Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

23 Крс 2021

Экспазіцыя "Чарнобыль - 35..." адкрыецца 26 красавіка ў Мінску

Экспазіцыя
Фота арганізатараў

23 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Часовая літаратурна-дакументальная экспазіцыя "Чарнобыль - 35..." адкрыецца 26 красавіка ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове культуры.

Выстаўка прысвечана 35-й гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС і 85-годдзю з дня нараджэння празаіка, публіцыста, які быў кіраўніком Беларускага сацыяльна-экалагічнага саюза "Чарнобыль", Васіля Якавенкі.

26 красавіка 1986 года адбыўся выбух на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Вынікі гэтай аварыі сталі катастрафічнымі для нашай краіны. Балюча адгукнуўся Чарнобыль у сэрцы і лёсе кожнага беларуса. Гэта адлюстравана ў тым ліку ў творчасці беларускіх пісьменнікаў. "Іван Шамякін, Максім Танк, Пімен Панчанка, Алесь Адамовіч, Барыс Сачанка, Янка Сіпакоў, Мікалай Мятліцкі, Алесь Пісьмянкоў, Яўгенія Янішчыц, Ніна Аксёнчык, Анатоль Зэкаў, Васіль Жуковіч, Васіль Якавенка - гэта далёка не поўны спіс таленавітых людзей, якія паклалі свае развагі на паперу і стварылі мастацкія творы, напісалі паэтычныя радкі, якія не даюць забыць Чарнобыль і нагадваюць аб гэтай жудаснай старонцы нашай гісторыі", - адзначылі арганізатары.

"Праз якія б выпрабаванні ні праходзіла наша Беларусь, яна выжывала, яна адраджалася, уставала з попелу і развівалася далей. Шмат у чым дзякуючы неабыякавым людзям, да якіх можна аднесці і Васіля Якавенку. Гэтага вядомага публіцыста, празаіка хвалявалі пытанні экалогіі. Менавіта дзякуючы яго клопатам у 1988 годзе быў адменены праект асушэння поймы Прыпяці, які пагражаў Беларусі пустыняй. Адмена праекта дала пачатак новай нацыянальнай палітыцы ў справе меліярацыі", - расказалі ў музеі.

Менавіта Васіль Якавенка заснаваў сацыяльна-экалагічную газету "Набат" (у якой раскрываў наступствы Чарнобыльскай катастрофы), а затым ГА "Беларускі сацыяльна-экалагічны саюз "Чарнобыль", які садзейнічаў аздараўленню дзяцей за мяжой.

У экспазіцыі прадстаўлены дакументы, фатаграфіі, рукапісы, артыкулы, кнігі з архіва Васіля Якавенкі, які захоўваецца ў фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. У адкрыцці часовай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі прымуць удзел паэты Анатоль Зэкаў і Антаніна Хатэнка, пісьменнік і гісторык Юрый Кур'яновіч, фотамастак Юрый Іваноў.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі