Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

22 Жнв 2025

"Чытаем па-беларуску". Медыйныя персоны агучылі знакамітыя радкі, ролікі набіраюць папулярнасць у Сетцы


Фота з архiва

22 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ролікі, на якіх вядомыя людзі чытаюць беларускую класіку, за кароткі час набіраюць тысячы праглядаў. Праект "Чытаем па-беларуску" падрыхтаваны да Дня беларускага пісьменства, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік міністра інфармацыі Дзяніс Язерскі.

Ідэя праекта з'явілася на адной з нарад, якая праходзіла ў рамках падрыхтоўкі да свята. Была выказана ідэя, што трэба прыцягваць для папулярызацыі гэтага мерапрыемства ў тым ліку медыйных персон: палітыкаў, дзеячаў культуры, навуковую грамадскасць, артыстаў. Тым самым больш актыўна далучаць да беларускай мовы і літаратуры моладзь.

Ідэю рэалізавала "Сталічнае тэлебачанне" з улікам вялікага вопыту работы па тэме Дня беларускага пісьменства. Ужо шмат гадоў сумесна з Міністэрствам адукацыі і Міністэрствам інфармацыі тэлеканал выступае арганізатарам конкурсу чытальнікаў "Жывая класіка" - яго пераможцаў узнагароджваюць у сталіцы Дня беларускага пісьменства. Прапаноўвалася некалькі варыянтаў. У выніку атрымаўся цікавы прадукт у фармаце відэаролікаў.

Паводле слоў Дзяніса Язерскага, адгукнулася даволі вялікая колькасць цікавых людзей, якія актыўна ўключыліся ў гэты працэс. Вышэйшыя службовыя асобы, дэпутаты, спартсмены, медыйныя асобы чытаюць па-беларуску. Яны прачыталі радкі з вершаў Янкі Купалы "Спадчына", Уладзіміра Карызны "Беларусь мая сінявокая!", а таксама радкі з прадмовы Францыска Скарыны да кнігі "Юдзіф". Ролікі за кароткі час набіраюць тысячы праглядаў: цікава, незвычайна і крыху нечакана пачуць беларускую класіку з вуснаў гэтых асоб. "Калі ты бачыш і разумееш, што чытаюць з душой, перажываюць верш, зусім па-іншаму пачынаеш глядзець на гэтых людзей. І гэта выклікае павагу", - адзначыў ён.

Ролікі размяшчаюцца на тэлебачанні, у сацыяльных сетках, на сайтах. Асабліва актыўны карыстальнікі Telegram-каналаў, яны перасылаюць ролікі адзін аднаму. Колькасць праглядаў і рэпостаў сапраўды вялікая. Праект разлічаны на маладое пакаленне, якое праводзіць значную колькасць часу ў сацсетках.

Ідэю між тым падхапілі і іншыя журналісты, у прыватнасці Магілёўскай вобласці. Зрэшты, першапачаткова флэш-моб не планаваўся. Уключэнне ў гэты працэс, паводле слоў Дзяніса Язерскага, несумненна, заслугоўвае ўвагі і вітаецца.

"Маючая адбыцца падзея вельмі важная. Мы хочам, каб пра гэта свята - Дзень беларускага пісьменства - даведалася як мага больш людзей. Па сутнасці, гэта адзін з найстарэйшых фестываляў у нашай краіне. Ён існуе практычна столькі, колькі і наша незалежнасць", - падкрэсліў намеснік міністра інфармацыі. Ён адзначыў, што фестываль кожны год мяняе сталіцу свайго правядзення. У гэтым годзе свята сустракае Ліда.

XXXII Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Лідзе 6 і 7 верасня. У гэтым годзе мерапрыемства прысвечана некалькім знамянальным датам: 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, 500-годдзю выхаду кнігі "Апостал" Францыска Скарыны, а таксама юбілеям выдатных дзеячаў нацыянальнай літаратуры. Урачыстае адкрыццё свята і цырымонія ўзнагароджвання лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі і "Лідскія чытанні" запланаваны на 6 верасня.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі