У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Прэс-цэнтр
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

1 Чэр 2018

Дзясяткі мерапрыемстваў пройдуць у Міжнародны дзень абароны дзяцей па ўсёй Беларусі

1 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзясяткі мерапрыемстваў пройдуць у Міжнародны дзень абароны дзяцей 1 чэрвеня па ўсёй Беларусі, паведамляе БЕЛТА.

Найбольшую колькасць актыўнасцей прапануюць сталічныя пляцоўкі. У кожным раёне сталіцы пройдуць культурна-масавыя мерапрыемствы са мноствам інтэрактыву і частаваннем.

У Батанічным садзе будзе арганізавана свята "Падорым радасць дзецям!". Гасцей чакаюць анімацыйныя шоу-праграмы, вясёлыя клоўны і сапраўдныя фокуснікі, роставыя лялькі, выстуленні дзіцячых калектываў, танцавальны флэш-моб, навуковыя шоу, паказы мод, гульнявыя, спартыўныя, творчыя і фотазоны, пікнік і дэгустацыя прадукцыі, розыгрышы прызоў.

У парку імя М.Горкага адбудзецца свята "Фарбы дзяцінства": будуць працаваць розныя інтэрактыўныя пляцоўкі. Хлопчыкі і дзяўчынкі змогуць не толькі паўдзельнічаць у конкурсах, але і паспрабаваць сябе ў ролі акцёраў у спектаклі "Салодкая казка".

Гарадское свята для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця арганізуюць на базе ГЦАР па вяслярных відах спорту.

Мерапрыемства "Шчаслівае дзяцінства" ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Мінска "Вікторыя" прапануе ўдзельнікам актыўныя зоны, конкурсы, фуд-корт, бясплатны лазертаг і страйкбол. Будзе працаваць скаладром, усе жадаючыя змогуць пастраляць у ціры з лука або арбалета.

Бясплатнае мерапрыемства для дзяцей "Усё будзе карамельна" пройдзе ў дзіцячым забаўляльным комплексе "Карамелька": маленькіх наведвальнікаў і іх бацькоў будзе забаўляць прафесійная каманда аніматараў, вядучы, дыджэй і многія іншыя. На працягу мерапрыемства кожны жадаючы можа пакінуць адбітак сваёй далоні на спецыяльным стэндзе. У зоне святкавання будуць устаноўлены урны дабрачыннага фонду UNIHELP для збору ахвяраванняў на лячэнне дзяцей.

Рэстаран-бістро "Лідо" падорыць сустрэчу з вясёлымі міньёнамі, тэматычныя майстар-класы і забавы ад аніматараў, конкурсы і гульні, шоу мыльных шарыкаў і аквагрым.

Сталічны заапарк 1 чэрвеня запрашае маленькіх і дарослых на Дзень марожанага. Акрамя гульнявой праграмы "Майстар Шэф" і навуковага шоу "Крыя-марожанае", плануюцца кармленні белым ласункам мясцовых насельнікаў: мядзведзя Трыстана, насухі Мэні, сям'і паласатых мангустаў, ільвінахвостых макак і пары паласатых гіен. Будзе дзейнічаць акцыя "1+1": магчымасць трапіць на тэрыторыю па адным білеце на дваіх. Кантактны заапарк ZOOtitan у ГЗЦ "Тытан" таксама аб'яўляе акцыю: наведвальнікі да 12 гадоў змогуць бясплатна атрымаць веды пра жывёльны свет і пазнаёміцца з прадстаўнікамі амаль 20 відаў фаўны: камерунскімі козамі, тхарамі, авечкамі, лісіцамі, трусамі, насухай і янотам-паласкуном, узяць на рукі марскіх свінак, афрыканскіх вожыкаў-альбіносаў або шыншылу, палюбавацца хвалістымі папугаямі, кітайскімі шаўковымі курачкамі, фазанамі і шыкоўным паўлінам.

Крэатыўнае агенцтва "Малако" рэалізуе сацыяльны праект з Беларускім дзіцячым хоспісам: у гонар Дня малака і Міжнароднага дня абароны дзяцей запускае ў instagram чэлендж-эстафету #milkdaychallenge. Кожны ўдзельнік павінен зняць відэа, дзе ён заклікае трох сваіх сяброў прадоўжыць эстафету і выпіць шклянку малака - седзячы, стоячы, праз трубачку, з бутэлькі, са сподачка ці яшчэ як-небудзь, а затым прапанаваць пералічыць любую суму ў Беларускі дзіцячы хоспіс.

Рэгіёны таксама паклапаціліся пра дзяцей, склаўшы калейдаскоп падзей.

У Віцебску МНС сумесна з "Радыё-Віцебск" правядзе на плошчы Перамогі для дзяцей і іх бацькоў вясёлыя прыгоды і забавы з парадам калясак і забегамі ў паўзунках, выступленнем дзіцячых творчых калектываў, шоу мыльных шарыкаў, выстаўкай робатаў і сямейнай эстафетай. Сцэнарый свята стылізаваны пад радыёпраграму "Час бяспекі", будзе працаваць інтэрактыўная пляцоўка МНС "Не пакідайце дзяцей адных!". У Наваполацку плануецца вялікае свята дзіцячай творчасці "Вясёлка" - відовішчны вакальна-харэаграфічны паказ з элементамі светлавога шоу, у якім прымаюць удзел больш за 100 юных новапалачан ад 3 да 16 гадоў.

Ратавальнікі Гомеля прапануюць свята бяспекі ва ўсіх раёнах горада. У праграме тэматычныя конкурсы, навучанне правілам паводзін дома і на вуліцы, дэманстрацыя аварыйна-выратавальнай тэхнікі і абсталявання. А кульмінацыяй мерапрыемстваў стане парад самакатаў і калясак у тэматыцы МНС. Акрамя таго, у аграгарадку Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна пройдзе мітынг-рэквіем на мемарыяле дзецям - ахвярам вайны.

У Брэсце амаль усе сцэнічныя пляцоўкі будуць запоўнены творчымі калектывамі, а ў парку культуры і адпачынку на большасці атракцыёнаў для дзяцей прадугледжана скідка да 50 працэнтаў.

У Гродне, дзе гэтымі днямі праходзіць Фестываль нацыянальных культур, і без таго нямала пляцовак для дзіцячага адпачынку. Тэматычнае свята для малышоў арганізуе Гродзенскі тэатр лялек на пляцоўцы каля кафэ "Шэкспір". Любы жадаючы, прыйшоўшы сюды, трапіць у марское падарожжа з Джэкам Вераб'ём, дзе будзе месца і дзіцячай дыскатэцы, і конкурсам з загадкамі, і іншай весялосці ў стылі кірмашовых паказаў. Затым у тэатры лялек адбудзецца спектакль для дзяцей ад 4 гадоў "Мядовая казка" - нядаўняя прэм'ера "дапаможніка для дзяцей па выхаванні бацькоў".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс
Еўрапейскія гульні-2019 у Мінску