Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

26 Oct 2016

Больш за 200 спевакоў з 20 краін прыедуць на Мінскі міжнародны Калядны конкурс вакалістаў

Больш за 200 спевакоў з 20 краін прыедуць на Мінскі міжнародны Калядны конкурс вакалістаў26 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш за 200 выканаўцаў з 20 краін падалі заяўкі на ўдзел у ІІІ Мінскім міжнародным Калядным конкурсе вакалістаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі, які з'яўляецца арганізатарам конкурсу.

Беларусь, Расія, Украіна, Грузія, Узбекістан, Канада, Казахстан, Малдова, Літва, ЗША, Францыя, Манголія, Кітай, Арменія, Ізраіль, Латвія, Турцыя, Швецыя, Карэя і Ірландыя - маладыя спевакі з гэтых краін прыедуць у Вялікі тэатр Беларусі з 7 па 13 снежня. Усяго 226 вакалістаў пажадалі паспрабаваць свае сілы.

Ацаніць вакальны талент удзельнікаў зможа не толькі высокае журы конкурсу, але і гледачы. Па традыцыі публіка пачуе ўдзельнікаў у вялікай зале тэатра 11 снежня на другім туры конкурсу і 13 снежня на гала-канцэрце фіналістаў, дзе акрамя дыпломаў і ўзнагарод будзе ўручаны і прыз глядацкіх сімпатый. Акрамя таго, выступіць у фінальным гала-канцэрце ў якасці гасцей запрошаны пераможцы конкурсу мінулых гадоў. І гэтыя імёны сёння добра вядомы аматарам опернага мастацтва: Раміз Усманаў (Узбекістан), Надзея Паўлава (Расія), Міхаіл Малафій (Украіна), Лаша Сесіташвілі (Грузія), Алена Сціхіна (Расія), Віктар Мендзелеў (Беларусь), Ілья Сільчукоў (Беларусь).

Конкурс вакалістаў праходзіць у тры туры, першыя два - з канцэртмайстрам, трэці (фінал) - у суправаджэнні аркестра. У фінале конкурсу ўдзельнікі выканаюць адну з галоўных партый у сцэнах з опер класічнага або сучаснага рэпертуару, а дапамагаюць ім у гэтым зоркі беларускага Вялікага.

Уладальнік Гран-пры конкурсу атрымае грашовы прыз у памеры $10 тыс., лаўрэат I прэміі - $8 тыс., II прэміі - $6 тыс., III прэміі - $4 тыс. Але самае галоўнае - многія маладыя артысты конкурсу атрымаюць і такія каштоўныя ў свеце мастацтва запрашэнні ў вядучыя оперныя тэатры і кампаніі свету.

Вызначаць лепшых з лепшых будзе кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі дырэктары оперных тэатраў, імпрэсарыа і вядомыя музычныя дзеячы. Узначаліць журы генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі Уладзімір Грыдзюшка. Таксама ў лік суддзяў увойдуць генеральны дырэктар Львоўскага нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета імя С.Крушальніцкай (Украіна) Тадэй Эдэр, дырэктар Сафійскага нацыянальнага тэатра оперы і балета (Балгарыя) акадэмік Пламен Карталаў, рэдактар часопіса "Опера" (Вялікабрытанія) Джон Элісан, генеральны дырэктар Нямецкай оперы на Рэйне (Германія) прафесар Крыстаф Меер, генеральны дырэктар Оперы Марсэля (Францыя) Морыс Ксіберас, дырыжор, мастацкі кіраўнік Фестывалю "Аль-Бустан" у Бейруце (Італія) Джанлука Марчыяна і многія іншыя.

Адразу пасля конкурсу з 14 па 20 снежня адбудзецца VII Мінскі міжнародны Калядны оперны форум, у ім прымуць удзел зоркі, якія пакарылі сусветна вядомыя оперныя пляцоўкі свету. Такім чынам, літаральна за два тыдні Мінск наведаюць артысты, музыканты, знакамітыя рэжысёры, імпрэсарыа, дырэктары тэатраў і агенцтваў з 32 краін.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі