Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

31 Dec 2020

Беражліва захоўваючы традыцыі продкаў - віцебскі цэнтр народнай творчасці атрымаў спецпрэмію Прэзідэнта

Беражліва захоўваючы традыцыі продкаў - віцебскі цэнтр народнай творчасці атрымаў спецпрэмію Прэзідэнта

31 снежня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Віцебскаму абласному метадычнаму цэнтру народнай творчасці (ВАМЦНТ) прысуджана спецыяльная прэмія дзеячам культуры і мастацтва, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Калектыў цэнтра адзначаны спецпрэміяй Прэзідэнта за выдатныя дасягненні ў справе захавання гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, адраджэнне традыцыйнай тэхналогіі вырабу гліняных цацак Аршанскага Падняпроўя і Віцебскага Падзвіння. У іх уваходзяць Бешанковіцкі, Віцебскі, Сенненскі, Дубровенскі, Аршанскі, Полацкі і Лёзненскі раёны.

Распрацоўкі па тэме гліняных свістулек вяліся ў метадычным цэнтры даўно, але найбольш грунтоўна пачалі займацца гэтай тэмай пяць гадоў таму. На фестывалі "Дняпроўскія галасы" ў Дуброўне ў 2015 годзе правялі конкурс традыцыйнай свістулькі "Салавейка". Менавіта ў гэтым раёне ў сярэдзіне ХХ стагоддзя жыла і стварала свае работы Ганна Марачова. Яе цацкі-свістулькі захоўваюцца ў фондах музеяў Беларусі і Расіі. Мясцовыя майстры вырашылі прадоўжыць справу і пачалі адраджаць традыцыю. Да гэтага далучыліся рамеснікі і з іншых раёнаў.

"Вялікі ўклад у адраджэнне свістулек унесла вядучы метадыст нашага цэнтра, кандыдат мастацтвазнаўства Людміла Вакар. У раёнах ёсць шмат добрых майстроў, але іх трэба накіроўваць у патрэбнае рэчышча, дапамагаць працаваць з навуковай інфармацыяй па гісторыі і традыцыях, натхняць. Гэтым і не толькі займаецца Людміла Уладзіміраўна, унікальны спецыяліст", - адзначыла дырэктар абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Кацярына Лабука.

У цацак кожнага рэгіёна ёсць свае асаблівасці, але ў цэлым беларускія свістулькі вызначаюцца архаічнасцю і нясуць у сабе міфалагічную аснову. "Па сутнасці, гэта наша міфалогія ў класічных вобразах. Самы старажытны - жаночы. Свістулькі былі таксама татэмам, іх прыносілі ў ахвяру, паступова гэту функцыю яны страцілі. Але з абрадамі вясенне-летняга цыкла свістулькі звязаны цесна, яны выкарыстоўваліся, каб быў добры ўраджай", - адзначыла Людміла Вакар.

У кастрычніку бягучага года тэхналогію стварэння гліняных народных цацак Аршанскага Падняпроўя і Віцебскага Прыдзвіння ўнеслі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Свістулькі вылучаюцца сваёй вобразнасцю - яны могуць быць у выглядзе жанчыны, кавалера і дамы, гарманіста і конніка, камедыянта на свінні, каня, сабакі, птушкі, качкі, ягняці. Ёсць таксама свістулькі, у якія наліваюць ваду для надання ім асаблівага гучання.

Носьбітамі народнага мастацтва стварэння глінянай цацкі з'яўляюцца некалькі майстроў Віцебскай вобласці. Гэта Алеся Аўчыннікава з Бешанковіч, Вольга Аляксеева і Людміла Чарвінская з Дубровенскага раёна, Уладзімір Квашко з Сянно, Алеся Сарбаш з Віцебскага раёна, Таццяна Шынкарова з Оршы, Ірына Варона з Лёзненскага раёна і Кацярына Зяленская з Полацка.

Таленавіты майстар, дырэктар Бешанковіцкага раённага Дома рамёстваў Алеся Аўчыннікава займаецца глінянымі цацкамі далёка не першы год. Усё пачалося з таго, што яна знайшла ў сябе ў агародзе свістульку ў выглядзе баранчыка.

Але самай цікавай знаходкай стаў "волат". Артэфакт знайшоў у Заходняй Дзвіне побач з аграгарадком Ула Бешанковіцкага раёна мясцовы краязнавец, свістулька знаходзіцца ў яго калекцыі. Яе ўзрост - каля паўстагоддзя. "Мы называем яго "ульскім чалавечкам". Краязнавец паказаў мне яго, і я зрабіла копію, якая цяпер знаходзіцца ў нашым Доме рамёстваў. Такі выраб з гліны антрапаморфнай формы - рэдкасць", - падзялілася Алеся Аўчыннікава.

Яшчэ адзін майстар ёсць у Віцебскім раёне. Алеся Сарбаш свістулькамі займаецца каля двух гадоў. У свой час убачыла ў кнізе Міхаіла Ржавуцкага фота гліняных цацак XVII стагоддзя, знойдзеных пры раскопках у Віцебску. "Спачатку паспрабавала для сябе іх зрабіць. Атрымалася. І мяне зацікавіла. Потым у наш раённы цэнтр рамёстваў прынеслі свістульку XIX-XX стагоддзяў, якую знайшлі на беразе ракі Вымнянка. Там некалі была арцель, дзе ў асноўным рабілі посуд, але часам і дзіцячыя цацкі", - расказала Алеся Сарбаш. Адна з яе фішак - выраб свістулек "малец". Гэта папулярнае ў Віцебскай вобласці дыялектнае слова, у рускай мове яму адпавядаюць словы "парень", "мальчик".

Гліняныя свістулькі вырабляюць трыма спосабамі: "на палец", "на палачку" і "пельмень". Кацярына Лабука ўпэўнена, што такая цацка можа стаць беларускім брэндам. "Продкі выкарыстоўвалі яе не толькі як цацку, але і як абярэг. Гэта добры беларускі сувенір, які будзе цікавы турыстам", - адзначыла яна.

У будучым цэнтр народнай творчасці хацеў бы набыць муфельную печ і стварыць майстэрню. У цэнтры працуе малады спецыяліст, майстар па кераміцы Таццяна Лапкова, якая вывучае віцебскую свістульку. "У напрамку гліняных цацак будзем развівацца далей, таму што ёсць яшчэ аўтарская свістулька, а гэта вялікае поле для работы і фантазіі майстроў. Хацелі б стварыць разнастайныя калекцыі", - сказала кіраўнік установы.

Абласны метадычны цэнтр народнай творчасці ў 2021 годзе мае намер зноў правесці конкурс гліняных свістулек і цацак "Забава". Пройдзе ён у час "Славянскага базару ў Віцебску". У Дуброўне ж наступным летам плануюць арганізаваць пленэр майстроў.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі