У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Прэс-цэнтр
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

2 Чэр 2015

Больш за 10 тыс. чалавек збяруць у Полацку мерапрыемствы з нагоды Дня памяці святой Ефрасінні

2 чэрвеня, Віцебск /Алёна Ціханава - БЕЛТА/. Больш за 10 тыс. чалавек збяруць 5 чэрвеня ў Полацку маштабныя мерапрыемствы з нагоды Дня памяці прападобнай Ефрасінні Полацкай, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Полацкага райвыканкама.

Паводле слоў арганізатараў, у гэтым годзе Полацк будзе ўспамінаць святую заступніцу зямлі беларускай як ніколі маштабна і масава, што абумоўлена некалькімі значнымі духоўнымі датамі: 105 гадоў з часу вяртання мошчаў прападобнай Ефрасінні Полацкай у родны для яе горад, 15 гадоў з моманту ўстаноўкі ў Полацку помніка святой. Духоўныя і свецкія мерапрыемствы, прысвечаныя прападобнай, аб'яднае свята пад назвай "Табе, Ефрасіння, - заступніца зямлі Полацкай".

У Дзень памяці ў Полацку пасля заканчэння Боскіх літургій ад галоўных праваслаўных святынь пройдуць 14 урачыстых царкоўных шэсцяў, якія, рухаючыся пад бой званоў да Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, каля помніка Усяславу Брачыславічу (Чарадзею) злучацца ў адзін агульны Хрэсны ход. Чакаецца, што ўрачыстае царкоўнае шэсце аб'яднае каля 10 тыс. вернікаў, якія спыняцца каля помніка Ефрасінні Полацкай, дзе будзе адслужаны малебен. Завершыцца маштабнае мерапрыемства Архірэйскім прыёмам.

Каля помніка прападобнай 5 чэрвеня пройдзе святочны маладзёжна-дзіцячы квэст "Ефрасінні - праз стагоддзі". "Ідэя яго правядзення належыць грамадскасці, а падрыхтавала яго моладзь, што сведчыць аб тым, што літаральна ўсе палачане хочуць аддаць даніну павагі святой заступніцы нашай зямлі, пакланіцца перад яе веліччу, значнасцю і ўнікальнасцю", - адзначылі ў прэс-службе, падкрэсліўшы, што каля помніка будзе арганізавана выстаўка дзіцячых работ (дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, аплікацыі і інш.), а таксама пройдуць майстар-класы. Акрамя таго ў Полацку будзе арганізаваны першы дзіцячы рэгіянальны фестываль "Святой Ефрасінні - праз стагоддзі..." (пачатак у 16.00 на плошчы Свабоды).

Памяці прападобнай Ефрасінні Полацкай будзе прысвечаны шэраг праектаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка: выстаўка "Пад знакам адданасці зямлі" ў Музеі беларускага кнігадрукавання, тэматычныя экскурсіі ў Мастацкай галерэі, музейна-педагагічныя заняткі па тэме "Святая Ефрасіння - апякунка зямлі Полацкай" у краязнаўчым музеі і Музеі беларускага кнігадрукавання, арт-праект "Скульптура" каля сцен Мастацкай галерэі і многае іншае.

Тэматычныя праекты, прысвечаныя святой пройдуць на гэтым тыдні ў бібліятэках, на прадпрыемствах і ў арганізацыях горада Полацка і Полацкага раёна. "Мерапрыемствы, прысвечаныя прападобнай Ефрасінні Полацкай, штогод збіраюць тысячы вернікаў, пілігрымаў не толькі з Беларусі, але і іншых краін. Урачыстыя мерапрыемствы яшчэ раз даказваюць, што імя і вобраз беларускай святой захоўваецца ў гісторыі і памяці людзей", - упэўнены ў прэс-службе.

5 чэрвеня адзначаецца Дзень памяці прападобнай Ефрасінні Полацкай - заснавальніцы і ігуменні двух праваслаўных манастыроў, выдатнай асветніцы і настаўніцы, нябеснай заступніцы зямлі беларускай, першай беларускай праваслаўнай святой. Аб яе жыцці і справах у асноўным вядома з "Жыція Ефрасінні Полацкай", створанага прыкладна ў 1187 годзе. Яна нарадзілася, як мяркуецца, каля 1101 (не пазней 1104 года) і была дачкой князя Георгія Усяславіча, малодшага сына Усяслава Чарадзея, і яго жонкі Сафіі, дачкі Уладзіміра Манамаха. Бацькі пры нараджэнні назвалі дзяўчынку Прадславай. Вядома, што ў 12 гадоў Прадслава прыйшла ў манастыр і паведаміла аб жаданні прыняць пострыг. Імя Ефрасінні, справы і вобраз асветніцы набылі рысы нацыянальнага сімвала самаадданага служэння высакародным ідэалам, вернасці сваёй радзіме. У 1984 годзе Ефрасіння Полацкая была прылічана да Сабора Беларускіх Святых. Яе імя носяць цэрквы ў горадзе Саўт-Рывер (ЗША) і Таронта (Канада). Беларускі народ шануе памяць Ефрасінні Полацкай. У дзень яе памяці ў Полацк пакланіцца мошчам святой Ефрасінні штогод прыязджаюць тысячы паломнікаў.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс