Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

14 Dec 2020

Другі форум Асацыяцыі ВНУ Беларусі і Расіі праходзіць у Мінску

Другі форум Асацыяцыі ВНУ Беларусі і Расіі праходзіць у Мінску

14 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Другі форум Асацыяцыі ВНУ Беларусі і Расіі праходзіць на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У форуме прымаюць удзел больш як 80 ВНУ дзвюх краін. Мерапрыемства праходзіць у змешаным фармаце. У БДУІР прысутнічаюць 30 рэктараў. Кіраўнікі расійскіх ВНУ выходзяць на сувязь са сваіх універсітэтаў. Плануецца абмеркаваць ключавыя пытанні адукацыйнага і навуковага супрацоўніцтва ўніверсітэтаў дзвюх краін, выклікі часу, вектары далейшага развіцця навукова-адукацыйных сувязей Беларусі і Расіі.

"У нас з расійскімі ВНУ амаль 1,4 тыс. прамых дагавораў у адукацыйнай і навуковай сферы. Гэта сумесныя праекты і адукацыйныя праграмы, абмен студэнтамі і выкладчыкамі, абмен інфармацыяй, сумесныя навуковыя даследаванні. Увогуле, даволі шырокі спект узаемадзеяння, - расказаў міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка. - Але разам з тым, якімі б ні былі міждзяржаўныя пагадненні, калі мы не знаходзім рэальнай падтрымкі для канкрэтных людзей, у гэтым выпадку для студэнтаў і выкладчыкаў, то, напэўна, усе пагадненні будуць заставацца на паперы. Якраз форум рэктараў і прызначаны вырашаць гэтыя канкрэтныя задачы".

Паводле слоў міністра, напрамкі ўзаемадзеяння паміж ВНУ дзвюх краін даволі цікавыя. "Мы ў анлайн-рэжыме падпішам шэраг пагадненняў. Некаторыя з іх будуць падпісаны заўтра на калегіі. Інтарэс у нас вельмі вялікі ў супрацоўніцтве ў сферы ІТ-тэхналогій - так званыя ідэі лічбавай трансфармацыі сістэмы адукацыі, - адзначыў ён. - Я быў у Расіі месяц таму з афіцыйным візітам. Мы сустракаліся з калегамі, абмяркоўвалі гэтыя пытанні, я наведаў шэраг устаноў адукацыі. Нам цікавы той вопыт, які ёсць у Расіі і які можа ў пэўным змененым выглядзе выкарыстоўвацца ў нас".

Як падкрэсліў міністр навукі і вышэйшай адукацыі Расіі Валерый Фалькоў, на палях форуму адбудзецца некалькі значных мерапрыемстваў. "Самае галоўнае пройдзе заўтра - сумесная калегія, на якой мы абмяркуем пытанні, што датычацца навучання расійскіх студэнтаў у Беларусі і беларускіх студэнтаў у Расіі. Размова ідзе аб стварэнні дадатковых умоў, каб студэнцкая і выкладчыцкая мабільнасць была яшчэ больш камфортнай, - сказаў ён. - Я ўжо азнаёміўся з работай Мінскага філіяла Расійскага эканамічнага ўніверсітэта імя Г.В.Пляханава і сумесна з прадстаўнікамі Міністэрства адукацыі Беларусі мы абмеркавалі перспектывы яго развіцця, а таксама складанасці, якія ўзнікаюць. Літаральна праз некаторы час я пагляджу яшчэ адзін філіял - Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта".

Расійскі міністр нагадаў, што напярэдадні пачаўся VIII Беларуска-расійскі маладзёжны форум. "У студэнтаў і моладзі нашых краін ёсць жаданне знаёміцца з культурай Беларусі і Расіі. Тым больш гэты год асаблівы - 75-годдзе Вялікай Перамогі. Я ведаю, што ў Беларусі вялікая ўвага ўдзяляецца захаванню гістарычнай памяці, вывучэнню фактаў, якія непасрэдна датычацца таго няпростага перыяду", - дадаў ён.

Сёння ўдзельнікі VIII Беларуска-расійскага маладзёжнага форуму наведваюць Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж" і храм-помнік у гонар Усіх святых і ў памяць аб ахвярах, якія паслужылі выратаванню Айчыны нашай, дзе адбудзецца сустрэча з удзельнікамі міжнароднай акцыі "На славу агульнай Перамогі". 15 снежня яны далучацца да рэспубліканскага маладзёжнага патрыятычнага праекта "Памяць сэрца", ускладуць кветкі да стэлы "Мінск - горад-герой", запаляць лампады памяці. Потым у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны пачне работу дыскусійная пляцоўка "Захаванне гістарычнай памяці". Завершыцца работа форуму сустрэчай з членамі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі