Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

13 Jul 2022

Габелен, батык і акварэль: персанальную выставу Ніны Пілюзінай прадставяць у Магілёве

Габелен, батык і акварэль: персанальную выставу Ніны Пілюзінай прадставяць у Магілёве
Фота з архiва

13 ліпеня, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Персанальная выстава Ніны Пілюзінай адкрыецца ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В.Масленікава. Тут будуць прадстаўлены габелены, батык і акварэльныя працы. Аб гэтым БЕЛТА расказалі ва ўстанове культуры.

Урачыстае адкрыццё персанальнай выставы члена Беларускага Саюза мастакоў лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь ураджэнкі Магілёўскай вобласці Ніны Пілюзінай пройдзе 15 ліпеня ў 16.00 ў абласным мастацкім музеі. "Ніна Пілюзіна - першая прафесійная габеленшчыца ў Беларусі, класік беларускага тэкстыльнага мастацтва і віртуозны майстар мастацкага габелена, у стварэнні якога яна дасягнула выдатных поспехаў. Знакаміты габелен "Зубр. Мёртвым лягчэй, нясцерпна жывым, што мёртвых у сэрцы нясуць", які захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі, прысвечаны Радзіме. Беларусь прадстаўлена ў вобразе магутнага зубра, абпаленага агнём вялікай вайны і чарнобыльскай трагедыі, але нязломнага і яшчэ больш памацнелага. Роднай вёсцы Доўгавічы Мсціслаўскага раёна прысвечаны габелен "Вызваленая зямля". Ён адлюстроўвае мірнае жыццё людзей пасля Вялікай Айчыннай вайны. Салдат кідае зброю і засявае зямлю збожжам, жанчына-працаўніца вяжа багаты ўраджай у снапы", - расказалі арганізатары.

Акрамя таго, у 1999 годзе пра творчасць ураджэнкі Магілёўскай вобласці знялі дакументальны фільм. "Ніна Пілюзіна ўваходзіла ў аўтарскі калектыў з васьмі чалавек, які займаўся афармленнем інтэр'ера Палаца Рэспублікі. Два яе габелены "Покліч зямлі" і "Абуджэнне" ўпрыгожылі залу ўрадавага блока. За гэту работу Ніна Пілюзіна ў 2005 годзе стала лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь", - расказалі ў музеі.

На выставе будуць прадстаўлены 94 творы, выкананыя ў тэхніцы габелен, батык, акварэль, якія адлюстроўваюць жыццёвы і творчы шлях аўтара. Яе работы вызначаюцца асаблівым стылем: некаторыя ўражваюць багаццем фарбаў, сакавітасцю і яркасцю, іншыя - спакоем і лірычнасцю, яшчэ адны - манахромныя, сціплыя і змястоўныя.

Габелены Ніны Васільеўны неаднаразова экспанаваліся ў Беларусі і за мяжой: у Расіі, Украіне, Германіі, Польшчы, Бельгіі, Фінляндыі, Літве, Латвіі і Іране.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі