Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

16 Май 2016

Фестываль дзіцячых і юнацкіх духавых аркестраў адбудзецца ў Мінску

16 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мінску на тэрыторыі Верхняга горада ў летні перыяд плануецца правесці фестываль дзіцячых і юнацкіх духавых аркестраў. Аб гэтым паведаміла першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама Віталіна Рудзікава сёння на аператыўнай нарадзе ў мэрыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Віталіна Рудзікава адзначыла, што фестываль у Верхнім горадзе арганізуюць упершыню. У праграмах прымуць удзел дзіцячыя і юнацкія калектывы з рэгіёнаў Беларусі, а таксама краін-суседзяў - Расіі, Польшчы, Літвы.

Яшчэ адной навінкай летняга сезона яна назвала музычны праект "Яны праславілі Беларусь", у якім у выкананні вядомых музыкантаў будзе гучаць музыка Уладзіміра Мулявіна, Клеафаса Агінскага, Яўгена Глебава і іншых вядомых беларускіх кампазітараў.

Прадстаўнік Мінгарвыканкама нагадала, што на працягу апошніх гадоў тэрыторыя Верхняга горада ў выхадныя і святочныя дні становіцца пешаходнай у сталіцы. "Сёння гэта культурная прастора, дзе створаны ўсе ўмовы для правядзення канцэртаў, выставак, гістарычных рэканструкцый і іншых культурных мерапрыемстваў", - сказала Віталіна Рудзікава.

Чацвёрты год на тэрыторыі Верхняга горада ў маі адкрываецца летні музычна-турыстычны сезон, у рамках якога праходзяць канцэрты, фестывалі, тэматычныя праграмы, выстаўкі майстроў народнай творчасці. У планах - ужо атрымаўшыя прызнанне і папулярнасць суботнія праекты - "Старонкі гісторыі Мінска" (інтэрактыўныя праграмы з удзелам клубаў ваенна-гістарычнай тэматыкі), джазавыя суботы каля ратушы і класіка каля ратушы. У склад удзельнікаў праектаў уваходзяць прызнаныя творчыя калектывы і выканаўцы з Беларусі, а таксама ўладальнікі прэстыжных міжнародных узнагарод, папулярныя замежныя калектывы і выканаўцы з іншых краін.

Першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама таксама адзначыла, што станоўчы рэзананс у мінулым годзе атрымала праведзенае ў Мінску нацыянальнае грузінскае свята "Тбілісоба". У бягучым годзе ўдзел у арганізацыі такіх свят на тэрыторыі Верхняга горада (Дзён нацыянальных культур) пацвердзілі 8 нацыянальных аб'яднанняў.

На тэрыторыі Верхняга горада функцыянуе 8 аб'ектаў культуры. У тым ліку канцэртная зала "Верхні горад", у якой штогод праходзіць амаль 300 канцэртаў і іншых сацыяльна-культурных праектаў. За студзень-красавік на мерапрыемствах пабывалі ўжо амаль 15 тыс. гледачоў.

Экспазіцыі Музея гісторыі горада Мінска ў Верхнім горадзе за студзень-красавік наведалі больш за 22 тыс. чалавек. Рашэннем Мінгарвыканкама зацверджаны перспектыўны план развіцця музея, які ўключае паэтапнае стварэнне новых экспазіцый, звязаных з гісторыяй сталіцы, пачынаючы з XII стагоддзя да сучаснасці.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі