Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

1 Jul 2020

Фотавыстава БЕЛТА "Беларусь памятае. 75 імгненняў вайны" прадстаўлена ў Музеі вызвалення Вены

Фотавыстава БЕЛТА

1 ліпеня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Фотавыстава БЕЛТА "Беларусь памятае. 75 імгненняў вайны" напярэдадні Дня Незалежнасці Беларусі адкрылася ў Вене. Арганізатарам выступіла пасольства Беларусі ў Аўстрыі.

"1 ліпеня з нагоды Дня Незалежнасці ў Музеі вызвалення Вены пасольствам Беларусі ў Аўстрыі арганізавана ўрачыстае адкрыццё фотавыставы Беларускага тэлеграфнага агенцтва "Беларусь памятае. 75 імгненняў вайны". Аснову экспазіцыі складаюць фатаграфіі прайшоўшага ўсю вайну фотакарэспандэнта БЕЛТА Уладзіміра Лупейкі", - падкрэслілі ў беларускай загранустанове.

Прадстаўлена 75 унікальных фатаграфій пра франтавыя будні, партызанскі рух, работу ў тыле, вызваленне Беларусі, аднаўленне краіны з руін.

На адкрыцці выставы прысутнічалі прадстаўнікі парламента, знешнепалітычнага ведамства, федэральных і рэгіянальных органаў дзяржаўнага кіравання, дзелавых, навуковых і культурных колаў, сродкаў масавай інфармацыі Аўстрыі, кіраўнікі і супрацоўнікі акрэдытаваных у Вене дыпламатычных місій, беларускія суайчыннікі.

Часовы павераны ў справах Беларусі ў Аўстрыі Андрэй Лазовік падкрэсліў, што памяць пра тых, хто загінуў за свабоду і незалежнасць Радзімы, удзячнасць за іх подзвіг, разуменне значэння Вялікай Перамогі застаюцца найважнейшай духоўнай каштоўнасцю, фактарам, які аб'ядноўвае беларускіх грамадзян.

Андрэй Лазовік павіншаваў з надыходзячым Днём Незалежнасці суайчыннікаў, якія пражываюць у Аўстрыі, і падзякаваў ім за намаганні, накіраваныя на павышэнне цікавасці да Беларусі, яе гісторыі і культуры, умацаванне беларуска-аўстрыйскіх сувязей.

Намеснік кіраўніка дзявятага раёна Вены Моніка Кройц падкрэсліла, што Беларусь свята захоўвае памяць пра вайну. Краіна заплаціла за перамогу жыццямі трэці свайго насельніцтва, разбуранымі гарадамі і знішчанай эканомікай. "Беларусы па праву ганарацца ўкладам сваёй краіны ў разгром нацызму. Для нас вялікі гонар прадаставіць памяшканні Музея вызвалення Вены для дэманстрацыі беларускай выставы, якая ў поўнай меры адпавядае агульнай канцэпцыі музея - азнаямлення сучаснага пакалення з гісторыяй вайны і фарміравання перш за ўсё ў моладзі разумення таго, што жахі нацызму не павінны паўтарыцца", - сказала намеснік кіраўніка раёна.

На прэзентацыі выставы быў таксама прадстаўлены відэапраект БЕЛТА і Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны "Лёсы, складзеныя ў трохкутнік", у аснове якога асабістыя пісьмы ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, што захоўваюцца ў фондах беларускага музея. Унікальныя дакументальныя фотакадры, якія паказваюць драматычныя імгненні вайны, а таксама відэа выклікалі вялікую цікавасць удзельнікаў мерапрыемства.

У час мерапрыемства беларуская скрыпачка і вакалістка Юлія Лебядзенка, якая жыве ў Вене, выканала вядомыя творы беларускіх кампазітараў.

Фотавыстава БЕЛТА прадоўжыцца ў Вене да 19 ліпеня.

Музей вызвалення Вены створаны на месцы бункера грамадзянскай абароны часоў Другой сусветнай вайны ў дзявятым раёне аўстрыйскай сталіцы. Цяпер тут размяшчаецца экспазіцыя, прысвечаная красавіцкім падзеям 1945 года, калі быў пакладзены канец нацызму і адноўлена свабода і незалежнасць Аўстрыі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі