1 чэрвеня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Дні культуры Татарстана ўпершыню пройдуць у Беларусі з 4 па 7 чэрвеня, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага пасольства ў Расіі.
"У час Дзён культуры ў Мінску і Гродне пройдуць паказы дакументальных, мастацкіх і анімацыйных фільмаў татарстанскай вытворчасці, выстаўкі выяўленчага мастацтва і фотавыстаўкі, круглыя сталы па пытаннях рэалізацыі этнакультурных ініцыятыў на базе ўстаноў культуры, а таксама па абмене вопытам у галіне бібліятэчнай справы, творчыя вечары дзеячаў культуры і мастацтва, выстаўкі-кірмашы народных мастацкіх промыслаў", - адзначылі ў дыппрадстаўніцтве.
Урачыстае адкрыццё Дзён культуры Татарстана адбудзецца 5 чэрвеня ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, дзе пройдзе канцэрт майстроў мастацтваў рэспублікі.