Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

11 Чэр 2024

Беларускія вучоныя за год распрацавалі дзевяць клетачных прадуктаў для лячэння розных захворванняў

Беларускія вучоныя за год распрацавалі дзевяць клетачных прадуктаў для лячэння розных захворванняў
Фота з архiва

11 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Усяго ў краіне зарэгістравана 16 біямедыцынскіх клетачных прадуктаў, з іх сем - нашы распрацоўкі. А за апошні год мы распрацавалі яшчэ дзевяць клетачных прадуктаў для лячэння самых розных захворванняў. Ідзе працэс іх дзяржаўнай рэгістрацыі. Такой інфармацыяй у час прэс-канферэнцыі "Дасягненні беларускай навукі ў галіне біятэхналогій: актуальныя распрацоўкі і іх практычнае прымяненне" падзяліўся дырэктар Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Андрэй Ганчароў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы з'яўляемся адной з вядучых арганізацый краіны ў галіне распрацоўкі і прымянення біямедыцынскіх клетачных прадуктаў. Мы маем як лабараторныя комплексы, так і аддзяленні клетачнай тэрапіі, дзе клетачныя прадукты непасрэдна выкарыстоўваюцца для лячэння пацыентаў", - удакладніў Андрэй Ганчароў.

Сумесна з арганізацыямі Міністэрства аховы здароўя вучоныя Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі распрацавалі метады лячэння цяжкіх захворванняў з выкарыстаннем клетачных прадуктаў. У пераліку - рак ныркі і мачавога пузыра, цукровы дыябет І тыпу, сістэмны склероз, дэфекты касцей і не толькі. "Гэта тыя метады тэрапіі, якія паказаны пацыентам у выпадку неэфектыўнасці стандартнай тэрапіі па клінічных пратаколах", - дадаў вучоны.

Апошнія некалькі гадоў супрацоўнікі Інстытута, акрамя распрацоўкі біямедыцынскіх клетачных прадуктаў, шмат часу ўдзяляюць вірусалогіі. Менш як год таму ў Інстытуце біяфізікі і клетачнай інжынерыі быў адкрыты Цэнтр эксперыментальнай вірусалогіі, дзе даследчыкі працуюць над стварэннем вакцын. Нягледзячы на ​тое, што з'явіўся цэнтр не так даўно, ён ужо вызначыўся двума значнымі дасягненнямі: на яго базе была створана вакцына супраць грыпу, а таксама платформа на аснове адэнавірусаў для распрацоўкі самых розных вакцын, якія прымяняюцца ў медыцыне і ветэрынарыі.

"Мы прадаўжаем працаваць над айчынным варыянтам вакцыны супраць грыпу. Ужо гатовы першыя прататыпы вакцын супраць сезоннага грыпу і супраць грыпу H5N1. Цяпер наша работа набыла асаблівую актуальнасць, паколькі чакаецца, што ў будучым свет накрые пандэмія, верагодней за ўсё, пандэмія грыпу, - мяркуе Андрэй Ганчароў. - У Злучаных Штатах хуткімі тэмпамі распаўсюджваецца вірус H5N1 - выпадкі заражэння зафіксаваны ў дзевяці штатах. Захворваюць людзі і жывёлы. Калі раптам адбудзецца мутацыя віруса або яго рэкамбінацыя з іншымі вірусамі, то ў выніку мы можам атрымаць пандэмію, якая па ступені ўплыву на эканоміку і жыцці людзей будзе нават больш разбуральнай, чым эпідэмія COVID-19. У сувязі з гэтым супрацоўнікі інстытута ўдзяляюць самую пільную ўвагу распрацоўцы вакцыны".

Акрамя таго, як адзначалася, вучоныя Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН шукаюць падыходы да стварэння вакцын на аснове адэнавірусных вектараў, што дасць магчымасць распрацоўваць лякарствы супраць практычна любых захворванняў. Такія вакцыны, паводле чаканняў стваральнікаў, будуць вызначацца высокай імунагеннасцю і хуткасцю распрацоўкі.

Развіццё біятэхналогій у Беларусі дэманструе прарыўныя адкрыцці, перш за ўсё ў аграрным сектары і ахове здароўя. У прыватнасці, у Нацыянальнай акадэміі навук арганізаваны вытворчасці інавацыйных біяпрэпаратаў шырокага пераліку: для павышэння ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур, нарыхтоўкі кармоў, прафілактыкі і лячэння жывёл, ачысткі сцёкавых вод. У сферы аховы здароўя створаны вытворчасці айчынных лекавых прэпаратаў, заснаваных на ўласных тэхналогіях ферментнага сінтэзу злучэнняў з проціпухліннай і імунастымулюючай актыўнасцю.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі