17 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Экіпаж "МАЗ-СПОРТаўта" пад кіраўніцтвам Сяргея Вязовіча ўпершыню аказаўся па-за тройкай лепшых па выніках этапу на 15-м міжнародным ралі "Шаўковы шлях", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
На шостым этапе 17 ліпеня гоншчыкі прадоўжылі рух па тэрыторыі Манголіі, пераадолеўшы 385,71 км спецучастка паміж Улан-Батарам і Баяхонгарам. На фінішы Вязовіч паказаў пяты рэзультат у заліку грузавікоў (3 гадзіны 21 мін. 34 сек.), крыху больш за чатыры мінуты ўступіўшы пераможцу Дзмітрыю Сотнікаву з "КАМАЗ-Майстра". Тым не менш флагманскі экіпаж "МАЗ-СПОРТаўта" захаваў лідарства ў агульным заліку, беларусы на 30 секунд апярэджваюць расіяніна Антона Шыбалава і амаль на дзве мінуты - яго суайчынніка Эдуарда Нікалаева.
18 ліпеня ўдзельнікаў чакае пераезд з Баяхонгара ў горад Алтай, працягласць спецучастка сёмага этапу складзе 300 км. У 2025 годзе ў ралі "Шаўковы шлях" стартавалі больш за сто экіпажаў з 15 краін, якія спаборнічаюць у заліках матацыклаў, квадрацыклаў, мотаўсюдыходаў, пазадарожнікаў і грузавікоў. Заключны 11-ы этап фінішуе ў Горна-Алтайску 22 ліпеня.