Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

5 Apr 2016

Больш як 70 твораў будзе прадстаўлена на выставе жывапісца Уладзіміра Масленікава

5 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адкрыццё персанальнай выставы вядомага беларускага жывапісца Уладзіміра Масленікава "Прастора і час" адбудзецца 6 красавіка ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага ў Мінску, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінгарвыканкама.

Выстава прымеркавана да 60-гадовага юбілею Уладзіміра Масленікава. Будуць экспанавацца больш за 70 твораў, якія ўяўляюць сабой своеасаблівую рэтраспекцыю творчасці мастака скрозь прастору і час. Гэта партрэты 1980-х гадоў, пейзажы 1990-х і пачатку 2000-х. Аднак большая частка экспазіцыі прысвечана творчасці апошніх гадоў.

На выставе дамінуе пейзаж. У жывапісца склаўся свой вобразны стыль пейзажа, для якога характэрна імкненне да адлюстравання бязмежнай прыроднай прасторы. Вельмі часта такія жывапісныя панарамы праразаюцца прывольным цячэннем рэк, у якіх пазнаюцца характэрныя асаблівасці Заходняй Дзвіны, Дняпра, Нёмана, Бярэзіны. Сваімі выгінамі, паваротамі яны зачароўваюць гледача і вядуць за сабой у нязведаную, загадкавую даль.

Уладзімір Масленікаў вядомы таксама як таленавіты партрэтыст. У гэтым жанры ён праявіў сябе наглядальнікам і тонкім псіхолагам. На партрэтах мастака - людзі, якіх ён добра ведае і любіць. Ён заўсёды паказвае ў сваіх мадэлях самыя лепшыя якасці. Яго партрэтная галерэя пастаянна папаўняецца новымі цудоўнымі вобразамі сучаснікаў.

Уладзімір Масленікаў нарадзіўся ў 1956 годзе ў Мінску. У 1980-м скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Працуе ў станковым жывапісе ў жанры пейзажа, партрэта, нацюрморта. Член саюза мастакоў з 1989 года. З 1996 па 2014 год прыняў удзел у 18 міжнародных пленэрах па жывапісе. Правёў 9 персанальных выстаў. З 2011-га - загадчык кафедры жывапісу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, прафесар. У 2012-м узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

Яго творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В.Масленікава, Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Гомельскім абласным краязнаўчым музеі, а таксама ў прыватных галерэях і калекцыях у Расіі, Беларусі, Італіі, Германіі, ЗША, Ізраіля, Францыі, Швейцарыі, Вялікабрытаніі, Кітая.

Выстава будзе працаваць да 24 красавіка.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі