У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Прэс-цэнтр
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

3 Жнв 2015

Буйнейшы крыты парк дыназаўраў і робатаў адкрыецца ў Мінску ў кастрычніку

3 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адзін з буйнейшых у Еўропе крытых сямейна-забаўляльных цэнтраў адкрыецца ў Мінску на вуліцы Прытыцкага: наведвальнікаў чакаюць рухомыя і размаўляючыя дыназаўры, спяваючыя робаты і сімулятары зенітнай устаноўкі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ва Усходне-еўрапейскай кампаніі, якая валодае сеткай аб'ектаў адпачынку і забаў.

Цэнтр сямейнага адпачынку "Дыназаўрыя" адкрыецца ў кастрычніку. Ён стане першым у Беларусі крытым паркам звышвялікага фармату. Сярод адметных асаблівасцей - тэматычнае афармленне і разнастайная шоу-праграма. Разлічаны цэнтр як на дзяцей ад паўгода, так і на дарослых. Установа зойме плошчу каля 3 тыс. кв.м на двух паверхах комплексу "Цівалі".

Парк будзе падзелены на дзве асноўныя зоны: увесь чацвёрты паверх - свет джунгляў і сухапутных дыназаўраў, а на ярус ніжэй будзе створана атмасфера падводнага царства. Інтэр'ер падтрымае тэматыку: дэкарацыі ў памяшканнях зымітуюць і тропікі, і марское дно з каралавымі рыфамі.

У парку ўстановяць больш за 60 атракцыёнаў і гульнявых апаратаў. Сярод іх - 12 дыназаўраў, у тым ліку тыраназаўр Рэкс. У час 15-мінутнага шоу пачвары будуць спяваць, рухацца і расказваць аб сабе. На выбар прапануюць дзве забаўляльныя праграмы і адну адукацыйную - для дзіцячых садоў і школ.

Наведвальнікаў таксама чакае выступленне аркестра "вясёлых" робатаў і "вывяржэнне вулкана" - невялікая інсцэніроўка са спецэфектамі. Дзецям да 8 гадоў будуць даступны чатырохпавярховы лабірынт, пакой з мяккімі цацкамі і міні-каруселі, пясочніцы з кінематычным пяском, які не ліпне да рук і дае магчымасць будаваць замкі і складаныя фігуры.

Дарослыя змогуць прымераць "экзашкілет" - атракцыён з поўнай свабодай руху, які верціцца на 360 градусаў ва ўсіх плоскасцях. Акрамя таго, будуць устаноўлены два віды сімулятара зенітна-кулямётнай устаноўкі, якія навучаць страляць па танках і самалётах. Будуць таксама лазерныя баі, міні-боўлінг і танцавальныя платформы. Многія нюансы камплектацыі цэнтра пакуль не раскрываюцца, каб зрабіць наведвальнікам сюрпрыз.

У сямейным цэнтры арганізуюць рэстаранную зону на 200 месц, бар і кафетэрый з дзіцячым меню. Правесці час у асяроддзі сям'і можна будзе ў чатырох VIP-пакоях, стылізаваных пад пячоры.

Уваход у парк забаў бясплатны. Плаціць трэба будзе толькі за атракцыёны па спецыяльнай картцы, на якую наведвальнік можа пакласці любую суму грошай. Каб скарыстацца атракцыёнам, дастаткова прыкласці "пластык" да картрыдараў. Дарэчы, такая сістэма паспяхова працуе ўжо ў некаторых мінскіх забаўляльных цэнтрах.

"Дыназаўрыя" будзе супрацоўнічаць з дзіцячымі ўстановамі. Для дзяцей падрыхтуюць серыю адукацыйных майстар-класаў, будуць працаваць пастаянныя гурткі, у тым ліку цыркавога мастацтва. Педагогі змогуць праводзіць інтэрактыўныя ўрокі біялогіі і заалогіі, выкарыстоўваючы гіганцкіх паўзуноў.

"Установа будзе вызначацца як вялізнымі памерамі, так і багатым напаўненнем - аналагічныя забаўляльныя паркі цяпер можна знайсці толькі ў вялікіх еўрапейскіх сталіцах, накшталт Парыжа, Масквы, Прагі або Берліна", - адзначыў намеснік дырэктара ЗАТ "Усходне-еўрапейская кампанія" Дзмітрый Філімонаў.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс