Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

1 Врс 2019

Дзень беларускага пісьменства ў Слоніме

Дзень беларускага пісьменства ў Слоніме

У 2019 годзе Дзень беларускага пісьменства прымаў горад Слонім Гродзенскай вобласці – адзін з самых старажытных на беларускіх землях, старадаўні цэнтр культурнага і духоўнага жыцця.

У дні свята на цэнтральнай плошчы Слоніма ўрачыста адкрылі помнік легендарнаму Льву Сапегу – дзяржаўнаму і ваеннаму дзеячу, дыпламату і палітычнаму мысліцелю, аднаму са стваральнікаў Статутаў Вялікага княства Літоўскага. Стагоддзі таму ён пачынаў сваю дзейнасць з пасады пісара ў гарадской канцылярыі Оршы, даслужыўся да найвышэйшых пасад – канцлера і гетмана Вялікага княства Літоўскага. У 1586 годзе Сапега атрымаў у кіраванне Слонім. Дзякуючы яму ў 1591 г. гораду над Шчарай было пацверджана магдэбургскае права, атрыманае Слонімам у 1531 годзе, а таксама дараваны герб з выявай ільва, што трымае залатую стралу. У часы канцлера Слонім ператварыўся ў развіты цэнтр рамёстваў, гандлю, палітычнага жыцця – тут нярэдка праходзілі сустрэчы ўплывовых дзеячаў дзяржавы.

Сярод знакамітых славутасцей Слоніма і наваколля – канал Агінскага, заснаваны ў XVIII стагоддзі гарадскім старастам і гетманам ВКЛ Міхалам Казімірам Агінскім, дзядзькам аўтара паланэза "Развітанне з Радзімай" Міхала Клеафаса Агінскага. Сёння гэта маляўнічая артэрыя – цуд гідратэхнікі нараўне з Аўгустоўскім каналам – адраджаецца як турыстычны аб'ект.

Дзякуючы Агінскаму, які быў не толькі палітыкам, але і пісьменнікам, кампазітарам, мецэнатам, у Слоніме з'явіўся тэатр, які і ў нашы дні застаецца цэнтрам культурнага жыцця горада.

Недалёка ад Слоніма знаходзіцца знакамітая духоўная святыня краіны – Свята-Успенскі Жыровіцкі праваслаўны манастыр. У наступным годзе спаўняецца 550 гадоў з моманту з'яўлення Жыровіцкага абраза Божай Маці, а сам манастыр будзе святкаваць 500-годдзе. Падрыхтоўка да гэтай знакавай даты ідзе ўжо сёння.

І ў Дзень беларускага пісьменства падзеі гісторыі Слоніма, спадчына яго знакамітых дзеячаў розных эпох былі ў цэнтры ўвагі. Акрамя таго, свята нацыянальнай культуры зноў прайшло пад знакам малой радзімы – пасля 2018-га ў Беларусі было прынята рашэнне прысвяціць гэтай важнай тэме не адзін год, а трохгоддзе.

Цэнтральнымі падзеямі фестывалю пісьменства ў Слоніме сталі ўрачыстыя цырымоніі адкрыцця і закрыцця, а таксама ўзнагароджвання пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Двухдзённая культурная праграма была насычана мерапрыемствамі і сустрэчамі. З 31 жніўня па 1 верасня прайшлі Фестываль кнігі і прэсы, падагульняючы этап Рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў "Жывая класіка". Беларускія і замежныя пісьменнікі абмяркоўвалі актуальныя пытанні сучаснай кніжнай справы за круглым сталом.

Святочныя мерапрыемствы разгарнуліся адразу на 10 пляцоўках горада – літаратурнай, медыйнай, тэатральнай, маладзёжнай з забаўляльнымі зонамі, рамеснай, нацыянальнай кухні і г.д. Дарэчы, упершыню менавіта ў Слоніме адбыўся "літаратурны" гастрафэст, госці якога маглі пакаштаваць стравы, апісаныя ў кнігах вядомых аўтараў – Адама Міцкевіча, Уладзіміра Караткевіча, Якуба Коласа... А эксклюзіўным сувенірам Дня пісьменства-2019 стаў набор шакаладу з партрэтамі класікаў беларускай літаратуры.

Адной з асаблівасцей кульмінацыі закрыцця свята стала перадача эстафеты правядзення Дня беларускага пісьменства. Наступнай сталіцай фестывалю нацыянальнага слова ў 2020 годзе стануць Бялынічы (Магілёўская вобласць) – старажытны "горад белых начэй", радзіма вядомых творчых асоб, "паклоннае месца" хрысціян Беларусі і свету. Дарэчы, як і Слонім, стагоддзі таму горад над Друццю таксама знаходзіўся пад апекаваннем канцлера Льва Сапегі.

Старшыня Слонімскага райвыканкама Генадзь Хоміч уручыў свайму калегу з Бялынічаў Васілю Захаранку вымпел аб перадачы права на правядзенне XXVII Дня беларускага пісьменства і фаліянт ручной работы.

 

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі