Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

18 Кст 2023

Брэсцкі тэатр лялек паставіў спектакль аб Ефрасінні Полацкай

Брэсцкі тэатр лялек паставіў спектакль аб Ефрасінні Полацкай

18 кастрычніка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Брэсцкім тэатры лялек прадставілі прэм'еру спектакля "Ефрасіння Полацкая. Святыя літары", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Спектакль створаны з выкарыстаннем гранта Прэзідэнта і прысвечаны адной з самых вядомых заступніц беларускай зямлі - прападобнай ігуменні Ефрасінні Полацкай. У аснову пастаноўкі пакладзена жыціе інакіні, дакументальныя матэрыялы аб гісторыі Полацкага княства, народныя паданні. Тэкст уключае таксама асобныя фрагменты пісанняў святых.

"Гэта спектакль пра веру ў сваё прызначэнне, духоўны подзвіг. У часы Ефрасінні Полацкай грамаце вучыліся па Свяшчэнным Пісанні. Паколькі яна была безумоўна адоранай і таленавітай, я ўявіў, як яна можа натхнёна ўзаемадзейнічаць з гэтымі тэкстамі. У пастаноўцы літары свяшчэнных тэкстаў ажываюць, вядуць яе па жыццёвым шляху. І яны множацца. А калі Ефрасіння ўзносіцца, гэтыя літары застаюцца ў свеце, як дар", - растлумачыў задумку і ідэю спектакля аўтар сцэнарыя галоўны рэжысёр тэатра Дзяніс Казачук.

Па прызнанні рэжысёра, акрамя таго, што яму было незвычайна цікава працаваць над пастаноўкай, ён яшчэ атрымаў вялікі вопыт у прафесіі. Перад тым, як пачаць работу, Дзяніс Казачук пабываў на радзіме беларускай асветніцы. Менавіта адтуль ён прывёз мастацкае рашэнне спектакля. Старажытная ладдзя на сцэне з'яўляецца і калыскай, і дарогай, па якой ішла ігумення. Распісаныя пад фрэскі драўляныя лялькі - вобразамі і сімваламі.

Вобраз галоўнай гераіні выканалі чатыры актрысы, увасобіўшы ў розных візуальных формах этапы яе сталення і станаўлення. Марта Жмінько ўвасабляла святую ў дзяцінстве, Вольга Марчук - у малалецтве, Лілія Вярста - у сталасці, Алена Паляшэнка - у старасці. Музыку да спектакля напісаў кампазітар Уладзімір Бабкоў, мастак - Ірына Цітавец.

"Вельмі перажывалі акцёры, актрысы. Ужо сама велічыня асобы Ефрасінні Полацкай выклікае пэўнае трапятанне і адказнасць, асабліва ў тых, хто перадае яе характар, вобраз. Работа складаная, няпростая. Я рада, што ў нашым рэпертуары з'явіўся гэты спектакль. Мы прадастаўляем магчымасць нашай моладзі паглыбіцца ў гісторыю, даведацца больш аб асобах, персаналіях, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё дзяржавы", - адзначыла дырэктар тэатра Тамара Паўлюковіч.

На прэм'еры ў БТЛ назіраўся аншлаг. Школы, ліцеі Брэста загадзя набылі білеты на пастаноўку для сваіх навучэнцаў. Напэўна пасля прагляду вобраз беларускай святой стаў для іх больш блізкім і зразумелым.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі