Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

23 Feb 2017

Дзень нараджэння Казіміра Малевіча ў Віцебску адзначылі выставай

Дзень нараджэння Казіміра Малевіча ў Віцебску адзначылі выставай23 лютага, Віцебск /Кацярына Князева - БЕЛТА/. Выставачны праект Constructio, прысвечаны мастаку, педагогу, тэарэтыку мастацтва, філосафу Казіміру Малевічу і прымеркаваны да яго дня нараджэння (23 лютага 1879 года), адкрыўся 23 лютага ў філіяле Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва "АРТ-прастора "Талстога,7", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Гэты праект не столькі для нас, мастакоў, колькі для інфармавання жыхароў горада, таму што ў шырокай публікі нават наконт такой вядомай асобы, як Казімір Малевіч, вельмі шмат пытанняў, - растлумачыла куратар праекта Галіна Васільева. - У дзень нараджэння мастака ў памяць аб ім мы спрабуем калі не адказаць на гэтыя пытанні, то хаця б падвесці чалавека да самастойнага ўсведамлення каштоўнасці яго творчасці, а таксама ролі мастацкіх адкрыццяў авангарднага мастацтва пачатку ХХ стагоддзя, у прыватнасці, супрэматызму. А таксама пазнаёміць гледачоў з творчасцю сучаснікаў, якія ствараюць пад уплывам тых ідэй".

Свае работы для праекта прадставілі віцебскія мастакі: арганізатар творчага аб'яднання "Квадрат" Аляксандр Малей, аўтар і куратар штогадовага праекта Abstract Васіль Васільеў, а таксама Аляксандр Слепаў, Настасся Ганчарова, Кірыл Дзёмчаў, Антаніна Фалей, Генадзь Фалей, Таццяна Макляцова. "Гэта ўжо легенды нашага горада. Вядома, яны развілі ідэі, закладзеныя ў мінулым стагоддзі, і ствараюць ужо сваё мастацтва. Але і яго, як і творчасць Малевіча, простымі словамі не растлумачыць. Наогул, у такім напрамку - канструктыўным - працуюць адзінкі. Гэта не поп-культура. Таму тое, што ў Віцебску ўтварылася цэлая група такіх людзей, унікальна", - сказала на заканчэнне Галіна Васільева.

Віцебск заняў важнае месца ў біяграфіі Казіміра Малевіча. Прыехаўшы сюды ў 1919 годзе ў якасці выкладчыка Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, ён прапрацаваў у горадзе тры гады. Менавіта ў Віцебску Малевіч напісаў свае лепшыя тэарэтычныя працы, поўнасцю рэалізаваў распрацаваную ім педагагічную праграму.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі