўжо тут вялася. Галоўнае любіць тэатр і музыку, а я яе вельмі люблю і з задавальненнем знаходжуся на рэпетыцыях. Мне не шкада часу, які я пражываю ў тэатры. Напэўна, таму тут і працую", - прызналася Любоў Сідзельнікава.

Галоўны балетмайстар Вялікага тэатра Беларусі Ігар Колб заўважыў, што першай прэм'ерай 91-га тэатральнага сезона стане яго балет "Ілюзіі кахання", які пакажуць 2 і 3 снежня.

Калектыў Вялікага тэатра Беларусі таксама папоўніўся новымі супрацоўнікамі. "На шчасце, цікавасць да Вялікага тэатра не спыняецца. Тыя артысты, якія ўжо аказаліся ў нашым калектыве, - гэта не апошні паток. Мы разглядаем кандыдатуры з розных школ: Акадэміі танцаў Барыса Эйфмана, Маскоўскай дзяржаўнай акадэміі харэаграфіі, Акадэміі рускага балета імя А.Я. Ваганавай. На чарзе яшчэ дастаткова вялікая колькасць навучальных устаноў, якія прадставяць нам сваіх артыстаў. Слава Вялікага тэатра расце, і гэта толькі радуе", - падкрэсліў Ігар Колб.

Галоўны рэжысёр Вялікага тэатра Ганна Маторная адзначыла, што ўвесь калектыў тэатра шчаслівы ўступіць у новы сезон з цудоўнымі творчымі сіламі. "Вельмі радасна, што тэатр сёння ўвайшоў у моду. Мы такія шчаслівыя, таму што даўно над гэтым працавалі. Тут няма ні аднаго лішняга чалавека, кожны з іх вельмі важны. Мы стараемся натхняць гледача тым, што мы любім", - сказала Ганна Маторная.

Таксама беларускія артысты адправіліся на гастролі ў Кітай, якія прадоўжацца да 19 верасня. "Гэты напрамак цяпер для нас вельмі важны, таму што канцэртных пляцовак, на якіх можна выступаць, у Кітайскай Народнай Рэспубліцы вялікая колькасць. Сёння гэта вельмі каштоўны партнёр для папулярызацыі Вялікага тэатра Беларусі. Для мяне асаблівае значэнне мае той факт, што першыя гастролі праходзяць у культурнай сталіцы Кітая - Шанхаі. Там Вялікі тэатр Беларусі прадставіць канцэртную праграму нашага сімфанічнага аркестра. Зразумела, больш вядомы ў Кітаі наш балет, але цяпер мы будзем спрабаваць прадстаўляць усе нашы творчыя формы. Пакуль ёсць дамоўленасці аб дзвюх паездках, другая адбудзецца ў снежні, але пры гэтым ідуць перагаворы з пасольствам Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы над тым, каб прадоўжыць супрацоўніцтва", - растлумачыла генеральны дырэктар Вялікага тэатра Кацярына Дулава.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі