Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

24 Сак 2020

Футбольны чэмпіянат Беларусі прыцягнуў увагу ва ўсім свеце

Футбольны чэмпіянат Беларусі прыцягнуў увагу ва ўсім свеце
Фота з архiва

24 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старт 30-га футбольнага чэмпіянату Беларусі прыцягнуў вялікую ўвагу ва ўсім свеце. Беларускае першынство засталося адзіным у Еўропе і нямногім на ўсёй планеце, не спыненым у сувязі з каранавірусам, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Перад самым пачаткам беларускага першынства права на яго паказ набылі ўкраінскі тэлеканал "Спорт 1" і расійскі "Матч ТБ". Само сабой разумеецца, што і беларускія тэлеканалы паказваюць усе матчы нацыянальнага чэмпіянату ў прамым эфіры. Анлайн інтэрнэт-трансляцыі ўсіх гульняў, арганізаваныя асацыяцыяй "Беларуская федэрацыя футбола", глядзяць футбольныя балельшчыкі ва ўсіх кутках зямнога шара, расказалі ў асацыяцыі АБФФ.

Мяркуючы па вялікай колькасці каментарыяў, якасць футбола ў выкананні беларускіх каманд стала адкрыццём для замежных балельшчыкаў. Многія думалі, што чэмпіянат Беларусі адстае ад вядучых сусветных ліг, але, паглядзеўшы гульні, меркаванне кардынальна змянілася. Фанаты адзначаюць, што ўзровень беларускіх клубаў вельмі добры, напал барацьбы зашкальвае, вынікі непрадказальныя - гэта менавіта тое, што прываблівае сапраўдных аматараў гульні нумар адзін. У прыватнасці, усе адзначылі няўдалы старт прызёраў мінулага першынства - з першай тройкі толькі чэмпіёны Беларусі футбалісты брэсцкага "Дынама" змаглі пазбегнуць паражэння, згуляўшы ўнічыю на сваім полі са "Смалявічамі", якія вярнуліся ў элітны дывізіён (1:1). Уладальнік бронзы салігорскі "Шахцёр" уступіў у сябе дома жодзінскаму "Тарпеда-БелАЗу" (0:1). А галоўнай сенсацыяй было прызнана паражэнне 15-разовага чэмпіёна краіны барысаўскага БАТЭ ад амаль нікому не вядомага за межамі Беларусі мінскага "Энергетыка-БДУ" (1:3). Сапраўдным адкрыццём для ўсіх стала гульня навабранца "студэнтаў" 22-гадовага ўзбекскага форварда Джасурбека Яхшыбоева, які двойчы паразіў вароты барысаўчан. Менавіта ён быў прызнаны лепшым іграком першага гульнявога дня юбілейнага беларускага першынства. Здзівіў і дэбютант вышэйшай лігі брэсцкі "Рух", які абыграў на галоўнай арэне краіны мінскае "Дынама" (1:0). З першай пяцёркі чэмпіянату-2019 перамогі змаглі дабіцца толькі футбалісты "Іслачы", якія адолелі на сваім полі гродзенскі "Нёман" (1:0). Гол, які эфектным ударам у вароты гродзенцаў забіў гвінейскі нападаючы "ваўкоў" Мома Янсанэ, названы самым прыгожым у першым туры.

Замежныя гледачы не абышлі ўвагай і сустрэчу паміж "Слуцкам" і мазырскай "Славіяй" (3:1). Арбітр гэтай гульні Сяргей Чыстаў назначыў 5 пенальці, што з'яўляецца абсалютным рэкордам за ўвесь час правядзення чэмпіянату Беларусі. Інтэрнэт-карыстальнікі адзначаюць, што беларускі арбітр не пабаяўся прыняць такія рашэнні, прычым усе яны былі правамернымі і адпавядаюць апошнім рэкамендацыям УЕФА.

Падводзячы вынік першай відэасустрэчы з чэмпіянатам Беларусі, яго новыя прыхільнікі адназначна заяўляюць, што і далей з вялікай цікавасцю будуць сачыць за баталіямі на беларускіх футбольных арэнах, бо цяпер гэта сапраўдная аддушына для балельшчыкаў усяго свету.

У другім туры згуляюць:

27 сакавіка
"Тарпеда-БелАЗ" - "Белшына", "Рух" - "Энергетык-БДУ".

28 сакавіка
"Слуцк" - "Дынама" (Брэст), "Славія" - БАТЭ, "Мінск" - "Дынама" (Мінск), "Гарадзея" - "Шахцёр".

29 сакавіка
"Смалявічы" - "Іслач", "Нёман" - "Віцебск".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі