Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

8 Стд 2018

Больш за 1,5 тыс. дзяцей з пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС раёнаў удзельнічаюць у акцыі "Калядная ёлка - нашы дзеці"

8 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш за 1,5 тыс. дзяцей з раёнаў, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, прымаюць удзел у 24-й рэспубліканскай дабрачыннай акцыі "Калядная ёлка - нашы дзеці", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Акцыя адкрылася па благаславенні Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Каляднай літургіяй у Мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы, дзе прысутнічала больш за 400 дзяцей з Пінскага раёна Брэсцкай вобласці, Буда-Кашалёўскага, Нараўлянскага, Хойніцкага, Мазырскага раёнаў Гомельскай вобласці, Краснапольскага, Слаўгарадскага, Чэрыкаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці. Усе ўдзельнікі сустрэчы - адораныя дзеці, якія ў 2017 годзе сталі фіналістамі XXXI Міжнароднай сацыяльна-творчай праграмы "Чарнобыльскі шлях - дарога жыцця: у будучыню - з надзеяй".

Мітрапаліт Павел павіншаваў усіх прысутных са святам усёдаравання, светлых пачуццяў і любові, прачытаў малітву за дзяцей Беларусі і благаславіў удзельнікаў акцыі. У знак удзячнасці дзеці паднеслі Уладыку святочныя творчыя віншаванні і сувеніры, вырабленыя сваімі рукамі. "Мерапрыемства "Калядная ёлка - нашы дзеці" сапраўды добрае. Усе дзеці, якія сёння сюды прыйшлі, пакінуць гэту светлую падзею ў сваёй памяці, у сэрцы і ў свядомасці. Глядзіш на іх - і радасна становіцца. Яны жывуць добрым жыццём. Хочацца пажадаць, каб гэта дзіцячая чысціня захавалася ў іх як мага даўжэй", - сказаў мітрапаліт Павел.

Кожны год арганізатары і ўдзельнікі "Каляднай ёлкі" сімвалічна адзначаюць дзень нараджэння праекта - у гэтым годзе яму 24. Столькі свечак было запалена на традыцыйным святочны калядным пірагу.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка, першы сакратар Цэнтральнага камітэта ГА "БРСМ" Андрэй Белякоў, каардынатар валанцёрскага руху "Добрае сэрца", старшыня цэнтральнага савета Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі Аляксандра Ганчарова.

Прадоўжылася свята ў Беларускім дзяржаўным цырку, яно аб'яднала больш за 1,5 тыс. дзяцей з раёнаў Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС. Юныя ўдзельнікі акцыі акунуліся ў чароўную атмасферу прыгод з героямі "Навагодняй казкі". Кульмінацыяй урачыстасці стане ўручэнне дзецям салодкіх падарункаў.

Уладзімір Вашчанка падкрэсліў, што дзяржава ўдзяляе вялікую ўвагу падрастаючаму пакаленню, а Каляднае свята для дзяцей з забруджаных тэрыторый ужо стала традыцыйным. "Для дзяцей галоўнае, каб было свята. Мы пастараліся стварыць для іх урачыстасць. Дзеці прыехалі ў Мінск, прынялі ўдзел у службе, акрамя таго, іх чакаюць разнастайныя забаўляльныя мерапрыемствы. Сёння гэта свята ў Белдзяржцырку", - адзначыў міністр.

Арганізатарамі 24-й рэспубліканскай дабрачыннай акцыі "Калядная ёлка - нашы дзеці" выступаюць ГА "БРСМ", Дэпартамент па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Епархіяльнае ўпраўленне Беларускай праваслаўнай царквы, грамадскае аб'яднанне "Беларускі фонд міру" пры падтрымцы Мінадукацыі і Белдзяржцырка. Праект з'яўляецца кульмінацыйным мерапрыемствам дабрачыннай акцыі "Цуды на Каляды" і праводзіцца ў мэтах духоўнай, сацыяльнай і творчай падтрымкі дзяцей, якія пражываюць у аддаленых і пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС раёнах Беларусі. За гады правядзення "Калядная ёлка - нашы дзеці" аб'яднала каля 49 тыс. дзяцей.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі