У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Прэс-цэнтр
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

6 Стд 2016

Беларусы вырваліся на сёмае месца на слізкім этапе "Дакара"

6 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Арганізатары ралі-рэйду "Дакар", нягледзячы на праліўныя дажджы, усё ж дазволілі гоншчыкам закончыць трэці этап. Экіпаж каманды "МАЗ-СПОРТаўта" пад кіраўніцтвам Сяргея Вязовіча фінішаваў на 7-м месцы, паведаміў БЕЛТА партнёр каманды.

Заезд праходзіў у няпростых умовах: дажджавой вадой заліло частку трасы, а многія аўтамабілі проста заселі ў гразі. Цяжкасці ўзніклі нават у экіпажаў каманды "КАМАЗ-майстар", шматразовых трыумфатараў ралі-рэйду "Дакар". МАЗам пашанцавала больш: гоншчыкі ехалі спакойна, стараючыся акуратна праходзіць патэнцыяльна небяспечныя ўчасткі.

"Усе беларускія экіпажы пераадолелі спецучастак без сур'ёзных праблем. Траса была вельмі слізкай, многае залежала ад навыкаў пілотаў і шчаслівага збегу абставін. Гоншчыкі стараліся не рвацца наперад, ехалі хоць і хутка, але вельмі асцярожна. І гэта тактыка сябе апраўдала: многім аўтамабілям давялося выбірацца з гразевых пастак, якія ўтварыліся пасля праліўных дажджоў", - адзначылі ў камандзе.

МАЗ Сяргея Вязовіча праехаў трасу за 1 гадз 46 мін. Лепшы час на этапе паказаў чэх Марцін Коламы, якому беларускі экіпаж прайграў 3 мін 35 сек. У агульным заліку беларусы апынуліся на 11-м месцы, адстаючы ад лідара гонкі - галандца Ханса Стэйсі - амаль на 20 мін. Адставанне было б меншым, калі б арганізатары марафону не налічылі "зубрам" штрафныя 6 мін 30 сек за перавышэнне скорасці. Інцыдэнт адбыўся на папярэднім этапе, калі экіпажам трэба было за кароткі час дабрацца да старту спецучастка па незнаёмай мясцовасці.

Экіпаж Аляксандра Васілеўскага таксама фінішаваў удачна - на 24-м месцы. На спецучастку гоншчыкі правялі 1 гадз 58 мін, адстаўшы ад пераможцы заезду прыкладна на 15 мін 27 сек. У агульным заліку МАЗ размясціўся на 22-м месцы. Ад галандца Ханса Стэйсі яго аддзяляе амаль 40 мін.

"Хуткая тэхнічка" пад кіраваннем Уладзіміра Васілеўскага прыехала на фініш трэцяга этапу на 29-м месцы. Спецучастак МАЗ пераадолеў за 2 гадз 3 мін, адстаўшы ад пераможцы заезду на 20 мін 28 сек. У генеральнай класіфікацыі экіпаж замацаваўся на 31-й пазіцыі, прайграючы лідару гонкі больш за гадзіну.

Сёлетні "Дакар" праходзіць у няпростых умовах надвор'я. Першы этап адмянілі з-за праліўных дажджоў і практычна нулявой бачнасці, а другі спецучастак скарацілі на 123 км. З-за капрызаў надвор'я марафон мог пазбавіцца яшчэ аднаго этапу, але экіпажам усё ж дазволілі скончыць заезд.

Уладальнікам беларускай каманды выступае Мінскі аўтазавод, партнёрам - Альфа-Банк (Беларусь). Ралі-рэйд "Дакар-2016" праходзіць па тэрыторыях дзвюх краін - Аргенціны і Балівіі. Пачалася гонка 3 студзеня ў Расарыа, а завершыцца 16 студзеня ў тым жа горадзе. За гэты час гоншчыкам трэба праехаць амаль 9 тыс. км ва ўмовах бездарожжа, высакагор'я, камяністых участкаў, каньёнаў, саланчакоў, пясчаных дзюн і барханаў.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс
Еўрапейскія гульні-2019 у Мінску