Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

4 Снж 2018

Больш за 90 прадпрыемстваў і арганізацый прымуць удзел у дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці"

Больш за 90 прадпрыемстваў і арганізацый прымуць удзел у дабрачыннай акцыі

4 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш за 90 прадпрыемстваў і арганізацый прымуць удзел у навагодняй рэспубліканскай дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці", паведаміла журналістам галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Алена Сімакова, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У пералік удзельнікаў акцыі ў бягучым годзе плануецца ўключыць больш за 90 устаноў, прадпрыемстваў, арганізацый. Накіраваны пісьмы для пацвярджэння ўдзелу як у дзяржорганы і арганізацыі, грамадскія аб'яднанні, так і ў розныя прыватныя арганізацыі. Для наведвання прапануецца больш за 120 аб'ектаў. Гэта школы-інтэрнаты, дзіцячыя дамы, дзіцячыя сацыяльныя педагагічныя цэнтры, сацыяльныя прытулкі, спецыяльныя вучэбна-выхаваўчыя, лячэбна-выхаваўчыя ўстановы, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, школы, дашкольныя ўстановы. Плануецца, што ў акцыі прымуць удзел больш за 15 тыс. дзяцей", - расказала Алена Сімакова. "Акрамя таго, у рэгіёнах сфарміраваны свае прапановы па ўдзеле ў акцыі. У іх уключаюцца ўсе прадпрыемствы, органы і структуры рэгіёна", - дадала яна.

У 2017 годзе рэспубліканскія органы дзяржкіравання, арганізацыі, падпарадкаваныя ўраду Беларусі, канцэрны, банкі, грамадскія аб'яднанні аказалі матэрыяльную дапамогу, набылі абсталяванне, падарункі на суму большую за Br1 млн 205 тыс. "Дораць тое, што асабліва патрэбна, каб дзеці, якія трапляюць у такія ўстановы, адчувалі сябе ў максімальна камфортных умовах. Такія падарункі многія шэфы пачалі ўжо набываць", - адзначыла галоўны спецыяліст.

У час дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці" пройдуць такія значныя мерапрыемствы, як галоўная ёлка краіны з удзелам кіраўніка дзяржавы, урачыстыя мерапрыемствы для лепшых навучэнцаў і студэнтаў у Палацы Незалежнасці, ёлкі з удзелам старшынь абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў, святы для дзяцей у інтэрнатах, бальніцах і іншых установах. У кожным рэгіёне краіны адбудуцца навагоднія мерапрыемствы для выхаванцаў шматдзетных сем'яў, замяшчальных сем'яў і іншых катэгорый дзяцей, якія маюць патрэбу ў асаблівым клопаце. "Традыцыйна галоўнай падзеяй акцыі стане дабрачыннае навагодняе свята для дзяцей з удзелам кіраўніка дзяржавы, якое пройдзе ў Палацы Рэспублікі напярэдадні Новага года. На ёлку ўжо запрошаны больш за 2 тыс. дзяцей ва ўзросце 8-14 гадоў з розных рэгіёнаў краіны", - расказала Алена Сімакова.

Паводле яе слоў, у апошнія гады на мерапрыемствах акцыі адзначаюцца ўвагай, падтрымкай і падарункамі лепшыя з ліку школьнікаў, навучэнцаў і студэнтаў.

У час дабрачыннай акцыі выхаванцы інтэрнатаў, прыёмных, апякунскіх сем'яў, дзіцячых дамоў сямейнага тыпу наведаюць рэзідэнцыю Дзеда Мароза ў нацыянальным парку "Белавежская пушча", у рэгіёнах пройдуць калядныя балі, святы на гарадскіх лядовых арэнах, дзеці сустрэнуцца са знакамітымі людзьмі краіны, членамі ўрада, дэпутатамі, спартсменамі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі