Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

26 Стд 2015

Доля гарадскога насельніцтва Беларусі ўзрасце да 2030 года да 80 працэнтаў

26 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Паводле прагнозу, у Беларусі да 2030 года колькасць гарадскога насельніцтва павялічыцца на 2,6 працэнта (з 7,22 млн да 7,41 млн чалавек), а яго доля дасягне 80 працэнтаў. Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Фондзе ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА).

Згодна з прагнознымі ацэнкамі, найбольшыя дэмаграфічныя страты панясе сельская мясцовасць, сітуацыя ў гарадах будзе больш спрыяльнай. Так, колькасць сельскага насельніцтва скароціцца амаль на 400 тыс. чалавек і складзе ў 2030 годзе 1,85 млн чалавек. Прычым колькасць насельніцтва зменшыцца ва ўсіх рэгіёнах, за выключэннем Мінска, насельніцтва якога будзе павольнымі тэмпамі павялічвацца.

Сумарны каэфіцыент нараджальнасці (сярэдняя колькасць дзяцей, народжаных адной жанчынай) у Беларусі адпавядае паказчыку ў найбольш развітых краінах свету, у тым ліку і ў Еўропе. Апошнія гады ў нашай краіне ўсё больш яўна выяўляюцца рысы еўрапейскіх рэпрадуктыўных паводзін насельніцтва. Гэта выяўляецца ў імкненні да самарэалізацыі, кар'ернага росту, высокіх стандартаў спажывання. Як і для многіх еўрапейскіх дзяржаў, для Беларусі характэрна тэндэнцыя павелічэння сярэдняга ўзросту пры ўступленні ў першы шлюб, а таксама сярэдняга ўзросту жанчыны пры нараджэнні дзіцяці першынца.

Апошнім часам у Беларусі расце сумарны каэфіцыент нараджальнасці. Аднак ён, як і раней, не забяспечвае ўзроўню простага ўзнаўлення насельніцтва. Дарэчы, паляпшэнне становішча жанчыны на рынку працы стымулюе нараджальнасць, і такая тэндэнцыя сярод высокаразвітых краін ужо назіраецца ў ЗША (сумарны каэфіцыент нараджальнасці 2,06), Нідэрландах (1,76), Фінляндыі (1,83), Швецыі (1,90), Нарвегіі (1,88) і іншых краінах. Уплывае на сітуацыю і ўзрост маці пры нараджэнні дзіцяці. Цяпер назіраецца тэндэнцыя да яго павелічэння, у найбольш эканамічна развітых краінах свету ён перавысіў ужо 30 гадоў (31,4 года - у Італіі, 31,3 года - у Японіі). У Беларусі гэты паказчык - 25,4 года.

Цяпер паміж развітымі краінамі і краінамі, якія сталі на шлях развіцця, існуе амаль двухкратны разрыў ва ўзроўні нараджальнасці. Рэгіёнам з самым нізкім сумарным каэфіцыентам нараджальнасці з'яўляецца Еўропа (1,5). Далей ідзе Лацінская і Паўночная Амерыка з каэфіцыентам 2 і 2,3 адпаведна. Аўстралія з Акеяніяй і Азія - па 2,4. Рэгіёнам з самым высокім сумарным каэфіцыентам нараджальнасці застаецца Афрыка (4,6).

Паводле слоў спецыялістаў, нараджальнасць у нашай краіне мае некаторыя тэрытарыяльныя асаблівасці. Так, існуе адрозненне ва ўзроўні нараджальнасці сярод гарадскога і сельскага насельніцтва, ёсць адрозненні і па абласцях. Рэгіянальная дыферэнцыяцыя звязана, перш за ўсё, з узроўнем сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў, існуючымі традыцыямі, якія абумовілі адпаведныя дэмаграфічныя паводзіны, культурнымі і рэлігійнымі асаблівасцямі. Найбольшае значэнне агульнага каэфіцыента нараджальнасці характэрна для Брэсцкай, Гомельскай, Мінскай абласцей і Мінска.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі