У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Прэс-цэнтр
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

18 Ліп 2018

Бязвіз, перагаворы з ЕС і страта пашпарта - аб чым пытаюцца ў беларускага МЗС у Facebook

18 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства замежных спраў Беларусі 18 ліпеня правяло ў Facebook консульскі дзень, паведамляе БЕЛТА.

Знешнепалітычнае ведамства адказала на пытанні, што хвалююць беларускіх турыстаў і грамадзян, якія пражываюць за мяжой.

Аб спрашчэнні візавага рэжыму з Еўрапейскім саюзам

"Работа ідзе. Аднак гэта не аднабаковы працэс, для руху наперад неабходна воля абодвух партнёраў. Нашы падыходы, выказаныя ў тым ліку ў аднабаковым рашэнні аб увядзенні пяцідзённага бязвізавага рэжыму для грамадзян краін ЕС, відавочны", - сказалі ў беларускім ведамстве.

У МЗС не сталі раскрываць дэталі перагавораў, але адзначылі, што еўрапейскія партнёры выстаўляюць шэраг умоў, якія ставяць беларускіх грамадзян у не вельмі камфортнае становішча. "Патрабаванне аб падачы дакументаў выключна праз візавыя цэнтры ў іх ліку. Над вырашэннем у тым ліку і гэтых праблемных аспектаў мы працуем сумесна з нашымі партнёрамі з ЕС. На наш погляд, няма аб'ектыўных прычын, якія перашкодзілі б нам знайсці ўзаемапрымальныя развязкі", - звярнулі ўвагу ў міністэрстве.

Што рабіць, калі згубіў пашпарт за мяжой або страціў усе грошы?

"У выпадку страты пашпарта першым крокам павінен стаць званок у беларускую дыпмісію і інфармаванне консульскага супрацоўніка аб здарэнні. На сайце нашых пасольстваў пазначаны тэлефон экстраннай сувязі. Консулы ў сваёй рабоце актыўна выкарыстоўваюць і Viber, і WhatsApp, таму магчымасць звязацца з імі ў грамадзян ёсць", - адзначылі ў міністэрстве.

Затым трэба звярнуцца ў мясцовую паліцыю за атрыманнем даведкі, якая пацвярджае страту пашпарта. Гэта трэба рабіць абавязкова, акрамя тых выпадкаў, калі гэта аб'ектыўна немагчыма. "Па дарозе дадому ў выпадку магчымага спынення мясцовымі праваахоўнымі органамі (праверкі дакументаў/праходжання пашпартнага кантролю і да т.п.) наяўнасць афіцыйнага дакумента, які пацвярджае страту беларускага пашпарта, значна аблегчыць вашу камунікацыю з паліцыяй", - растлумачылі ў МЗС.

У выпадку страты пашпарта чалавек можа вярнуцца ў Беларусь па пасведчанні на вяртанне. Каб атрымаць гэты дакумент, неабходна асабіста падаць у пасольства Беларусі заяву на яго выдачу, дзве каляровыя фатаграфіі заяўніка, якія адпавядаюць яго ўзросту, памерам 40х50 мм. Падрабязны пералік дакументаў на атрыманне пасведчання на вяртанне ёсць на ўсіх сайтах беларускіх дыпмісій.

За выдачу гэтага дакумента грамадзянам, старэйшым за 14 гадоў, у выпадку страты пашпарта прадугледжана аплата консульскага збору - 20 еўра. Пры наяўнасці важкіх прычын ад выплаты збору могуць вызваліць.

Калі беларускі турыст страціў за мяжой грошы і ў яго няма сродкаў нават на зваротны білет, у МЗС раяць звяртацца ў беларускую дыпмісію ў краіне інцыдэнту або ў выпадку яе адсутнасці - у дыпмісію Расіі. Адначасова сваякі або сябры пацярпелага, якія знаходзяцца ў Беларусі, могуць звяртацца ў галоўнае консульскае ўпраўленне МЗС (+375172222665, +375172222666, +375172222676) або ў начны час да дзяжурнага па МЗС (+375173272922) - сітуацыю будуць вырашаць ужо ў ручным рэжыме сумеснымі намаганнямі.

Калі паміж Беларуссю і Тайландам будзе ўстаноўлены бязвізавы рэжым?

Гэта работа вядзецца. "Прапанаваны намі праект пагаднення знаходзіцца на разглядзе ў Бангкоку. Чакаем адказу", - праінфармавалі ў МЗС. Цяпер паміж краінамі дзейнічае бязвізавы рэжым для ўладальнікаў дыпламатычных і службовых пашпартоў.

Аб складанасцях вырашэння консульскіх пытанняў у Іарданіі

У МЗС запэўнілі, што міністэрства ўвесь час праводзіць работу па паляпшэнні доступу грамадзян Беларусі да консульскіх паслуг і аказанні ім консульскага садзейнічання. "На стадыі фінальнай прапрацоўкі знаходзіцца пытанне аб адкрыцці офіса новага ганаровага консула Рэспублікі Беларусь у Іарданіі. Спадзяёмся, што работа з грамадзянамі Беларусі будзе праводзіцца на больш кампетэнтным узроўні", - адзначылі ў ведамстве.

У які тэрмін замежныя пагранічнікі або мытнікі павінны інфармаваць беларускі бок аб затрыманні грамадзяніна Беларусі?

У гэтым пытанні ў МЗС спасылаюцца на арт. 36 Венскай канвенцыі 1963 года аб консульскіх зносінах. У ёй гаворыцца, што "кампетэнтныя органы дзяржавы знаходжання павінны неадкладна паведамляць консульскай установе прадстаўляемай дзяржавы аб тым, што ў межах яе консульскай акругі нейкі грамадзянін гэтай дзяржавы арыштаваны, змешчаны ў турму або ўзяты пад варту ў чаканні судовага разбору, або затрыманы ў якім-небудзь іншым парадку, калі гэты грамадзянін гэтага запатрабуе".

"На практыцы з-за розных прычын атрымліваецца па-рознаму. З шэрагам дзяржаў, як, напрыклад, Расія, Украіна, Польшча, В'етнам, заключаны двухбаковыя консульскія канвенцыі, дзе ўжо канкрэтна прапісана, на працягу якога часу павінна ажыццяўляцца інфармаванне аб інцыдэнце, што адбыўся. У выпадку з Польшчай, у прыватнасці, гэты тэрмін складае не больш як тры дні", - заўважылі ў ведамстве.

Пры гэтым у МЗС звярнулі ўвагу, што далёка не ўсякае затрыманне падпадае пад дзеянне канвенцыі. "Калі, напрыклад, пагранічнікі вывелі вас з агульнай чаргі, правялі з вамі гутарку аб мэтах і абставінах паездкі і прынялі рашэнне забараніць уезд і дэпартаваць, то гэта не затрыманне паводле сэнсу канвенцыі, аб ім нашага консула ніхто інфармаваць не абавязаны. Толькі сам грамадзянін мае права патэлефанаваць консулу і паведаміць аб здарэнні", - растлумачылі ў міністэрстве.

У МЗС перыядычна паступае інфармацыя аб тым, што мясцовыя праваахоўныя органы ініцыятыўна прапануюць затрыманаму грамадзяніну Беларусі не інфармаваць беларускую дыпмісію або прапануюць падпісаць дакумент на мове краіны знаходжання, дзе адным з пунктаў можа стаяць адмова ад інфармавання пасольства Беларусі аб затрыманні. "У сувязі з гэтым яшчэ раз звяртаем увагу: знаходзячыся за мяжой, не падпісвайце дакументы, сэнс якіх вам не зразумелы. Помніце, што ў выпадку якога-небудзь інцыдэнту нашы грамадзяне маюць поўнае права настойваць на неадкладным інфармаванні беларускай дыпмісіі аб здарэнні", - параілі ў ведамстве.

Калі ў Беларусі плануецца падоўжыць тэрмін бязвізавага рэжыму для іншаземцаў да 10 дзён?

"Гэта тэма вельмі актуальная. Цяпер на фінальнай стадыі знаходзіцца адпаведны праект указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб падаўжэнні тэрміну знаходжання замежных грамадзян на тэрыторыі нашай краіны, якія прыбываюць цераз пагранічны пункт пропуску "Нацыянальны аэрапорт Мінск", - адказалі ў МЗС.

У міністэрстве дадалі, што на працягу апошніх гадоў Беларусь актыўна праводзіць работу па лібералізацыі візавага рэжыму. "У аддаленай перспектыве не выключаецца бязвізавы ўезд праз наземныя пункты пропуску. У многім гэта будзе залежаць ад далейшага пераабсталявання наземных пунктаў пропуску і павелічэння іх колькасці", - адзначылі ў ведамстве.

Як будзе дзейнічаць бязвізавы рэжым у Беларусі ў час II Еўрапейскіх гульняў?

Як расказалі ў ведамстве, плануецца, што бязвізавы рэжым у час II Еўрапейскіх гульняў будзе аналагічны дзеючым у Беларусі правілам у час правядзення ў 2014 годзе чэмпіянату свету па хакеі. Прыязджаць без візы ў Беларусь можна будзе пры наяўнасці білета на спаборніцтвы, дзеючага дакумента для ўезду і страхоўкі.

"Плануецца, што бязвізавы ўезд будзе ўведзены за 10 дзён да пачатку спаборніцтваў і будзе дзейнічаць 10 дзён пасля іх заканчэння. Наяўнасць білета дасць магчымасць праехаць праз Расійскую Федэрацыю без віз", - звярнулі ўвагу ў МЗС.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс
Еўрапейскія гульні-2019 у Мінску