Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

12 Лют 2018

Больш за 700 прыгажунь прынялі ўдзел у кастынгах конкурсу "Міс Беларусь-2018"

12 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш за 700 прыгажунь удзельнічалі ў кастынгах конкурсу "Міс Беларусь-2018", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе тэлеканала АНТ.

Творчая група праекта праехала па ўсіх абласных гарадах, фінальныя адборы прайшлі 10 і 11 лютага ў сталіцы Беларусі.

Кожная з прэтэндэнтак старалася здзівіць камісію па-свойму. Прыгажуні спявалі, танцавалі, дэкламавалі вершы, дэманстравалі ўласныя карціны, паказвалі фокусы і праводзілі імправізаваныя экскурсіі на рускай, беларускай або англійскай мовах. Здольнасцям да мовы члены адборачнай камісіі ўдзялялі асаблівую ўвагу, бо пераможца будзе прадстаўляць Беларусь на конкурсе "Міс сусвету".

Званне першай прыгажуні краіны - гэта не проста тытул, які прысвойваецца на два гады. Традыцыйна "Міс Беларусь" становіцца дзяўчына, якая прадстаўляе нацыю, і меркаванне аб краіне на міжнароднай арэне складваецца ў тым ліку і па ёй. Таму ў галоўнай прыгажуні Беларусі павінны спалучацца духоўнасць, інтэлект, крэатыўнасць і дабрата, адзначаюць арганізатары.

Каля 300 анкет трэба будзе прааналізаваць творчай групе праекта. Менавіта столькі дзяўчат прэтэндуюць на ўдзел у фінале нацыянальнага конкурсу прыгажосці "Міс Беларусь-2018". "Будзе аналізавацца ўсё: анкеты, іх фота, відэа і нават акаўнты ў сацыяльных сетках. Далей будуць выбраны ад 80 да 100 дзяўчат, якія будуць запрошаны ў Мінск для гутаркі і інтэрв'ю, па выніках якіх пашыраная адборачная камісія выбера каля 30 удзельніц. Яны і будуць спаборнічаць за званне самай прыгожай беларускі ў фінале", - расказаў дырэктар дырэкцыі спецпраектаў тэлеканала АНТ Іван Падрэз.

Само шоу адбудзецца 4 мая ў сталічным Палацы спорту. У гэтым годзе арганізатары хочуць адысці ад прывычнага дэфіле, плануюць зрабіць вялікія прыгожыя харэаграфічныя пастаноўкі. "Гэта вельмі ўскладніць задачу дзяўчатам, а таксама сам працэс падрыхтоўкі. У тым ліку таму ў час адборачных тураў мы звярталі асаблівую ўвагу на пластыку рухаў", - адзначыла галоўны рэжысёр тэлеканала АНТ Анжаліна Мікульская.

Дзённікі падрыхтоўчага этапу шоу ў эфіры тэлеканала дадуць магчымасць гледачам больш азнаёміцца з канкурсанткамі, пастаянна будуць абнаўляцца старонкі праекта "Міс Беларусь-2018" у сацыяльных сетках і на сайце АНТ.

Пераможца, акрамя кароны і права прадстаўляць Беларусь на міжнародных конкурсах прыгажосці, атрымае грашовы прыз у памеры 500 базавых велічынь і пазадарожнік Geely Atlas. Вялікія грашовыя прызы атрымаюць і ўладальніцы тытулаў "Першая віцэ-міс" і "Другая віцэ-міс". Падарункі ад партнёраў і спонсараў прадугледжаны і для ўладальніц іншых намінацый.

Арганізатарамі Нацыянальнага конкурсу прыгажосці выступаюць тэлеканал АНТ, Нацыянальная школа прыгажосці і Міністэрства культуры Беларусі. У гэтым годзе выбіраць самую прыгожую дзяўчыну Беларусі будуць 11-ы раз. Генеральны партнёр праекта "Міс Беларусь-2018" - гандлёвая марка Geely. Б'юці-партнёр - кампанія "Арыфлэйм". Афіцыйныя партнёры - Conte, ЗАТ "Мілавіца", гомельскае ВА "Крышталь".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі