У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Прэс-цэнтр
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

28 Май 2019

Фільм пра Янку Купалу ўпершыню пакажуць у Дзень беларускага кіно

Фільм пра Янку Купалу ўпершыню пакажуць у Дзень беларускага кіно

28 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны фільм "Янка Купала" рэжысёра Уладзіміра Янкоўскага плануецца прадставіць грамадскасці ў Дзень беларускага кіно - 17 снежня, заявіў журналістам генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" Уладзімір Карачэўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У канцы верасня фільм павінен быць зманціраваны. Але мы не плануем адразу пускаць яго ў шырокі пракат. У Дзень беларускага кіно прадставім "Янку Купалу" журналістам і кінематаграфічнай супольнасці, - расказаў Уладзімір Карачэўскі. - Гэтаму фільму мы хочам падарыць вялікую фестывальную гісторыю. А ў 2020 годзе прадставіць шырокаму гледачу. Будзе поўны метр - вялікае кіно, а таксама 4-серыйны фільм".

У фільме задзейнічаны беларускія акцёры і толькі адзін запрошаны акцёр Мікалай Шастак, родам з Латвіі, але які мае беларускія карані, ён і выканаў ролю класіка. "Дарослага Купалу сыграў адзін акцёр. Дзякуючы добрай пластыцы яму ўдалося паказаць галоўнага героя і маладым, і пажылым. Варта таксама адзначыць якасную работу грымёраў. Мы прывозілі грым з Масквы такі ж, што быў выкарыстаны на здымках фільма "Высоцкі. Дзякуй, што жывы", - адзначыў гендырэктар.

Уладзімір Карачэўскі падкрэсліў, што здымачны працэс праходзіў вельмі актыўна, "змагаліся да апошняга за кожны кадр у самых цяжкіх умовах, нават у 20-градусны мароз". Здымкі праходзілі ў Беларусі, Расіі, Літве. "Засталося літаральна тры здымачныя дні, калі пацяплее, яшчэ раз выйдзем на натурпляцоўку і даздымем некаторыя моманты. А цяпер пачынаюць актыўна манціраваць фільм", - дадаў ён.

Дарэчы, да эпізадычнай ролі афіцэра зняўся і сам гендырэктар. "Калі быў Дзень беларускага кіно ў мінулым годзе, Янкоўскі ўбачыў мяне ў касцюме палкоўніка царскай арміі і сказаў, што хацеў бы зняць мяне ў эпізодзе.  Так я і ўвайшоў у карціну. Але стаўку на сябе, як на акцёра, я не раблю. Галоўнае - стварыць умовы для кінавытворцаў", - сказаў Уладзімір Карачэўскі.

Над фільмам працуюць расійскія і беларускія аператары. Музыка да фільма будзе запісвацца сімфанічным аркестрам. "Мы робім вялікае ўнікальнае кіно, якім можна будзе ганарыцца. І для нас гэты фільм знакавы - ёсць шанц заявіць пра сябе па-новаму", - рэзюмаваў гендырэктар.

Гістарычная драма расказвае пра лёс народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. У карціне раскрываюцца асноўныя вехі жыццёвага і творчага шляху паэта, які супаў з найбольш трагічнымі падзеямі XX стагоддзя. Трэйлер "Янкі Купалы" ёсць на англійскай, мове, беларускай і кітайскай мовах. Афіша распрацоўваецца сумесна з беларускім мастаком і дызайнерам Уладзімірам Цеслерам.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс