Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

23 Mar 2016

Фестываль-конкурс "Дзве сястры - Беларусь і Расія" збярэ ў Віцебску 250 удзельнікаў

 23 сакавіка, Віцебск /Кацярына Князева - БЕЛТА/. Міжнародны фестываль-конкурс маладых выканаўцаў эстраднай песні "Дзве сястры - Беларусь і Расія" збярэ 24-26 сакавіка ў Віцебску 250 удзельнікаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў гарадскім Палацы творчасці дзяцей і моладзі, на базе якога і адбудзецца форум.

Фестываль, прысвечаны Дню яднання народаў Беларусі і Расіі, пройдзе ў горадзе на Дзвіне ўжо 8-ы раз. У першы конкурсны дзень выступяць прадстаўнікі Віцебска і Віцебскай вобласці, а ў другі на сцэну выйдуць госці з Мінскага, Магілёўскага і Гродзенскага рэгіёнаў, а таксама са Смаленскай вобласці. "Усяго чакаецца каля 250 удзельнікаў, на 50 больш, чым у 2015-м. І на сёння гэта рэкордная колькасць. Фестываль з году ў год прыцягвае да сябе ўсё больш увагі. Радуе, што заўсёды прыязджаюць і нашы сябры з Руднянскай дзіцячай школы мастацтваў і дома творчасці гэтага горада, а таксама Смаленскага палаца творчасці дзяцей і моладзі", - адзначылі арганізатары.

Выканаўцы будуць дэманстраваць сваё майстэрства, выступаючы ў намінацыях "Эстрадны вакал" (салісты, вакальныя групы, дуэты) і "Народныя спевы" (салісты, вакальныя групы, дуэты) па трох узроставых групах: 7-9 гадоў, 10-13 гадоў і 14 -18 гадоў. На конкурс яны прадставяць па дзве кампазіцыі: рускага і беларускага аўтараў. Падвядзенне вынікаў і гала-канцэрт з удзелам пераможцаў форуму адбудуцца 25 сакавіка.

Вольны час канкурсантаў будзе прысвечаны азнаямленню з Віцебскам. Для іх падрыхтавана цікавая праграма, якая ўключае экскурсіі па горадзе з наведваннем галоўных славутасцей і знакавых мясцін абласнога цэнтра.

Фестываль праводзіцца з мэтай раскрыцця і падтрымкі маладых талентаў. Ён прызначаны садзейнічаць умацаванню добрасуседскіх адносін паміж моладдзю Беларусі і Расіі, развіццю двухбаковага культурнага абмену, прапагандзе лепшых узораў музычнай культуры дзвюх краін. Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Палац творчасці дзяцей і моладзі Віцебска і Віцебская гарадская арганізацыя Беларускага саюза жанчын.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі