23 верасня, Масква /Кар. БЕЛТА/. Беларускае тэлеграфнае агенцтва прэзентавала выставу "Лёсы, складзеныя ў трохкутнік" у рамках правядзення канцэрта-рэквіема "Кожны трэці" ў Крамлёўскім палацы ў Маскве, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Фотавыстава "Лёсы, складзеныя ў трохкутнік" заснавана на аднайменным сумесным інтэрнэт-праекце БЕЛТА і Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Праект расказвае пра лёсы загінулых і тых, хто прайшоў усю вайну, праслаўленых і самых звычайных - праз асабістыя пісьмы таго перыяду, паштовыя карткі, паштоўкі, адпраўленыя з агнявых рубяжоў родным, архіўныя фотаздымкі.
Прэзентацыя прайшла ў інтэрактыўным фармаце. Юнакі з салдацкімі трохкутнікамі ў руках прыцягвалі сваім выглядам наведвальнікаў канцэрта, а работнікі "Пошты Расіі" прапаноўвалі ўсім жадаючым адправіць пісьмы па Беларусі і Расіі. Хтосьці перадаваў добрую вестку родным, хтосьці пісаў сваім каханым, можна было адправіць пісьмо і самому сабе.
Таццяна Уладзіміраўна не першы раз на такім канцэрце. "У кожнай сям'і загінулі людзі ў гэтай страшнай вайне. У нашай сям'і загінула сем чалавек - у дзядулі з бабуляй было дзевяць дзяцей. Сёння мы ўспамінаем іх подзвігі і шануем іх памяць", - сказала яна.
Кацярына Прымаленная, напісаўшы пісьмо сваёй дачцэ, расказала, што яе галоўнае пажаданне - мірнае неба над галовамі дзяцей. "Гэта я напісала ў канверце-трохкутніку сваёй дачцэ. Пажадала ёй мірнага неба, шчасця. Мы шчаслівыя ўжо ад таго, што мы ёсць. Трэба гэта помніць і даражыць гэтай бясцэннай памяццю", - упэўнена яна.
Такія мерапрыемствы можна назваць інтэрактывам з гледачом па-сучаснаму, але гендырэктар БЕЛТА Ірына Акуловіч падкрэсліла, што такія праекты хутчэй мосцік у часе.