26 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Эстонскія гледачы ацэняць выступленне беларускага балета на Йыхвіскім міжнародным балетным фестывалі, які пройдзе ў маі 2016 года. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі.
Балетная трупа Вялікага тэатра Беларусі запрошана для ўдзелу ў Йыхвіскім міжнародным балетным фестывалі, дзе беларускія артысты прадставяць спектаклі "Дон Кіхот" Людвіга Мінкуса і "Шэхеразада" Мікалая Рымскага-Корсакава, а таксама выступяць з канцэртнай праграмай.
Йыхвіскі міжнародны балетны фестываль заснаваны ў 2006 годзе і з'яўляецца адзіным балетным фестывалем у Эстоніі. Высокі мастацкі ўзровень і прафесійная арганізацыя фестывалю прывабліваюць у Йыхві аматараў танцавальнага мастацтва з розных краін. За гады правядзення балетных фестываляў горад Йыхві ўжо ўдастоіўся неафіцыйнага статусу балетнай сталіцы Эстоніі.
Штогод на сцэну Йыхвіскага канцэртнага дома выступіць у якасці галоўнага госця фестывалю запрашаецца які-небудзь знакаміты тэатр або вядомая балетная трупа. Тут дэманстравалі сваё высокае мастацтва зоркі з Марыінскага тэатра, Маскоўскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра класічнага балета Наталлі Касаткінай і Уладзіміра Васілёва, Берлінскага дзяржаўнага балета, Англійскага нацыянальнага балета, Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага тэатра класічнага балета, Латвійскага нацыянальнага тэатра оперы і балета, балетнай трупы Чэшскага нацыянальнага тэатра, Міхайлаўскага тэатра з Санкт-Пецярбурга,
Teatro di Milano, а таксама госці са Скандынаўскіх краін.Балетаманы, якія наведалі фестываль у розныя гады, маглі ўбачыць выступленне такіх артыстаў, як Фарух Рузіматаў, Леанід Сарафанаў, Кацярына Борчанка, Міхаіл Сівакоў, Сабіна Япарава, Настасся Валачкова, Яўген Іванчанка, Ірына Голуб і многіх іншых. На сцэне Йыхвіскага фестывалю выступалі выдатныя эстонскія артысты балета Кае Кырб, Аге Окс і Тоамас Эдур.